Як звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, у Савет Рэспублікі перыядычна паступаюць звароты грамадзян, якія сутыкнуліся з нядобрасумленнымі гульцамі на рынку мікрафінансавання. «Размова ідзе аб тых, хто прапаноўвае хуткія грошы пад звышпрацэнты, заганяючы людзей у пазыковую яму, — удакладніла спікер. — Асаблівую трывогу выклікаюць сітуацыі, калі ў роспачы пазычальнік вымушаны аддаваць пад заклад сваё адзінае жыллё. Гэта недапушчальна, і такая сітуацыя патрабуе сістэмнага рашэння. Законапраект накіраваны менавіта на тое, каб агарадзіць нашых грамадзян ад падобных злоўжыванняў і абараніць іх маёмасныя правы, павысіць узровень даверу да фінансавай сістэмы ў цэлым».
Без закладу адзінага жылля і пазык у валюце
Законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях прадастаўлення пазык» устанаўліваецца забарона на прадастаўленне пазык фізічным асобам індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць мікрафінансавую дзейнасць, за выключэннем пазык уласным работнікам.
Як адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Ірына ЛЯЎКОВІЧ, вельмі важным новаўвядзеннем з’яўляецца тое, што прадметам закладу не можа з’яўляцца адзінае жыллё. «Гэта датычыцца і адзінай кватэры, і адзінага дома, і доляў у адзіным жыллі, — канкрэтызавала сенатар. — Акрамя таго, забараняецца заключаць дагаворы ў замежнай валюце паміж фізічнымі асобамі, а таксама ў эквіваленце замежных валют або ва ўмоўных грашовых адзінках (за выключэннем блізкіх сваякоў), што будзе садзейнічаць дэдаларызацыі нашай эканомікі, умацаванню нацыянальнай валюты».
Уводзяцца абмежаванні па памерах працэнтаў і няўстойкі (штрафу, пені), якія спаганяюцца па дагаворах пазыкі паміж фізічнымі асобамі. Устанаўліваецца забарона на выкарыстанне ў рэкламе рэкламадаўцаў, якія не з’яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі, у тым ліку ў іх найменнях, слоў «пазыка», «мікрапазыка», «мікрафінансаванне», «грошы ў доўг» або вытворных ад гэтых слоў.
За незаконнае выкарыстанне беспілотнікаў — ажно да крымінальнай адказнасці
Адобраны праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», якім, у прыватнасці, устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць за незаконныя дзеянні ў адносінах да грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў.
Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей СІВЕЦ нагадаў, што ў 2023 годзе быў падпісаны Указ № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў», якім уведзены прававы рэжым, звязаны з улікам даных беспілотных лятальных апаратаў і механізмам парадку іх эксплуатацыі.
«Назапашаная правапрымяняльная практыка выклікала неабходнасць увядзення пэўных мер адказнасці ў адносінах да тых, хто парушае гэты парадак, здзяйсняе шэраг супрацьпраўных дзеянняў, — падкрэсліў сенатар. — Адпаведна ўзнікла неабходнасць у рэгулятарах, якія б дазволілі забяспечыць законныя правы грамадзян, а таксама абарону дзяржаўных, нацыянальных інтарэсаў ад падобнага роду супрацьпраўных дзеянняў. Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за парушэнне ўстаноўленага парадку. У выпадку паўторнага на працягу года здзяйснення аналагічнага правапарушэння прадугледжана крымінальная адказнасць».
Правам складання пратаколаў за ўчыненне гэтых адміністрацыйных правапарушэнняў надзяляюцца службовыя асобы мытных органаў, органаў унутраных спраў, пагранічнай службы, дзяржаўнай бяспекі, транспарту, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (у частцы міжнародных паштовых адпраўленняў), Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (у частцы дастаўкі і ўручэння тавараў). Суд, а таксама органы Міністэрства транспарту і камунікацый упаўнаважваюцца разглядаць справы аб названых вышэй адміністрацыйных правапарушэннях.
Бяспека нацыянальная і асабістая
Законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях» удакладняюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта і Савета Міністраў у сферы гарантавання пажарнай бяспекі.
«Фінансаванне органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях будзе ажыццяўляцца не з абласных бюджэтаў і бюджэту горада Мінска, як было дагэтуль, а з рэспубліканскага бюджэту, — дадаў член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей МЯЛЕШКІН. — Новаўвядзенне дазволіць больш дакладна размяркоўваць першачарговыя сродкі і сілы на ліквідацыю надзвычайных сітуацый, улік будынкаў, збудаванняў, абсталявання, а таксама стымуляваць асабовы склад з улікам даходнай часткі бюджэту».
Замацоўваюцца паўнамоцтвы па ажыццяўленні дзяржаўнага пажарнага нагляду на аб’ектах па вытворчасці, захоўванні і ўтылізацыі выбуховых матэрыялаў і вырабаў, якія іх змяшчаюць, а таксама па арганізацыі тушэння пажараў, якія ўзніклі на такіх аб’ектах. Супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях надзяляюцца правам правядзення асабістага надгляду грамадзян і прымянення спецыяльных сродкаў у выпадках і парадку, прадугледжаных законапраектам.
Курс — на збліжэнне і абарону
Сенатары ратыфікавалі Пагадненне аб дапушчальных масах, восевых нагрузках і габарытах транспартных сродкаў пры руху па аўтамабільных дарогах дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, уключаных у еўразійскія транспартныя калідоры, Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года. Згодна з апошнім, грамадзяне Беларусі і Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі іншай дзяржавы — удзельніцы Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, могуць удзельнічаць у мясцовых выбарах: выбіраць і быць выбранымі ў адпаведныя органы мясцовага самакіравання.
Таксама ратыфікавана Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб мерах па ўзаемнай абароне грамадзян ад неабгрунтаванага пераследу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі. Дакумент накіраваны на абарону грамадзян бакоў, у тым ліку дзейных або былых службовых асоб, ад неабгрунтаванага крымінальнага пераследу трэцімі бакамі з улікам тэндэнцыі па палітызацыі міжнародных судовых органаў і іншых міжнародных механізмаў крымінальнай юстыцыі.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА