Яны ды іншыя хатнія гадаванцы становяцца адданымі спадарожнікамі і сапраўднымі сябрамі, як толькі трапляюць у сям’ю, дзе пра іх клапоцяцца. Аддаючы сваю ласку і любоў гаспадарам, яны заслугоўваюць быць абароненымі. І, насамрэч, менавіта ад чалавека і яго адказнасці залежыць, якой будзе якасць жыцця братоў нашых меншых, ці не застануцца яны ўзімку на вуліцы, ці не змерзнуць...
Сусветны дзень абароны жывёл, які адзначаецца 4 кастрычніка, — нагода звярнуць увагу на тых, хто асабліва мае патрэбу ў нашай дапамозе. Штогод тысячы сабак і катоў апынаюцца на вуліцы, пазбаўляюцца ежы і цяпла. Многія з іх, некалі любімыя гадаванцы, не могуць адаптавацца да жыцця без чалавека.
Гаспадары павінны адчуваць адказнасць, якую яны бяруць на сябе, калі заводзяць ката або сабаку, нагадала старшы выкладчык кафедры ўнутраных незаразных хвароб Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Ганна СЕЛІВАШКА. «Большасць з іх апынаюцца на вуліцы, таму што гаспадарам надакучыла новая цацка. Заводзячы жывёл для забавы, некаторыя забываюць, што пра іх трэба клапаціцца. У выніку гадаванцы, якія апынуліся на вуліцы, або гінуць, таму што не прыстасаваныя да жыцця ў такіх умовах, або папаўняюць шэрагі бяздомных жывёл».
Такія выпадкі, на жаль, нярэдкасць, таму, па словах спецыяліста, неабходна з ранніх гадоў выхоўваць у дзецях маральнае, гуманнае стаўленне да жывёл. Галоўным выхаваўчым фактарам з’яўляецца прыклад бацькоў дзіцяці і іншых дарослых. У цывілізаваным грамадстве, сярод якога мы знаходзімся, жорсткасць у адносінах да жывёл увогуле недапушчальная.
За дзесяць месяцаў у параўнанні з папярэднімі гадамі павялічылася колькасць пунктаў часовага ўтрымання жывёл.
Аб гэтым расказала намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі МЖКГ Надзея СЯЎРУК. «Разам з тым практычна ў два разы зменшылася колькасць жывёл, якіх неабходна адлавіць, — расказала спецыяліст. — Лічбы сведчаць, што колькасць безнаглядных жывёл у краіне паступова скарачаецца».
Магчыма, прычына гэтай абнадзейлівай тэндэнцыі ў тым, што сёлета ў краіне ўступіў у сілу Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Ён прадугледжвае адказнасць за жорсткасць і абыякавасць да братоў нашых меншых аж да крымінальнай. На некаторых гэта дзейнічае больш эфектыўна, чым заклікі да міласэрнасці і сумлення.
Аксана ДАВЫДЗЕНКА, старшыня Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый, дадала, што адлоў жывёл — гэта вымушаная мера: «Мы заўсёды задаём грамадзянам адно і тое ж пытанне: чые гэта жывёлы?» Калі ласка, не выкідвайце сваіх гадаванцаў, не дапускайце іх бескантрольнага размнажэння і самавыгулу!
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД