Штогод з надыходам асенне-зімовага перыяду істотна ўзрастае колькасць пажараў, якія адбываюцца па прычыне парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення. Каб прадухіліць магчымыя трагедыі, мясцовыя органы ўлады сумесна з зацікаўленымі службамі бяруць пад асаблівы кантроль сацыяльна ўразлівую катэгорыю грамадзян — адзінокіх і тых, хто адзінока пражывае, інвалідаў, а таксама сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы... Карэспандэнты «Звязды» з гэтай нагоды пацікавіліся, што робіцца з боку мясцовых улад для таго, каб ацяпляльны сезон на сяле прайшоў без няшчасных выпадкаў.
Каб хтосьці застаўся без дроў на зіму — не бывае
Сёння на тэрыторыі Каменскага сельсавета Лагойскага раёна Мінскай вобласці пастаянна пражывае каля 800 чалавек у 22 населеных пунктах. Агульная колькасць домаўладанняў складае каля 850. Нярэдка сюды прыязджаюць «на сезон». Але, як усюды, ёсць тут і людзі, якія патрабуюць павышанай увагі. Аб узаемадзеянні з імі падчас ацяпляльнага сезона расказала старшыня Каменскага сельсавета Аксана Жолудзь.
Першачаргова ў поле зроку кіраўніцтва сельвыканкама падчас ацяпляльнага сезона трапляюць інваліды, адзінокія і адзінока пражываючыя пенсіянеры, шматдзетныя сем’і...
- «З імі мы сустракаемся на рэгулярнай аснове, — адзначае Аксана Жолудзь, дадаўшы, што сёння ў Каменскім сельсавеце налічваецца 183 грамадзяніна, якія адзінока пражываюць. — Адзінокіх увогуле, без родзічаў, у нас не так шмат — каля 11 чалавек. Сем’яў, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы, дзякуй богу, няма. У нашым сельсавеце пражывае 10 шматдзетных сем’яў. Іх штомесяц наведваюць педагогі, прадстаўнікі Мінадукацыі. Таксама на тэрыторыі сельсавета пражывае 46 інвалідаў, у асноўным гэта людзі пенсіённага ўзросту, якія маюць групу інваліднасці. На пастаяннай аснове іх наведваюць прадстаўнікі ТЦСАН.
Як правіла, за 3-4 месяцы ацяпляльнага сезона старыя печкі зношваюцца, у іх узнікаюць расколіны, якія часцей за ўсё становяцца прычынай пажараў. «Таму да такіх домаўладальнікаў — увага асаблівая, — кажа кіраўнік сельсавета. — У цэлым такога, каб хтосьці застаўся без дроў на зіму або з дрэннай печкай, у нас не бывае. У такіх сітуацыях мы выходзім на дзяцей грамадзян, якія адзінока пражываюць, але гэта выключныя выпадкі. Акрамя таго, дзяржпраграмы дазваляюць набыць цвёрдыя віды паліва па зніжанай цане. І такая група людзей гэтым актыўна карыстаецца».
Аксана Жолудзь асабліва падкрэсліла наладжаннае ўзаемадзенянне паміж сельсаветам і адказнымі службамі — МНС, МУС і гэтак далей. Яны адразу адгукаюцца, прыязджаюць па першым сігнале, дапамагаюць у такой важнай рабоце па забеспячэнні бяспекі людзей.
Далёкія, але не забытыя
На Гомельшчыне, у Прыдняпроўі Лоеўскага раёна, дзе да некаторых вёсак даводзіцца дабірацца паромам, людзі навучыліся цаніць увагу і клопат аб іх бяспецы. Рыхтуюць паліва, пераглядаюць печы, правяраюць спраўнасць пажарных апавяшчальнікаў... Такая работа перад ацяпляльным сезонам, вядома, — звыклы рытм жыцця вяскоўцаў. Але каб гэты рытм не збіваўся, не абысціся без надзейнага і адказнага памочніка. Для вяскоўцаў гэта, безумоўна, старшыня сельвыканкама.
Перад зімой у жыхароў населеных пунктаў іх сельсавета, як расказвае старшыня Страдубскага сельвыканкама Лоеўскага раёна Святлана Дзегцярэнка, усё як заўсёды: і работа кіпіць, і клопату хапае, але і людская адказнасць адчуваецца ў кожным двары: не чакаюць, пакуль прыйдуць халады. «Наш сельсавет вялікі: 18 населеных пунктаў. Асаблівасць у тым, што частка з іх знаходзіцца ў зарэчнай зоне, за Дняпром, — тлумачыць Святлана Алегаўна. — Ад цэнтра сельсавета да іх — больш за 130 кіламетраў».
У тых далёкіх цяпер вёсачках жыве 60 чалавек. Сацыяльных аб’ектаў там няма, але людзі не пакінутыя без увагі. Два разы на тыдзень да іх дабіраецца аўтакрама Гомельскага райспажыўсаюза, выязджаюць супрацоўнікі «мабільнай» пошты. «У зарэчнай зоне нашы людзі асабліва адказныя, — адзначае дэпутат. — Яны разумеюць, што жывуць далёка ад цэнтра, таму клапоцяцца пра бяспеку свайго дома ўдвая больш. Нават тыя вяскоўцы, хто ў групе рызыкі, хто можа злоўжываць алкаголем, добра сочаць за сваімі печамі, комінамі, чысцяць дымаходы. Людзі не расхалоджваюцца — і гэта вельмі радуе».
Не толькі ў аддаленай зарэчнай зоне сельсавета, але і на ўсёй тэрыторыі ў населеных пунктах няма газу. Для прыгатавання ежы мясцовыя выкарыстоўваюць прывазныя балоны. Аднак у некаторых у прыватных дамах — электраацяпленне, і гэта вельмі папулярная паслуга. Пра традыцыйныя печы тут таксама не забываюцца. Хто паліць дровамі, загадзя заказвае паліва ў Лоеўскім лясніцтве ці Лоеўскім райжылкамгасе. «Каб прывезці дровы ў тую ж нашу зарэчную частку, машынам трэба пераправіцца паромам. Але нават гэта не праблема: усё адладжана, людзі атрымліваюць паліва без затрымак, — зазначае старшыня сельвыканкма. — На сёння ўсе нашы састарэлыя, інваліды палівам забяспечаны».
- Перад ацяпляльным сезонам, дадае Святлана Алегаўна, у сельсавеце асабліва актыўна працуе аглядальная камісія. «Двойчы на месяц выязджаем вялікім складам у населеныя пункты, наведваем людзей з уразлівых катэгорый: адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетныя сем’і. Наведваем і тых вяскоўцаў, каму цяжка ўтрымаць гаспадарку ў парадку з-за стану здароўя ці залежнасцяў — з імі працуем асобна, уважліва», — кажа Святлана Алегаўна.
Падчас аглядаў камісія не проста правярае, а дапамагае. Калі адзінокі пажылы не можа сам ліквідаваць заўвагі, выходзяць на дзяцей, сваякоў. Калі нядужы пажылы цалкам адзінокі, дапамагае сацслужба. «У нас усе адзінокія пенсіянеры замацаваныя за сацработнікамі, — удакладняе старшыня сельсавета. — Гэтым летам сацслужба раёна забяспечыла ўсіх пажылых і маламаёмасных састарэлых уласнікаў жылля пажарнымі апавяшчальнікамі».
На тэрыторыі сельсавета — 11 шматдзетных сем’яў.
Іх таксама абавязкова наведваюць. Святлана Алегаўна ўдакладняе: «Дзякуй богу, сярод нашых жыхароў няма сем’яў, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы. Але аглядальнай камісіяй абавязкова наведваем сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія. У нас на тэрыторыі 78 дзяцей, у тым ліку 18 — да трох гадоў. Сёння адчуваецца рост адказнасці за бяспеку жылля: у кожнай сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці, усталяваны пажарныя апавяшчальнікі. Цяпер мы ўжо адпрацавалі з выездам назіральнай камісіі ўсіх сваіх адрасатаў з катэгорыі ўразлівых. Працягваем работу з дачнікамі.
У прырэчнай зоне Дняпра ў нас вельмі шмат дачных участкаў, дзе людзі пражываюць у зімовы сезон, таму да іх таксама выязджаем, правяраем бяспеку ўмоў пражывання.
- Пасля кожнага выезду камісіі складаецца акт, дзе пазначаюцца ўсе заўвагі і прапановы. Па выніках — пратакол з канкрэтнымі даручэннямі. Усё строга, але па-людску.«Мы не прыходзім, каб сварыцца, — падкрэслівае Святлана Алегаўна. — Мы прыходзім, каб нагадаць, што бяспека пачынаецца з адказнасці кожнага чалавека, з яго стаўлення да ўласнага дома».
Старшыня сельсавета кажа, што нават адлегласць сёння не перашкаджае быць побач са сваімі землякамі. Яна стварыла чат у сацыяльнай сетцы, куды ўваходзіць больш за 200 жыхароў сельсавета. Людзі могуць патэлефанаваць або напісаць у любы час — паведаміць аб праблеме, параіцца, удакладніць пытанне. «Вельмі зручна, — адзначае старшыня сельсавета. — Калі трэба арганізаваць падвоз дроў, паведаміць пра адключэнне святла ці праінфармаваць людзей, у тым ліку па пытаннях бяспекі, усё вырашаецца аператыўна. І самае галоўнае — людзі адчуваюць, што іх чуюць».
Мы ў сельсавеце заўсёды ўваходзім у становішча і дапамагаем
На тэрыторыі Мастоўскага сельсавета Гродзенскай вобласці пражывае больш за 3000 чалавек у 24 населеных пунктах. Сярод іх ёсць катэгорыі грамадзян, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе. Яны пражываюць у 754 домаўладаннях. Як расказала старшыня Мастоўскага сельсавета Людміла Рагацэвіч, у больш як 260 домаўладаннях пячное ацяпленне:
«Вядома, мы назіраем за дадзенымі катэгорыямі грамадзян, каб правесці прафілактыку, ліквідаваць умовы, якія могуць прывесці да бяды. Пытанням бяспекі ўдзяляем асаблівую ўвагу. Да ацяпляльнага сезона гатовы ўсе домаўладанні, недахопы ліквідаваны, гэта планамерная праца. Дбайна правяраем, калі ёсць нейкія недахопы, заўвагі. Пры выяўленні парушэнняў паведамляем чалавеку, пішам прадпісанне па ўстараненні. Але заўсёды ўваходзім у становішча і дапамагаем, калі з нейкай прычыны чалавек не можа сам прывесці ўсё ў парадак. Асабліва гэта датычыцца адзінокіх пажылых людзей. Абавязкова даецца заяўка ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ёсць супрацоўнікі, якія могуць дапамагчы».
Комплексныя праверкі праходзяць двойчы ў год — увесну і ўвосень. Якія-небудзь дробныя недахопы выпраўляюцца вельмі хутка. Калі патрабуецца больш складаны рамонт печаў, то складаецца спіс хат, дзе гэта неабходна. Такія работы фінансуюцца з раённага бюджэту. Па рашэнні райвыканкама выдзяляюцца сродкі, і падрадчыкі выконваюць неабходныя задачы па дагаворах. «Цяпер прынцып маніторынгу памяняўся. Раней збіралася камісія, і мы праводзілі агляд сумесна. Цяпер жа кожная арганізацыя робіць усё самастойна, а ўзаемадзеянне вядзецца ў праграмна-апаратным комплексе «Інспекткам», — адзначае старшыня сельсавета.
Аказваецца дапамога ў нарыхтоўцы дроў. Адзінокім пажылым людзям выдаецца даведка, у якой указваюць склад сям’і, адрас пражывання і наяўнасць пячнога ацяплення. Гэта даведка падаецца ў Мастоўскі філіял камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам
«Гроднааблпаліва». Жыхары могуць абраць від паліва па сваім меркаванні: брыкеты ці дровы. Арганізацыя прывозіць паліва да дома атрымальніка. Для зручнасці людзей, асабліва пажылых і маламабільных грамадзян, прадугледжана дадатковая дапамога.
Але работа на праверцы бяспекі не заканчваецца. Напрыклад, калі дом чалавека не падыходзіць для пражывання ў халодную пару года, то на зіму яму выдзяляецца сацыяльны ложак у Курылавіцкай ці Дубенскай бальніцах. Калі жыллё зусім непрыдатнае, але чалавек можа сам сябе абслугоўваць, яму прапануюць пераехаць у дом сумеснага пражывання. У каго яшчэ больш складаная сітуацыя, няма ні сваякоў, ні дзяцей, то ім прапануюць пражыванне ў доме-інтэрнаце.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
Фота БелТА