Top.Mail.Ru

Кірмаш вакансій для пажылых і інвалідаў сабраў дзясяткі сталічных работадаўцаў і сотні суіскальнікаў

03.10.2025 | 12:00
Занятасць без меж

Калі чалавек выходзіць на пенсію або сутыкаецца з інваліднасцю, то часта аказваецца як бы на ўзбочыне: апроч заробку губляецца адчуванне ўласнага месца ў грамадстве, магчымасць быць запатрабаваным і карысным. Таму і рыхтуюцца кірмашы вакансій, якія садзейнічаюць працаўладкаванню грамадзян пенсіённага ўзросту і інвалідаў. Удзельнікі мерапрыемства, арганізаванага Мінгарвыканкамам у гандлёвым цэнтры «Сталіца», — транспартныя арганізацыі, прадпрыемствы прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу Мінска — выступілі са шматлікімі прапановамі. Каля 40 наймальнікаў прадставілі на кірмашы каля 2000 прапаноў. Карэспандэнты «Звязды» накіраваліся на мерапрыемства, каб даведацца, якую работу прапаноўвалі, а якую шукалі.

У цане — шматгадовы досвед

«Сёння працаўладкаванне не адбудзецца, але можна дамовіцца аб паўторнай кансультацыі або суразмоўі. Звычайна тыя, хто прыходзіць на такія мерапрыемствы, знаходзяць працу на працягу двух-трох тыдняў, — адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці 

і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Таццяна КУДЗЕВІЧ. — Усё залежыць ад жадання і матывацыі. Па статыстыцы прыкладна кожны трэці ўдзельнік, калі праяўляе належную актыўнасць, уладкоўваецца на працу».

Прычым большасць работадаўцаў — дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы, якія шукаюць вопытных, адказных і матываваных спецыялістаў. Начальнік аддзела кадраў інструментальна-штампавага завода МАЗ Аляксандр КАРЦЕЛЬ расказаў: «Вытворчасць у нас спецыфічная: цэніцца досвед, без якога немагчыма стаць сапраўдным спецыялістам. Шлях да прафесіі доўгі і складаны, далёка не кожны гатовы яго прайсці. На канвееры ўсё значна прасцей: некалькі разоў паказаў, як трэба рабіць, і чалавек ужо можа стаяць на лініі і выконваць адну і тую ж аперацыю. А ў слесара-інструментальшчыка задачы шматгранныя, работа патрабуе рэдкіх ведаў і навыкаў. Таму наша прадпрыемства прадстаўлена сёння тут, на кірмашы вакансій. Мы прапануем працаўладкаванне людзям „сярэбранага“ ўзросту. Дарэчы, на нашым заводзе сёння працуе каля 600 чалавек. З іх 23 % — гэта пенсіянеры. Для параўнання — моладзі да 30 гадоў — усяго 19 %».

Мінскі метрапалітэн, у сваю чаргу, гатовы прапанаваць каля 200 вакансій: «Сярод найбольш запатрабаваных — манцёр пуці, абліцоўшчык-плітачнік, маляр. Гэтыя прафесіі часцей выбіраюць мужчыны, а жанчыны, як правіла, цікавяцца вакансіямі прыбіральшчыка памяшканняў або станцый. Мы адкрыты для суіскальнікаў любога ўзросту, у тым ліку „сярэбранага“. Для нас гэта не вызначальны фактар, — падзяліўся намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і агульных пытаннях Дзмітрый ЮРЦЭВІЧ. — Прапануем годную заработную плату, дагавор з добрым сацпакетам, у тым ліку для пенсіянераў».

І падтрымаюць, і пракансультуюць

Для зручнасці ўдзельнікаў кірмаш быў падзелены на тэматычныя секцыі па мэтавых групах. У секцыі пад назвай «Занятасць без меж!» праходзілі кансультацыі для людзей з інваліднасцю, а «Пачніце сваю справу з нашай падтрымкай!» прысвяцілі ахвотным атрымаць субсідыю на запуск уласнага бізнесу. Для тых, хто пакуль знаходзіцца ў пошуках сябе, працавалі секцыі «Прафесійная самарэалізацыя» і «Праца шукае вас!» Галоўнае — усе паслугі прадастаўляліся бясплатна: кожны жадаючы мог пагаварыць з прадстаўнікамі кампаній, задаць пытанні, удакладніць умовы працы і памер зарплаты, тым самым скарыстацца рэдкай магчымасцю напрамую даведацца аб вакансіях, абыходзячы сухія фармулёўкі на сайтах і ў аб’явах. Таксама ў рамках мерапрыемства спецыялісты Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне растлумачылі заканадаўчыя тонкасці: якая фінансавая падтрымка належыць беспрацоўным, якія правы мае пенсіянер, ці можна атрымаць субсідыі на адкрыццё ўласнага бізнесу. Удзельнікі мелі магчымасць задаць пытанні і тут жа атрымаць на іх дакладныя адказы. Нямала ўвагі аддалі і неабходным для працаўладкавання навыкам: складанню рэзюмэ, каб яно не згубілася ў электронных базах і зрабіла ўражанне на работадаўцаў, карыстанню інфармацыйным парталам дзяржаўнай службы занятасці.

Па такую кансультацыю прыйшла і Людміла РАМАНАВА, якая жадае знайсці працу сакратаром ці адміністратарам: «З работы сышла часова, а цяпер прыйшла шукаць новае месца. Ніколі б не падумала, што тэлефанаваць работадаўцам і прапаноўваць сваю кандыдатуру не так проста. Тое ж самае з інтэрнэт-платформамі: я ўжо сутыкалася з адмовамі тры ці чатыры разы. Думаю, прычына ва ўзросце: у рэзюмэ бачаць дату нараджэння і далей нават не чытаюць. Фатаграфію таксама ўспрымаюць з падазрэннем: маўляў, зроблена шмат гадоў таму, — падзялілася жанчына. — Цяпер мне страшна адгукацца на вакансіі ў інтэрнэце. Думаю, кірмаш у гэтым пытанні зручнейшы: можна адразу пагаварыць з людзьмі, даведацца, у чым будзе заключацца работа, якія прапаноўваюцца ўмовы».

З гэтым згодная і Галіна ВАШКЕВІЧ, якая прыйшла сюды ў пошуках падпрацоўкі: «Даведалася пра гэты кірмаш вакансій і вырашыла паспрабаваць. Дома сумна сядзець, асабліва цяпер, калі дні кароткія. Хочацца і сярод людзей пабываць, і крыху падзарабіць. Я 46 гадоў прапрацавала ў цырульні, потым уладкавалася гардэробшчыцай. Але гэта сезонная праца — у маі ўсё зачынілася, і зараз я зноў шукаю нешта прыдатнае».

Жаданне працаваць не мае ні тэрміну даўнасці, ні іншых абмежаванняў, сведчаннем чаго і стаў кірмаш вакансій. Яго наведвальнікі сышлі з новымі надзеямі, а работадаўцы — з разуменнем: сярод усіх слаёў насельніцтва нямала адказных і матываваных людзей, зацікаўленых у працаўладкаванні. Акрамя таго, падобныя мерапрыемствы — магчымасць грамадства не губляць вопыт і веды тых, хто хоча і можа, нягледзячы на ўзрост. І калі дзякуючы кірмашу хоць бы адзін чалавек знойдзе сваё месца, значыць, мэта дасягнута, а ініцыятыву неабходна працягваць і развіваць далей.

Аміна Назарава

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю