Што вызначае працягласць нашага жыцця? У якой ступені мы можам кантраляваць і ўплываць на яе? Ці ўсё залежыць ад генетыкі? Якія даследаванні правялі сярод доўгажыхароў вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук? Высвятляем з дапамогай эксперта.
Прыбавіць 10-20 гадоў? Можна!
Як вядома, на нашай планеце існуюць так званыя блакітныя зоны — рэгіёны з анамальна высокай колькасцю доўгажыхароў. Напрыклад, адзін з іх — востраў Сардзінія ў Італіі, дзе (пераважна ў сельскай мясцовасці) жыве вялікая колькасць людзей, якім больш за 100 гадоў. У многім гэта тлумачыцца тым, што яны шмат займаюцца цяжкай фізічнай працай, прытрымліваюцца спецыяльнай малочнай дыеты. Аднак у цэлым такіх зон у свеце некалькі — і ўсе яны адрозніваюцца кліматам, дыетай жыхароў і іх менталітэтам. Таму немагчыма адназначна адказаць на пытанне, што канкрэтна з’яўляецца вырашальным.
Сучасная навука абнадзейвае, што нашы гены сапраўды адыгрываюць важную ролю ў доўгажыхарстве, але яны вызначаюць усяго толькі каля 30 % працягласці жыцця.
— Гэта так званыя стартавыя ўмовы, з якімі мы нараджаемся. Аднак каб рэалізаваць атрыманы патэнцыял, важныя лад жыцця, фізічная актыўнасць, медыцынскія паслугі, харчаванне, сацыяльныя фактары. Калі ўсё гэта ўдала складваецца, працягласць жыцця можна павялічыць на 10-20 гадоў, — кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел МАРОЗІК. — Адпаведна генетыка дае нам інструкцыю, якую чалавек можа або рэалізаваць, або не — гэта вырашаць яму.
Што паказала даследаванне?
Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН даследаваў беларускіх доўгажыхароў — больш за 600 пажылых людзей, сярод якіх трэць былі старэйшыя за 90 гадоў. Вывучаўся не толькі генетычны склад, але і мікрабіём кішэчніка — як вядома, гэта тая нябачная армія мікраарганізмаў, што вызначае як наш імунітэт, так і шэраг іншых функцый. Былі выяўлены свае мікрабіялагічныя асаблівасці беларускіх доўгажыхароў. У некаторых з іх дамінавала бактэрыя акермансія. Яна ўжывае бялок муцын, адпаведна, зніжае рызыку запаленчых захворванняў у кішэчніку.
А запаленне, як вядома, з’яўляецца адным з асноўных рухавікоў старэння.
Акрамя таго, было даказана, што прабіётыкі і мадыфікацыя харчавання не толькі могуць падоўжыць жыццё, але і зніжаюць рызыку розных сацыяльна значных захворванняў. Былі выяўлены і канкрэтныя індывідуальныя гены і генетычныя маркеры, якія адказваюць за доўгажыхарства. Гэта генетычныя маркеры двух асноўных кірункаў: адны з іх асацыяваны са зніжэннем метабалічнай актыўнасці (як вядома, адзін са спосабаў падоўжыць жыццё лабараторных жывёл — знізіць каларыйнасць іх рацыёну, такія ж механізмы працуюць і для чалавека), іншыя — з узмацненнем клетачнай абароны, гэта значыць, стрэсаўстойлівасці, сістэм рэпарацыі, бо ўсё гэта ўплывае на індэкс масы цела, узровень халестэрыну, абмен рэчываў.
Адзін з выяўленых генаў — ген апаліпратэіна Е (APOE). Адзін з яго варыянтаў павялічвае рызыку хваробы Альцгеймера, а другі, наадварот, абараняе ад яе. І ад гэтага набору залежыць, будзе развівацца захворванне ці не. У цэлым вучоныя выявілі каля 10 розных генаў у беларусаў, якія асацыяваны з доўгажыхарствам.
Які маршрут да здароўя?
Па выніках даследавання ў інстытуце распрацаваны генетычны пашпарт доўгажыхароў. Гэта своеасаблівая інструкцыя, якая дапамагае чалавеку і яго ўрачу вызначыць індывідуальныя генетычныя рызыкі і выбраць аптымальны маршрут да здароўя. Ён уключае тры асноўныя кірункі. Першы — прафілактыка мультыфактарных захворванняў, бо ёсць шэраг генаў, якія павышаюць рызыку тых ці іншых хвароб. Другі раздзел — фармакагенетыка. Ён пра тое, як наш арганізм пераносіць лекавыя прэпараты. Аналіз генаў, што «адказваюць» за метабалізм лекаў, дазваляе выявіць устойлівасць ці адчувальнасць да прэпаратаў і правільна падабраць дазіроўку ці знізіць колькасць прэпаратаў, што прымаюцца. Трэці кірунак — нутрыгенетыка. Гэта індывідуальны падыход да харчавання, які грунтуецца на нашым ДНК. Ён паказвае, як арганізм рэагуе на тлушчы, бялкі, вугляводы, вітаміны. Карэктуючы харчаванне, можна распрацоўваць індывідуальную дыету, а гэта дазволіць пазбегнуць нават прыёму некаторых лекавых прэпаратаў.
Што раіць навука?
Як адзначыў Павел Марозік, з пункту гледжання генетыкі ў найбліжэйшы час такое істотнае падаўжэнне працягласці жыцця масава наўрад ці магчыма.
— Біялагічнае абмежаванне ніхто не адмяняў, але асобныя доўгажыхары пры ўдалым спалучэнні генаў, медыцыны, ладу жыцця ўжо сёння могуць дажываць да 120 гадоў і нават больш. Аднак галоўная мэта — не ў рэкордзе. Задача генетыкі і персанізаванай медыцыны — не проста павялічыць працягласць жыцця, а падоўжыць яе актыўным і здаровы перыяд, зрабіць так, каб чалавек і ў 80, і ў 90 гадоў заставаўся актыўны, з добрай памяццю, з магчымасцю падарожнічаць і радавацца жыццю. Адпаведна навука дае рэальны інструмент, каб гэта найбольш удала рэалізаваць, — падкрэсліў Павел Марозік.
Ён расказаў пра нядаўнюю навуковую працу іспанскіх вучоных, якія праводзілі даследаванне сваёй суайчынніцы. Жанчына памерла ў 116 гадоў без гісторыі анкалагічных і кардыялагічных хвароб. У яе былі выяўлены прыкметы вельмі сталага ўзросту: пакарочаныя целамеры, кланальнае кроваўтварэнне і інш. З іншага боку, яна валодала вельмі магутнымі абароннымі ўласцівасцямі. У яе выявілі вялікую колькасць унікальных генаў, якія амаль не сустракаюцца ў еўрапейскай папуляцыі. Акрамя таго, у жанчыны быў здаровы ліпідны профіль і амалоджаная кішэчная мікрабіёта з дамінаваннем супрацьзапаленчых бактэрый.
— Даследаванне паказала, што жанчына выйграла ў «генетычную латарэю», атрымала ўнікальны генатып і змагла яго ў далейшым рэалізаваць: дажыць да глыбокай старасці, — рэзюмаваў навуковец.
Алена КРАВЕЦ