Аграпрамысловы комплекс з’яўляецца адным з вядучых рэальных сектараў эканомікі Саюзнай дзяржавы і адыгрывае ключавую ролю ў харчовай бяспецы насельніцтва нашых краін. Гэта адзначыў старшыня камісіі Парламенцкага сходу па аграрных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Іван МАРКЕВІЧ падчас пасяджэння пастаянна дзеючага семінара пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі на тэму «Рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў як фактар харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы», які адбыўся ў Мінску.
Вытрымаць баланс
На семінары адзначалася, што канцэпцыя бяспекі, дзе стратэгічнымі інтарэсамі лічыліся рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў і ахова навакольнага асяроддзя, застаецца актуальнай для нашых краін і цяпер. Абмяркоўвалася тэма паляпшэння ўрадлівасці зямель. А для дасягнення высокіх ураджаяў неабходна знайсці баланс паміж выкарыстаннем мінеральных і арганічных угнаенняў. «Арганіка нам дазволіць збалансаваць структуру глебы», — заявіў Іван Маркевіч.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на праблему закінутых сельскагаспадарчых зямель, актуальную для абедзвюх дзяржаў. «Шмат зямлі запушчана. Трэба не саромецца гэта казаць», — адзначыў Іван Маркевіч і заклікаў засяродзіць намаганні на вяртанні гэтых угоддзяў у гаспадарчы абарот. У якасці мер стымулявання ён прапанаваў падатковыя льготы і выгаднае крэдытаванне для эфектыўных аграрных прадпрыемстваў. Было адзначана, што ў Беларусі і Расіі вядзецца работа па ўдасканаленні зямельнага заканадаўства.
«Таксама вялікую цікавасць уяўляе ініцыятыва па стварэнні адзінай федэральнай карты зямель сельгаспрызначэння. Гэта сістэма, якая ўключае актуальныя даныя аб межах і характарыстыках угоддзяў, павінна павысіць эфектыўнасць кіравання рэсурсамі», — заўважыў дэпутат.
Ён высока ацаніў дасягненні ў жывёлагадоўлі, адзначыўшы, што беларуская і расійская прадукцыя, такая як стэйкі або ўласны хамон, паспяхова канкурыруе на харчовым рынку.
Асобным блокам абмеркавання стала лясная гаспадарка. Іван Маркевіч назваў нашы краіны «ляснымі дзяржавамі» і заклікаў удзяляць самую пільную ўвагу захаванню і аднаўленню лясоў, барацьбе з незаконнымі высечкамі. «На аднаўленне ідуць дзесяцігоддзі, а то і сотні гадоў. Але без лясоў прыродны баланс будзе парушаны», — падкрэсліў ён. Нягледзячы на санкцыі і страты часткі еўрапейскага рынку, краіны знайшлі альтэрнатыўныя шляхі збыту лясной прадукцыі, у тым ліку ў Кітаі і Азербайджане.
Сімбіёз навукі і практыкі
Як адзначыў Іван Маркевіч, харчовай бяспецы ў нашай краіне ўдзяляецца асаблівая ўвага з боку кіраўніка дзяржавы. Гэта праграмы будаўніцтва аграгарадкоў і ўзвядзенне жылля на вёсцы. Менавіта дзякуючы гэтым праграмам частка прагрэсіўнай моладзі звязала сваю будучыню з развіццём сельскай гаспадаркі.
Акрамя таго, Беларусь не проста забяспечыла сваю харчовую бяспеку, але і экспартуе сельскагаспадарчыя тавары з высокай дабаўленай вартасцю. «Сёлета мы разлічваем прадаць за мяжу сельскагаспадарчую прадукцыю на суму не менш за 8,5 мільярда долараў у эквіваленце», — заявіў Іван Маркевіч.
Беларусь і Расія забяспечылі сваю харчовую бяспеку і зацікаўлены ў пастаўках у краіны далёкай дугі, заявіў член Камісіі Парламенцкага сходу па аграрных пытаннях, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Андрэй БАЛЫШ. На яго думку, нашы краіны практычна па ўсіх напрамках забяспечаны прадуктамі харчавання і падтрымліваюць сваю харчовую бяспеку: «Сёння ставіцца задача не толькі забяспечыць унутраны рынак, але і шырока ступіць на знешні. Гэта актуальна, калі мы гаворым пра краіны далёкага замежжа. Бачым, якую цікавасць праяўляюць усе краіны свету, у тым ліку Беларусь і Расія, да афрыканскага кантыненту. Па аб’ектыўных даных, ён імкліва развіваецца, і за ім калі не будучыня, то вельмі вялікія перспектывы».
Парламентарый таксама падкрэсліў, што на пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з сельскай гаспадаркай, абаронай урадлівасці, жывёлагадоўляй, выпрацаваны стратэгіі на будучыню.
- «Менавіта на такіх семінарах, дзе сустракаюцца прадстаўнікі нашых краін, адбываецца выпрацоўка рашэнняў і знаходзіцца пункт апоры, на якім будзе будавацца і далей развівацца тэма сельскай гаспадаркі дзвюх саюзных дзяржаў. Беларусь і Расія выпрацоўваюць стратэгію развіцця на будучыню не паасобку, а разам. Перад краінамі стаіць задача не толькі імгненнага вырашэння праблем, але і захавання прыроднага багацця і зямлі для будучых пакаленняў. Важна, што мы пакінем пасля сябе і дзе будуць жыць і працаваць нашы дзеці», — заўважыў Андрэй Балыш.
Закрануў дэпутат і тэму штучнага інтэлекту. У прыватнасці, ён адзначыў, што, калі мы гаворым аб прамысловасці, сельскай гаспадарцы, не згадаць аб ШІ і яго ўкараненні, напэўна, было б няправільна. «Сёння абмяркоўваліся пытанні дакладнага земляробства, звязаныя з разумнай фермай, разумным садоўніцтвам — тыя, дзе немагчыма будзе вырашыць задачы ў далейшым без штучнага інтэлекту», — падкрэсліў Андрэй Балыш.
Па выніках пасяджэння падрыхтаваны дакумент, які ўтрымлівае практычныя рэкамендацыі, накіраваныя на забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў і ўмацаванне харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Сяргей КУРКАЧ