Top.Mail.Ru

З чым прыходзяць выбаршчыкі да дэпутата Уладзіміра Баравенкі

07.10.2025 | 14:05
Пра тое, што хвалюе жыхароў Брэсцкай-Усходняй акругі № 3, мы папрасілі расказаць іх дэпутата Уладзіміра Баравенку, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў.

— За час маёй работы дэпутатам было разгледжана больш за 50 зваротаў грамадзян, — расказвае парламентарый. — Перш за ўсё людзей хвалююць праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пытанні працаўладкавання, уладкавання дзяцей у дзіцячыя садкі. Выбаршчыкі таксама выказваюць свае прапановы па ўнясенні змяненняў у заканадаўства.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца зваротам, звязаным з дзіцячымі садкамі, падкрэслівае Уладзімір Веніямінавіч. Але праблемы вырашаюцца паспяхова, бо вядзецца зладжаная работа з прадстаўнікамі адміністрацыі горада. 

Гэта датычыцца і пытанняў працаўладкавання.

Звяртаюцца людзі да свайго дэпутата і наконт рамонту дарог і тратуараў. «У іх вырашэнні мы цесна ўзаемадзейнічаем з Брэсцкім гарвыканкамам, — адзначае ён. — Не заўсёды ёсць магчымасць вырашаць аператыўна пытанні па рамонце дарог, паколькі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вулічнай сеткі горада ажыццяўляюцца паэтапна, на аснове зацверджаных штогадовых планаў у рамках прадугледжанага фінансавання. Аднак прадстаўнікі гарадской улады ўлічваюць такія звароты і разглядаюць магчымасць іх унясення ў гадавыя планы работы. Так, Брэсцкім гарвыканкамам разглядаецца пытанне будаўніцтва шматузроўневай аўтамабільнай паркоўкі ў раёне шостай гарадской паліклінікі за кошт сродкаў інвестыцыйнага фонду.

  • Яшчэ адзін важны момант работы дэпутата ў акрузе — правядзенне сустрэч у працоўных калектывах. Падчас іх людзі таксама звяртаюцца з просьбамі дапамагчы вырашыць тое ці іншае пытанне. «Напрыклад, на адной з сустрэч папрасілі аказаць садзейнічанне ў рамонце Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі „Веда“ — там пасля дажджоў працякае дах. Пытанне будзе разгледжана Брэсцкім гарвыканкамам пры фарміраванні бюджэту г. Брэста на 2026 год», — расказвае Уладзімір Баравенка.

Парламентарый з задавальненнем адзначае, што людзей хвалюе не толькі ўласны дабрабыт, але і тое, чым жыве горад. Напрыклад, узнікла пытанне па далучэнні ў найменні вуліц Жукава і Ракасоўскага ў Брэсце воінскіх званняў гэтых военачальнікаў. Быў накіраваны адпаведны дэпутацкі запыт у Тапанімічную камісію пры Савеце Міністраў.

Звяртаюцца выбаршчыкі і з заканадаўчымі ініцыятывамі, з пытаннямі па адпаведнасці нарматыўна-прававых актаў.

«Грамадзяне выказалі прапанову ўнесці дапаўненне ў пастанову Савета Міністраў „Аб прафесійнай атэстацыі ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі“, — прыводзіць прыклад дэпутат. — Яна датычылася здачы дадатковага кваліфікацыйнага экзамену ў выпадку прыцягнення да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай або матэрыяльнай адказнасці. Для разгляду гэтага пытання мной быў накіраваны дэпутацкі запыт у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а ў выніку атрыманы адказ аб мэтазгоднасці ўнясення дапаўненняў у пастанову на гэтым этапе».

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю