Top.Mail.Ru

У Халопенічах адкрыўся абноўлены цэнтральны парк

Тандэм грамадзян і ўлады.

Сумесная праца дзяржавы і грамадства адлюстроўваецца ў грамадзянскіх ініцыятывах. Той, хто жыве ў пэўным месцы, бачыць праблемы і перавагі свайго населенага пункта, а таму лепш за іншых разумее, што менавіта трэба палепшыць. Так, цікавую ідэю па добраўпарадкаванні напрыканцы верасня рэалізавалі ў гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна. У выніку ў гарадскім пасёлку адкрыўся абноўлены цэнтральны парк.

Мясцовыя жыхары сумесна з кіраўніцтвам прынялі ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіўся ў лютым 2025 года. Населенаму пункту адназначна патрэбен быў парк. Цяпер у абноўленым парку 4 тэматычныя зоны: гістарычная, яркая гульнявая, варкаўт-пляцоўка і прасторная сцэна. У ходзе рэалізацыі праекта было закуплена абсталяванне для добраўпарадкавання парку: дзіцячыя гульнявыя комплексы, варкаўт-пляцоўка, паркавая сцэна, лаўкі, паркавая фігура-фантан, высаджана больш за 300 дрэў і кустоў. Усё гэта дазволіць арганізаваць культурна-аздараўленчы вольны час для жыхароў пасёлка і яго гасцей.

Як адзначыла старшыня Халопеніцкага сельсавета Лідзія Бачышчава, гэта такое месца, якое трэба было правільна падзяліць, правільна расставіць акцэнты, дзе, чым і каму займацца. Вядома, хацелася сабраць тут не толькі моладзь або дзяцей, а цалкам аб’яднаць усё насельніцтва рознага ўзросту. «Так, разумеем, што сёння парк — гэта не новая ідэя, але хочацца адзначыць, што Халопенічы — такое мястэчка, якое з 1451 года на слыху ў многіх. І да 1960-га Халопенічы былі цэнтрам аднайменнага раёна. Парк размешчаны на скрыжаванні чатырох вуліц, праз іх праходзіць дарога на вядомае крупскае возера Сялява. І вельмі шмат людзей, якія праязджаюць праз пасёлак, спыняюцца ў нашым парку», — тлумачыць Лідзія Бачышчава.

Парк мае багатую гісторыю, ён завяршае ансамбль архітэктурных збудаванняў у цэнтры Халопеніч. У іх лік, дарэчы, уваходзіць Свята-Успенскі сабор 1863 года пабудовы. «Падрыхтаваны намі праект першапачаткова быў накіраваны ў Мінскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. У лютым 2025 года ён быў паспяхова абаронены.

Першапачаткова было запланавана зрабіць з тэрыторыі зямель агульнага карыстання тэрыторыю, якая сацыяльна аб’яднае ўсе катэгорыі насельніцтва — ад маленькага дзіцяці да пажылога чалавека, акцэнтуе старшыня сельсавета. «У нашым гарпасёлку штогод праходзіць свята „Халопеніцкі карагод“, на якім падводзяцца вынікі года. Таму нам было неабходна таксама стварыць такое месца, дзе б мы маглі прыгожа, ва ўрачыстай абстаноўцы праводзіць такія мерапрыемствы. Прынялі рашэнне аб будаўніцтве сцэнічнага комплексу. Адной з умоў грамадзянскай ініцыятывы было набыццё абсталявання без элементаў будаўніцтва, таму ўсе работы выканалі работнікі ЖКГ».

Лідзія Бачышчава асабліва адзначыла актыўную грамадзянскую пазіцыю насельніцтва Халопеніцкага сельсавета, якое паўдзельнічала ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Старшыня сельсавета падкрэсліла важкі ўнёсак мясцовай жыхаркі Вольгі Казюкевіч. Паводле яе слоў, менавіта гэта жанчына ўнесла найбольшы ўклад у суфінансаванне праекта.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота krupkі.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю