Рэгістрацыя, права, шлем
Самая прынцыповая навіна — карыстальнікі СПМ больш не лічацца пешаходамі. Цяпер яны прыраўноўваюцца да веласіпедыстаў. «Тэрмін „сродак персанальнай мабільнасці“ таксама змяніўся. Гэта аднаколавы альбо шматколавы транспартны сродак з канструктыўнай хуткасцю не больш за 25 км/г, прызначаны для перамяшчэння толькі аднаго чалавека з дапамогай выкарыстання электрарухавіка», — адзначыў Дзяніс Лівановіч.
Ключавы крытэрый — хуткасць. Калі транспарт можа разганяцца больш за 25 км/г, ён ужо адносіцца да катэгорыі мапедаў ці матацыклаў. У такім выпадку патрабуюцца катэгорыі на права кіравання, рэгістрацыя, страхаванне, а таксама наяўнасць шлема. Для такіх сродкаў дзейнічае спрошчаны парадак рэгістрацыі да 1 верасня 2026 года.
Абавязкі і адказнасць
Адным з найбольш прыкметных новаўвядзенняў стала патрабаванне спешвацца на пешаходных пераходах.
Выключэнні магчымы толькі ў выпадках:
- руху на скрыжаванні па веласіпедным пераездзе або не далей чым 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі;
- калі па пешаходным пераходзе або велапераездзе рух рэгулюецца веласвятлафорамі або спецыяльнымі таблічкамі;
- пры перасячэнні праезных частак па лініі тратуараў або абочын, саступаючы дарогу іншым транспартным сродкам (напрыклад, калі тратуар перасякаецца з выездамі з прылеглых дваровых тэрыторый).
«Аднак калі ёсць „зебра“ ці сумешчаны пераход з велапераездам і няма веласвятлафора ці таблічкі, то абавязкова трэба спешвацца», — удакладніў прадстаўнік ДАІ.
Правілы цяпер падрабязней рэгламентуюць хуткасны рэжым: па веладарожках можна ехаць з хуткасцю не больш за 25 км/г, а па тратуарах — не больш за 10 км/г. Пры гэтым каб ехаць па тратуары, маса СПМ павінна быць не больш чым 35 кг. Таксама з’явілася новая норма: забарона руху на СПМ у пешаходных зонах.
За парушэнні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць:
- ад 1 да 3 базавых велічынь — за агульнае парушэнне;
- ад 3 да 5 базавых велічынь — калі парушэнне здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення;
- ад 3 да 8 базавых велічынь — калі дзеянні стварылі аварыйную абстаноўку.
Стаўка на прафілактыку
Пры гэтым, як паведаміў Дзяніс Лівановіч, ДАІ ў першую чаргу робіць стаўку на прафілактыку і тлумачальную работу, а не на штрафаванне, бо норма аб хуткасці прызначана для павышэння свядомасці карыстальнікаў. «У выпадку ДТЗ, калі ёсць відэафіксацыя і відавочнае перавышэнне хуткасці, дзеянням будзе дадзена юрыдычная ацэнка. Але галоўнае — гэта прафілактыка і адказнасць саміх грамадзян», — растлумачыў прадстаўнік Дзяржаўтаінспекцыі.
Асобную ўвагу ДАІ звяртае на дзяцей, якія карыстаюцца электрасамакатамі. «Бацькам трэба самім абнавіць у памяці правілы дарожнага руху і растлумачыць іх дзецям. Варта кантраляваць, якім самакатам карыстаецца дзіця, дзе і ў якой кампаніі, бо нават стандартны можна „разблакіраваць“ на хуткасць да 50 км/г, што вельмі небяспечна. Таксама нагадваем, што дзецям, якія не дасягнулі 14 гадоў, дазваляецца кіраваць сродкамі персанальнай мабільнасці толькі на тэрыторыі жылых зон», — падкрэсліў намеснік начальніка ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Што кажуць карыстальнікі?
Новыя правілы дарожнага руху выклікалі актыўнае абмеркаванне ў тых, хто найбольш часта карыстаецца СПМ. Размовы з самакатчыкамі і веласіпедыстамі паказалі: людзі гатовыя да змен, але, па іх меркаваннях, пакуль ёсць над чым працаваць. Над тым жа спешваннем, напрыклад.
— Можа, гэта як-небудзь адрэгуляваць? Проста пакуль я даеду да Камароўкі, трэба спыняцца і спешвацца восем разоў... — падзялілася веласіпедыстка Вікторыя.
— Для ўласнай бяспекі лепш спешвацца. Гэта галоўны прынцып, на якім трымаюцца ўсе новаўвядзенні, — растлумачыў ёй інспектар ДАІ.
Такія дыялогі — звычайная справа. Для адных частыя спыненні выглядаюць нязручнымі, для іншых гэта натуральная неабходнасць дзеля бяспекі. Таксама сваімі думкамі падзялілася самакатчыца Дар’я: «З правіламі азнаёмлена. Спецыяльна пыталася ў інспектара, у якіх выпадках трэба абавязкова спешвацца. Правілы зручныя, думаю, так усім будзе лягчэй».
Яшчэ адзін карыстальнік адзначае:
«Рухацца мы пачнём больш арганізавана. У выніку гэта толькі плюс для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху».
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА