Top.Mail.Ru

Развіццё паркаў сталіцы абмеркавалі дэпутаты Мінскага гарсавета

Аб'екты зялёнай гаспадаркі — на кантролі

Выязны семінар па ўтрыманні, рамонце і рэканструкцыі аб’ектаў зялёнай гаспадаркі ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага і парку імя Уга Чавеса правялі дэпутаты Мінскага гарсавета.

Штогод у сталіцы высаджваецца каля 300 тысяч кустоў і больш за 30 тысяч дрэў. Плануецца цяпер азеляняць горад яшчэ на 100 тысяч кустоў. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар «Мінскзелянбуда», дэпутат Мінскага гарсавета Аляксандр ЕРМАЛОВІЧ: «У 2025-м мы пачалі таксама высаджваць вялікую колькасць руж: звыш 50 тысяч, — дадаў ён. — У наступным годзе гэту практыку прадоўжым. Расці яны будуць па ўсім Мінску, ва ўсіх адміністрацыйных раёнах. Папулярнасць набіраюць і аб’ёмныя канструкцыі з магчымасцю пасадкі ў іх драўняна-хмызняковых шматгадовых раслін».

Падчас выязнога семінара ў парку імя М. Горкага дэпутатам прадэманстравалі новую рэлакс-зону — вадаём, побач з якім размясціліся лаўкі. Раней тут была бухта, пабудаваная да Алімпіяды 1980 года. Цяпер вырашылі зрабіць на гэтым месцы ціхую зону адпачынку. Дэпутатам таксама паказалі інтэрактыўную гульню пад адкрытым небам і новы атракцыён «Пажарная каманда».

Усяго на тэрыторыі сталіцы размешчана 160 сквераў, 28 бульвараў і 34 паркі/лесапаркі. На балансе «Мінскзелянбуда» знаходзяцца ў тым ліку 23 пляжы. Да кожнай зоны адпачынку прымяняецца індывідуальны падыход пры падборы асартыменту высаджаных раслін і малых архітэктурных форм.

У парку імя Уга Чавеса дэпутаты азнаёміліся з ходам будаўніцтва. У планах адкрыць тут лядовую арэну, якая летам будзе трансфармавацца ў пляцоўку для заняткаў картынгам. Акрамя таго, плануецца стварэнне лыжаролернай трасы, варкаўт-пляцоўкі, месцаў для заняткаў валейболам, міні-футболам.

Па словах старшыні Мінскага гарсавета Арцёма ЦУРАНА, правядзенне выязных семінараў — магчымасць для дэпутатаў азнаёміцца з ходам работ па тым ці іншым кірунку развіцця сталіцы. «Мы ўжо глядзелі і жылы фонд, і сацыяльную абарону, што таксама ўваходзіць у кампетэнцыю работы дэпутатаў, — расказаў Арцём Цуран. — І на прыёмах і сустрэчах паступае шмат пытанняў ад жыхароў: як горад развіваецца, як азеляняецца. Але асноўная задача сёння — гэта кантроль ходу выканання плана: як прадпрыемствы „Мінскзелянбуда“ асвойваюць сродкі, выдзеленыя на азеляненне, і наколькі эфектыўна гэта ўсё ўтрымліваецца ў зямельнай гаспадарцы горада».

Яна ВАЛАСАЧ

фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю