Візіт Султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда ў нашу краіну і перамовы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам дэманструюць усёй сусветнай супольнасці высокі ўзровень беларуска-аманскага супрацоўніцтва ў сферах харчовай бяспекі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспартнай лагістыкі, аховы здароўя, турызму і культуры, гэта значыць у тых галінах, якія маюць несумненную прывабнасць для нашых народаў. Эксперты расказалі, у чым жа канкрэтна гэтая прывабнасць выяўляецца.
Блізкія пазіцыі па многіх пытаннях
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў нагадаў, што адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Султанатам Аман развіваюцца многія дзесяцігоддзі:
— Асабліва патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва быў назапашаны, пачынаючы з 2015 года. Гэтаму спрыялі і вельмі сур’ёзная работа дыпламатычнага корпуса. Адбыўся візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Султанат Аман у снежні 2024 года.
Старшыня профільнай камісіі адзначае, што для нашай краіны Аман уяўляе значную цікавасць як у палітыцы, так і з пункту гледжання эканомікі, інвестыцыйнага супрацоўніцтва:
— За апошнія гады гандлёвае супрацоўніцтва значна павялічылася, выраслі аб’ёмы ўзаемнага гандлю. Пакуль гэтыя аб’ёмы не адпавядаюць таму вялікаму патэнцыялу, які ёсць у дзвюх краін, але тым не менш мы пачыналі свае гандлёвыя ўзаемаадносіны фактычна з чыстага ліста. Сёння Рэспубліка Беларусь пастаўляе многія прадукты харчавання ў Султанат Аман. Ёсць планы па стварэнні зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі. Гэта краіна ўяўляе для нас асаблівую цікавасць як патэнцыяльны інвестар у эканоміку Рэспублікі Беларусь. Невыпадкова падчас візіту Султана Амана ў Рэспубліку Беларусь было падпісана пагадненне аб інвестыцыйным супрацоўніцтве і аб стварэнні дрэваапрацоўчага цэлюлозна-кардоннага прадпрыемства з інвестыцыямі султаната Аман у памеры да паўтара мільярда долараў.
Сяргей Рачкоў звярнуў увагу і на агульнасць поглядаў дзвюх краін у сферы геапалітыкі:
— Аман адыгрывае значную ролю ў Персідскім рэгіёне, на Блізкім Усходзе. І ў цэлым, з пункту гледжання медыятарскай пазіцыі ўнёс вялікі ўклад у перагаворы паміж Злучанымі Штатамі і Іранам па ядзернай праграме Ірана. Гэта значыць, пазіцыя Амана ў вялікай палітыцы вельмі блізкая Рэспубліцы Беларусь. І мы разлічваем усе пазітыўныя моманты выкарыстоўваць на карысць як Рэспублікі Беларусь, так і Султаната Аман.
«Акно» ў рэгіён Персідскага заліва
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэй Крываносаў падкрэсліў асаблівую значнасць беларуска-аманскага партнёрства:
— Калі аналізаваць не толькі падпісаныя дакументы, але і тэматыку перагавораў Кіраўніка беларускай дзяржавы з Султанам Амана, становіцца відавочна, што перад намі мадэль узаемадзеяння, дзе кожны з бакоў вырашае свае стратэгічныя задачы.
Ён звяртае ўвагу на тое, што ключавой выгадай для нашай краіны становіцца пераадоленне эканамічнай і лагістычнай ізаляцыі:
— Аман становіцца для Мінска «акном» у рэгіён Персідскага заліва і Усходняй Афрыкі і стварае альтэрнатыву існуючым сёння гандлёвым маршрутам. Больш за тое, гаворка ідзе не проста аб продажы гатовай прадукцыі, а аб якасна новым узроўні супрацоўніцтва — пераносе на аманскую пляцоўку зборачных вытворчасцяў такой тэхнікі, як МАЗ і «Амкадор» з наступным стварэннем паўнавартаснага гандлёвага хаба. Гэта прамы шлях да дыверсіфікацыі экспарту і прытоку інвестыцый у рэальны сектар эканомікі.
Эксперт канстатуе, што для Амана такое партнёрства з’яўляецца інструментам рэалізацыі стратэгіі «Бачанне Амана 2040», якая ў тым ліку нацэленая на адыход ад нафтавай залежнасці:
— Беларусь прапануе Султанату якраз тое, што яму крытычна неабходна, — сучасныя тэхналогіі і кампетэнцыі для забеспячэння ўласнай харчовай бяспекі. Сумесныя праекты ў аграсектары і малочнай прамысловасці — гэта ўжо не проста бізнес, а пытанне доўгатэрміновай стабільнасці. Таксама Аман атрымлівае доступ да беларускіх фармацэўтычных і IT-распрацовак, што ўплывае на рост яго эканомікі.
На думку сенатара, паміж Рэспублікай Беларусь і Султанатам Аман складваецца мадэль сапраўды ўзаемавыгаднага і, што вельмі важна, раўнапраўнага супрацоўніцтва.
— Яно выходзіць далёка за рамкі фармальных двухбаковых адносін і становіцца наглядным прыкладам шматпалярных сувязяў, калі краіны, абмінаючы палітычны ціск, выбудоўваюць прагматычны і перспектыўны парадак дня, заснаваны на супадзенні інтарэсаў, — акцэнтуе ўвагу парламентарый.
Зацікаўленасць Амана ў стварэнні сумеснай вытворчасці з Беларуссю можа стаць драйверам умацавання двухбаковых адносін і істотнага росту тавараабароту. Як адзначыў на news.by спецыяліст Інстытута Блізкага Усходу (Расія) Сяргей Балмасаў у аманцаў вельмі шмат інтарэсаў адносна Беларусі:
— У іх шмат грошай апошнім часам, па меры павелічэння газавых праектаў, ім трэба кудысьці ўкладвацца. Свабодных месцаў на планеце, куды яны маглі б укласціся, не падвяргаючыся санкцыям Захаду або іншых краін, і пры гэтым атрымаць гарантаваны прыбытак, няшмат. Беларусь уяўляе сабой зусім іншы прыклад стабільнай краіны, якая не ваюе, у яе ёсць вялікі патэнцыял. Тут вельмі шмат варыянтаў — ад «ваенкі» (прадпрыемстваў ВПК. — Заўв. рэд.) і цяжкага машынабудавання да «сельгас».
На думку эксперта, аманцы таксама прыглядаюцца да беларускай фармацэўтыкі, г. зн. медыцынскіх лекавых прэпаратаў:
— Яны, магчыма, гатовыя ўкласціся нават у сумесную буйную вытворчасць.
Аснова для доўгатэрміновага партнёрства
На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алега Дзячэнкі, неабходна атрымліваць адэкватную гаспадарчую аддачу ад удзелу ў міжнародных эканамічных адносінах, і таму ўзаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае і гуманітарнае супрацоўніцтва з краінамі Азіі выступае сёння стратэгічна важным вектарам знешнепалітычнага развіцця Беларусі.
Ён канстатуе той факт, што дзякуючы нацыянальным лідарам Беларусі і Амана паміж краінамі склаліся камфортныя і дружалюбныя двухбаковыя сувязі і ўсталяваўся спрыяльны эканамічны клімат.
— Іншымі словамі, настаў час для паўнавартаснай рэалізацыі гаспадарчымі суб’ектамі ўсіх формаў уласнасці сумесных гандлёва-эканамічных, прамысловых і гуманітарных праектаў, у тым ліку і на рынках трэціх краін, размешчаных у афра-азіяцкім рэгіёне і басейне Індыйскага акіяна, — лічыць суразмоўца.
У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Кандратовіч акцэнтуе ўвагу на тым, што візіт нацыянальнага лідара Амана ў Мінск і яго перагаворы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам — гэта не проста дыпламатычная падзея, а момант, які можа ўвайсці ў гісторыю як пункт збліжэння дзвюх культур, дзвюх мадэляў развіцця, двух поглядаў на ўстойлівую будучыню:
— Беларусь і Аман — краіны з рознымі геаграфіямі, але падобнымі імкненнямі: да суверэннасці, да эканамічнай самадастатковасці, да павагі ў міжнароднай сістэме. І тое, што сёння мы абмяркоўваем не абстрактныя намеры, а канкрэтныя кантракты, дарожныя карты і сумесныя праекты, кажа аб сталасці і адказнасці абодвух бакоў.
Асабліва важна, на думку сенатара, што дыялог ахоплівае не толькі эканоміку, але і гуманітарную сферу — адукацыю, культуру, абмен вопытам:
— Гэта стварае аснову для доўгатэрміновага партнёрства, якое будзе ўстойлівым нават ва ўмовах глабальных выклікаў.
Парламентарый падкрэслівае: Беларусь гатова забяспечыць усю неабходную нарматыўную падтрымку, каб дасягнутыя дамоўленасці з Аманам не засталіся толькі на паперы, а былі рэалізаваны ў выглядзе канкрэтных ініцыятыў, якія прыносяць адчувальную карысць грамадзянам абедзвюх краін.
— Мінск і Маскат здольныя стаць узорам сучаснай дыпламатыі — дыпламатыі, заснаванай не на ціску і ўльтыматумах, а на ўзаемнай павазе, даверы і імкненні да ўстойлівага партнёрства, — выказаў упэўненасць сенатар.