Top.Mail.Ru

Даведаліся, хто і чаму выбірае няпросты, але пачэсны шлях

05.10.2025 | 14:02
«На ўрокі майго настаўніка заўсёды хацелася ісці...»

Аб тым, хто ён, сапраўдны настаўнік, адкуль педагогі чэрпаюць натхненне і каго ставяць сабе ў прыклад — у матэрыяле нашых карэспандэнтаў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Настаўнік павінен быць больш чым святым чалавекам у школе! Таму трэба зрабіць максімум у гэтым плане. І перш за ўсё вы павінны гэта зрабіць, вы (настаўнікі) павінны гэтага захацець, а мы (улада) павінны аказаць усялякую падтрымку. Настаўнік — чалавек Прэзідэнта. Таму 50 працэнтаў вашай нагрузкі — гэта мая нагрузка».

На Рэспубліканскім педагагічным савеце, 27 жніўня 2024 года

«Мае выкладчыкі сталі маімі калегамі»

Аіда Аліярава вучылася ў СШ № 11 імя генерала арміі А. І. Антонава г. Гродна. Гэтая ж установа стала яе першым працоўным месцам. Школьныя гады ўспамінае з вялікай цеплынёй. Асабліва ўрокі англійскай мовы, дзе выкладаў Андрэй Лобан. Здавалася б, яшчэ ўчора яны былі вучнем і настаўнікам, а сёння — калегі.

Дзякуючы гутарцы з Аідай Аліяравай і Андрэем Лобанам, змагла на свае вочы назіраць, што дабро і натхненне сапраўды перадаецца ад чалавека да чалавека і жыве далей. Настаўнік маладога педагога родам з Ліды. Ён з вялікім цяплом гаварыў пра сваю настаўніцу англійскай мовы, якая прывіла яму любоў да гэтага прадмета і, можна сказаць, вызначыла яго будучы лёс. «Наогул, я не планаваў станавіцца настаўнікам, таму што нарадзіўся ў сям’і ўрачоў. І ўсе думалі, што працягну справу бацькоў, але з хіміяй і біялогіяй у мяне неяк не задалося. Не, адзнакі былі выдатныя, школу скончыў з залатым медалём, але вось не ляжала душа. Англійскую мову ў мае школьныя гады пачыналі вучыць з 5 класа. Да самага выпускнога ў мяне быў адзін настаўнік — Тамара Львоўна Някрасава. Яна „заразіла“ мяне цікавасцю да мовы. Тады ж не было ні камп’ютараў, ні мультымедыйных тэхналогій. Што ўжо казаць, нават і падручнікаў толкам не было. Але кожны яе занятак быў вельмі цікавы. На кожным уроку ў нас быў жывы дыялог», — расказвае Андрэй Сяргеевіч.

У адзінаццатай гродзенскай школе ён працуе ўжо 20 гадоў. За гэты час падрыхтаваў мноства вучняў, і нямала з іх пайшлі па яго шляху. Сярод іх і Аіда Аліярава. Дзяўчына адзначае, што ёй заўсёды падабалася вучыцца, даведвацца пра новае. Таму яна ўдзельнічала ў алімпіядах, конкурсах і творчых праектах разам са сваім настаўнікам. «На ўрокі Андрэя Сяргеевіча заўсёды хацелася ісці. І не толькі мне, усім было цікава. Я з захапленнем назірала за тым, як ён працуе. Таму нядзіўна, што вырашыла прафесійна вывучаць англійскую мову, у гэтым выбары ён адыграў вялікую ролю. Але, як і мой настаўнік, першапачаткова я не бачыла сябе ў гэтай сферы. Але потым памяняла сваё меркаванне і канчаткова ўпэўнілася ў яго правільнасці, калі пачала працаваць. Цяпер я і выкладаю, і вяду класнае кіраўніцтва, і дакладна ведаю, што знаходжуся на сваім месцы»

Аіда Аліярава адзначыла, што вельмі любіць сваю родную школу. Калі дзяўчына шукала працу, то ўбачыла, што ёсць вакансія ў СШ № 11. Вырашыла вярнуцца ў родныя мясціны і паспрабаваць тут сябе ў ролі настаўніка. «Першы час было вельмі нязвычна выконваць ролю настаўніка ў роднай школе. Мае выкладчыкі сталі маімі калегамі, вельмі незвычайныя адчуванні. Не магла паверыць у тое, што я цяпер з імі ў настаўніцкай, а не ў класе, што мы з імі абмяркоўваем часопісы, расклад, а Андрэй Сяргеевіч вядзе англійскую ў маім класе. Але я заўсёды адчувала і адчуваю падтрымку ад сваіх старэйшых калег, адміністрацыя школы таксама заўжды побач. Так што ні разу не пашкадавала аб тым, што выбрала для працы родную школу».

Мае суразмоўцы адзначаюць, што прафесія настаўніка сапраўды вельмі годная і важная, бо шлях кожнага чалавека ў гэтым жыцці пачынаецца з навучання.

«Думаю, заходзячы ў клас, важна быць сабой. Імкнуцца зразумець дзяцей, быць з імі на адной хвалі, не баяцца выяўляцца. 

Бо калі вы не будзеце баяцца, то ім не страшна будзе ўдзельнічаць у конкурсах, адказваць, выступаць. Насамрэч для педагога вельмі важна, каб дзеці яму давяралі», — адказала Аіда Аліярава на пытанне, які ён — добры настаўнік.

Да разважання далучыўся Андрэй Лобан: «На мой погляд, добры настаўнік — гэта розны настаўнік. Ён, як ніхто іншы, праяўляе сябе ў разнастайных кірунках. Гэта не толькі падрыхтоўка да ўрока, але і навуковая праца, падрыхтоўка да алімпіяд. Я нават да песенных і прамоўніцкіх конкурсаў дапамагаю рыхтавацца...»

«Сюды хочацца вяртацца»

Вуцеўская сярэдняя школа Добрушскага раёна Гомельскай вобласці даўно вядомая далёка не толькі за межамі раёна, вобласці, але і ў рэспубліканскім педагагічна-вучнёўскім асяроддзі.

Сюды прыходзяць не толькі па веды, але і па ўменне думаць, аналізаваць і ствараць. Вуцеўская сярэдняя школа — узорная навучальная ўстанова вобласці і апорны цэнтр экалагічнага выхавання. Яе вучні штогод перамагаюць у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. На базе ўстановы адукацыі створаны ўнікальны вучэбна-даследчы ўчастак, кіпіць работа педагогаў і вучняў у школьных лабараторыях.

  • Адзін з актыўных папулярызатараў навукова-даследчага руху сельскай школы — настаўніца біялогіі і геаграфіі Вуцеўскай сярэдняй школы Ірына Ярцава. Яе ўласная гісторыя ў прафесіі пачалася амаль дваццаць гадоў таму. У Вуці пачала выкладаць яшчэ маладым спецыялістам. Тады Ірына Міхайлаўна і ўявіць не магла, што спачатку такія сціплыя навукова-даследчыя пачынанні яе, яе калег і вучняў вырастуць у цэлую экалагічную праграму, вядомую на ўсю вобласць. Ірына Міхайлаўна ўспамінае, як усё пачыналася з маленькага прышкольнага ўчастка і некалькіх простых доследаў на ўроках біялогіі. Паступова яе захапленне навукай і прыродай перадалося вучням, і вось ужо былыя школьнікі прыводзяць да яе сваіх дзяцей.

Адным з цікавых навукова-даследчых праектаў педагога Ірыны Ярцавай і яе вучняў стаў, напрыклад, пошук адказу на глабальнае пытанне: куды дзяваць пластыкавыя адходы? У лабараторыі школы неўтаймаваныя вуцеўскія даследчыкі атрымалі ўзоры палімерасфальтабетоннага пакрыцця, а пасля выпрабавалі іх і нават уклалі частку школьнага двара. Ірына Ярцава заахвочвае сваіх вучняў спалучаць даследчую дзейнасць з працай на прышкольным участку. Дзеці пад кіраўніцтвам педагога эксперыментуюць на зямлі і фіксуюць свае назіранні на паперы. З дапамогай настаўніцы, напрыклад, упершыню вырасцілі бамію, артышок, стэвію — знайшлі рэцэпт хрумсткіх чыпсаў з баміі, а стэвію прапаноўваюць выкарыстоўваць у якасці замяняльніка цукру.

Галоўнае — любоў да прадмета і дзяцей, якая ператварае стандартныя ўрокі ў захапляльнае падарожжа... Такім сакрэт поспеху работы з вучнямі бачыць Ірына Міхайлаўна: «На сваім вопыце пераканалася, што вельмі натхняе дзяцей вучыцца, дакопвацца да нечага цікавага, тварыць. Калі яны бачаць вынік сваёй справы, то працуюць старанна і пачынаюць шанаваць працу іншых. Ад гэтага непасрэднага творчага зараду дзяцей зараджаецца і педагог».

Былая вучаніца Ірыны Ярцавай, а цяпер яе маладая калега — настаўніца хіміі Вуцеўскай сярэдняй школы Вольга Савянок — найлепшы доказ таго, як педагог можа пасадзіць, дагледзець «маленькае зярнятка», што вырасце ў прафесіі і знойдзе сваё прызначэнне. «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэта пра мяне», — з цёплай усмешкай прадстаўляецца Вольга Савянок. Пяты год як Дзень настаўніка — гэта і яе прафесійнае свята.

Яшчэ школьніцай пад кіраўніцтвам Ірыны Ярцавай Вольга захапілася даследчымі праектамі. Займаліся стварэннем магнітнай вадкасці для ачысткі вады ў мясцовай рэчцы Вуць, вынаходзілі супрацьгалалёдны рэагент, які рабілі на аснове бурачнага соку. Таленавітую вучаніцу тройчы адзначалі Прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля вучобы ў ГДУ імя Францыска Скарыны дыпламаваным спецыялістам дзяўчына вярнулася ў родныя сцены ўжо настаўніцай і... адразу пачала заахвочваць ужо сваіх вучняў на навуковую дзейнасць!

Вольга ўспамінае: «Менавіта Ірына Міхайлаўна яшчэ з восьмага класа захапіла даследчай работай. Для мяне асабіста школьны вопыт увогуле быў вельмі каштоўны. Я ганаруся тым, што нарадзілася ў вёсцы. Шчаслівая, што вярнулася працаваць у родную школу. Мая гісторыя — прыклад таго, як можна вучыцца, развівацца і знайсці сваё месца ў сельскай мясцовасці».

Матэрыялы падрыхтавалі Нэлі ЗІГУЛЯ, Аміна Назарава, 

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтараў і з архіваў герояў публікацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю