Top.Mail.Ru

Кастрычнік аб'яўлены месяцам адукацыйнага турызму

У падарожжа — па веды

Самымі папулярнымі лакацыямі для экскурсій школьнікаў сёлета, у юбілейны год Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, былі мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой» і «Хатынь», гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», Музей Вялікай Айчыннай вайны. Штогод у краіне ладзіцца некалькі дзясяткаў тысяч экскурсій, у якіх прымаюць удзел сотні тысяч дзяцей і падлеткаў. Сёлета месяц адукацыйнага турызму будзе прысвечаны знаёмству нашай моладзі і замежнікаў не толькі з гісторыка-культурнай, рэлігійнай спадчынай і прамысловым патэнцыялам Беларусі, але і з яе адукацыйнымі магчымасцямі.

Экскурсіі, семінары, фэсты

Асноўныя мерапрыемствы месяца адукацыйнага турызму — розныя экскурсіі для навучэнцаў, у тым ліку прафарыентацыйныя, наведванне музеяў, рэспубліканскія акцыі, фестывалі і семінары. Пад адукацыйным турызмам можна разумець і дзейнасць па прыцягненню замежных грамадзян для атрымання адукацыі ў Беларусі.

Як нагадала кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Дар’я ШЫБЕКА, летась адукацыйнаму турызму быў прысвечаны студзень. Тады прайшло каля 380 мерапрыемстваў, у якіх паўдзельнічала больш за 56 тысяч чалавек.

Працягваецца работа па распрацоўцы тытульных маршрутаў турыстычных вандровак. Гэта мноства варыянтаў і для адукацыйнага турызму, бо такія маршруты — выдатная аснова для арганізацыі школьных і студэнцкіх паездак, а таксама для самастойных падарожжаў. Акрамя таго, уклад у развіццё адукацыйнага турызму ўносяць і 44 турыстычныя інфармацыйныя цэнтры, якія гатовы да цеснага супрацоўніцтва з установамі адукацыі.

Як і ў папярэднія месяцы, дэпартамент і Нацыянальнае агенцтва па турызме прадоўжаць арганізацыю выязных адукацыйных семінараў (сёлета іх адбылося ўжо 11) для прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі. 28 кастрычніка запланаваны чарговы выязны семінар, на якім будзе прэзентавана новая інклюзіўная экскурсія «Летапіс Ваўкавыска», распрацаваная летась па заказеНацыянальнага агенцтва.

Як адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Міністэрства адукацыі Алена АНУФРОВІЧ, вялікая ўвага ва ўстановах адукацыі надаецца развіццю адукацыйнага турызму. Распрацаваны адукацыйныя школьныя маршруты па Беларусі «Пазнаём. Гана-

рымся. Захоўваем», якія складаюцца з двух блокаў: маршрутаў па ўсёй краіне і асобных тураў па кожнай вобласці. Кожны з іх прадугледжвае знакавыя гістарычныя, культурныя і прыродныя аб’екты. Напрыклад, праграма па ўсёй Беларусі уключае Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу, замкавы комплекс «Мір». Рэгіянальныя маршруты па Брэстчыне ўключаюць наведванне школьнікамі Камянецкага касцёла святых Пятра і Паўла, Камянецкай вежы, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава. Пералік маршрутаў размешчаны на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Праекты і праграмы

Прывабіць замежнікаў у беларускія ВНУ — адзін з кірункаў адукацыйнага турызму. Цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі ставіць перад сабой мэту павысіць прывабнасць Беларусі як краіны з высокім узроўнем адукацыйнага турызму і прасоўваць айчынныя адукацыйныя паслугі на замежныя рынкі. А дасягнуць гэтага можна праз два ключавыя напрамкі: развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і развіццё адукацыйнага турызму, расказала начальнік аддзела адукацыйнага турызму і экспарту паслуг Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Ганна ЯНУШКЕВІЧ.

У краіне быў запушчаны праект «Адукацыйная карта Беларусі», які дае навучэнцам і абітурыентам магчымасць наведаць навучальныя ўстановы, пазнаёміцца з навучальным працэсам, наведаць заняткі і пагрузіцца ў студэнцкае жыццё. Удзел у праграме дапамагае навучэнцам і іх бацькам зарыентавацца ў разнастайнасці адукацыйных устаноў нашай краіны пры выбары будучай прафесіі, даведацца пра новыя факты пра Беларусь. Немалаважна, што ўдзельнікі праграмы забяспечваюцца пражываннем, транспартам і могуць удзельнічаць у культурна-экскурсійных мерапрыемствах.

Таксама цэнтр праводзіць экскурсійна-адукацыйныя праграмы для студэнтаў, выкладчыкаў і замежных грамадзян, накіраваныя на азнаямленне з гісторыка-культурнай спадчынай і традыцыямі беларускага народа. У 2025 годзе арганізавана больш за 50 экскурсійна-пазнавальных праграм.

Падчас месяца адукацыйнага турызму Цэнтрам міжнародных сувязяў запланаваны розныя мерапрыемствы, уключаючы ўдзел у калектыўнай экспазіцыі адукацыі Беларусі ў Туркменістане, арганізацыю навучальных візітаў у Беларусь і фізіка-матэматычны фестываль, які адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю