Беларускі энергетычны і экалагічны форум EnergyExpo — галоўная дыскусійная пляцоўка краіны ў сферы энергетыкі, экалогіі і інавацыйных тэхналогій. На форуме прадстаўлены вынікі пяцігоддзя 2021–2025 гадоў і новыя стратэгічныя кірункі развіцця энергетычнай сістэмы Беларусі.
Міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз адзначыў, што форум праходзіць у асаблівы час — на мяжы завяршэння пяцігодкі, якая прынесла краіне значныя дасягненні.
Паводле яго слоў, вынікі работы апошніх гадоў сведчаць пра сур’ёзны прагрэс у нацыянальнай энергетыцы.
«У краіне рэалізаваны самы маштабны праект у гісторыі электрабудаўніцтва — Беларуская атамная электрастанцыя, пабудаваныя электрычныя кацельні для задавальнення патрэб насельніцтва ў цеплазабеспячэнні, мадэрнізавана электрасеткавая інфраструктура», — падкрэсліў міністр.
Дзяніс Мароз адзначыў, што аб’ём рэканструкцыі сетак у краіне няўхільна расце і ўжо перавысіў 3450 кіламетраў, што з’яўляецца «каласальнай лічбай» для нацыянальнай энергасістэмы.
У рамках форуму запланавана 29 тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных развіццю галіны — ад кадравага патэнцыялу да навуковага суправаджэння.
Асобную ўвагу на форуме аддалі развіццю атамнай энергетыкі як аснове энергетычнай незалежнасці Беларусі.
«Пасля будаўніцтва першай Беларускай атамнай электрастанцыі мы атрымалі істотны эфект для эканомікі краіны. Аб’ём выпрацоўкі электраэнергіі на БелАЭС ужо перавысіў 51 мільярд кілават-гадзін, што дазволіла замясціць каля 14 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу», — адзначыў міністр.
Рост спажывання электраэнергіі ў краіне таксама сведчыць пра стабільнае развіццё: за апошнія пяць гадоў ён склаў каля шасці мільярдаў кілават-гадзін, а мінулы год стаў рэкордным для незалежнай Беларусі — аб’ём спажывання склаў 43 мільярды кілават-гадзін.
«Да 2030 года мы чакаем аб’ём спажывання на ўзроўні 47 мільярдаў кілават-гадзін. Рост попыту патрабуе далейшага развіцця атамнай энергетыкі», — заявіў Дзяніс Мароз.
Міністр згадаў пра два канцэптуальныя варыянты развіцця гэтай сферы: будаўніцтва трэцяга энергаблока на існуючай пляцоўцы БелАЭС або стварэнне новай атамнай станцыі на ўсходзе краіны, аб якіх нядаўна ішла размова падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным у Маскве.
«Першая альтэрнатыва мае відавочныя перавагі — выкарыстанне існуючай інжынернай і сацыяльнай інфраструктуры, што зробіць будаўніцтва хутчэйшым і таннейшым. Другі варыянт таксама перспектыўны, бо адкрывае магчымасці для развіцця рэгіёнаў і стварэння тысяч новых працоўных месцаў», — растлумачыў ён.
Міністр прывёў прыклад Астраўца, які дзякуючы будаўніцтву БелАЭС ператварыўся ў "горад, які дынамічна развіваецца".
Асобную ўвагу ўдзельнікаў прыцягнулі тэмы экалагічнай устойлівасці і развіцця «зялёнай» энергетыкі. Як адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, маштаб і цікавасць да форуму сведчаць пра тое, што праблематыка энергазберажэння і экалагічнай бяспекі сёння мае першараднае значэнне.
Міністр адзначыў, што колькасць удзельнікаў і экспанентаў расце з кожным годам:
«Сёлета іх больш за дзвесце — гэта і нашы сябры, браты з Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана. Гэта сведчыць пра тое, што тэма энергетыкі, экалогіі, энергазберажэння вельмі актуальная і важная».
Паводле слоў Сяргея Масляка, форум выступае сапраўднай пляцоўкай для нараджэння новых ідэй і тэхналагічных рашэнняў:
«Па азначэнні, форум — гэта месца, дзе нараджаецца ісціна. Інжынерная думка праходзіць доўгі шлях ад задумкі да рэалізацыі, і вынікі гэтага шляху сёння прадстаўлены на выставе — у выглядзе самых перадавых сучасных „зялёных“ тэхналогій».
Экспазіцыя форуму будзе працаваць у сталічным Футбольным манежы на праспекце Пераможцаў да 10 кастрычніка.
Міхаіл Данілковіч
Фота Віктара Іванчыкава