Чым прыцягнуць інвестара? Асабліва невялікай краіне, у якой няма велізарных прыродных рэсурсаў, невялікая ёмістасць унутранага рынку, сціплая ў сусветным маштабе фінансавая сістэма... Адразу згадваецца стандартны інструментарый: паляпшаць дзелавы клімат, даваць ільготы і прэферэнцыі, абараняць інтарэсы інвестараў — несумненна, важныя крытэрыі пры ацэнцы інвестыцыйнай прывабнасці дзяржавы, але далёка не галоўныя. У невялікіх дзяржаў ключавым магнітам для прыцягнення капіталу з’яўляецца чалавечы капітал. Такі тэзіс прагучаў на міжнароднай канферэнцыі «ЕАЭС. Інвестыцыі без меж», якая прайшла нядаўна ў Мінску.
Усе краіны хочуць прыцягнуць інвестыцыі і ствараюць для іх розныя цяплічныя ўмовы. За адных і тых жа інвестараў змагаюцца ўсе. Канкурэнцыя прысутнічае на розных узроўнях: глабальным, у рамках інтэграцыйных аб’яднанняў і нават паміж рэгіёнамі вялікіх краін. І ўсе імкнуцца стварыць найбольш цяплічныя ўмовы для капіталу: ільготы па падатках, спрошчаны доступ да інфраструктуры, іншыя прэферэнцыі. Аднак ці з’яўляюцца гэтыя пернікі ключавым фактарам? Так, з’яўляюцца, але яны не безумоўна пераважаюць.
Узяць, напрыклад, кейс Арменіі. Па якасці дзелавога асяроддзя краіна з’яўляецца вельмі прывабнай. Па розных параметрах інвестыцыйнага клімату краіна займае высокія месцы ў міжнародных рэйтынгах. Але да шырокага патоку інвестыцый, як са шкадаваннем адзначыла загадчыца кафедры эканомікі і фінансаў расійска-армянскага ўніверсітэта Марыям Васканян, гэтыя намаганні пакуль не прывялі. І, мяркуючы па ўсім, прэферэнцыйныя рэжымы не змогуць прыцягнуць капітал і ў будучыні. У чым прычына?
Унутраны рынак краіны вельмі абмежаваны і не можа зацікавіць больш-менш буйных інвестараў. Геапалітычная сітуацыя вакол Ерэвана з’яўляецца напружанай, таму патэнцыял лагістычнага хаба, наканаваны геаграфічным становішчам, выкарыстоўваць сёння не ўяўляецца магчымым. Акрамя таго, ёсць яшчэ адзін неспрыяльны фактар: за апошнія 3-4 дзесяцігоддзі ў Арменіі адбывалася дэіндустрыялізацыя. Кааперацыйныя сувязі з буйнымі прадпрыемствамі ў іншых краінах згубіліся, цяжкая прамысловасць літаральна вымерла. Іншымі словамі, адсутнічаюць індустрыяльныя пляцоўкі, якія маглі б у той ці іншай форме выступаць варотамі для ўваходу новых інвестыцый.
Тым не менш у Арменіі ёсць адна з казырных карт, якая, на думку Марыям Васканян, выкарыстоўваецца пакуль не ў поўную сілу: высокі індэкс чалавечага развіцця. Па меркаванні эксперта, у невялікіх дзяржаў інтэлектуальныя рэсурсы з’яўляюцца ключавым фактарам для прыцягнення інвестыцый.
Трансфармаваць чалавечы капітал у інвестыцыі, капітал і ў выніку ў драйвер развіцця эканомікі — вельмі няпростая задача. У адрозненне ад іншых фактараў вытворчасці, інтэлектуальны капітал калі і аблічбаваны, то вельмі прыблізна. Часцей прысутнічаюць нейкія агульныя ацэнкі. Асабліва пры параўнанні з улікам іншых рэсурсаў. Калі гаворым аб прыродных багаццях — карысных выкапнях, лясных і сельскагаспадарчых угоддзях і іншых, то ўсё ацэнена, прааналізавана, палічана. Чалавечы капітал не ўціснуць у гэтыя метрыкі. Сапраўды, магчымасці чалавечага мозга да канца не вывучаны, яны лічацца бязмежнымі і таямнічымі. І ўціснуць інтэлектуальны складнік у нейкія лічбавыя формулы ўяўляецца вельмі складаным, амаль немагчымым і ў нейкай ступені нават цынічным.
Так, алічбаваць гэты крытэрый няпроста. Складанасць алічбоўкі чалавечага капіталу заключаецца ў тым, што няма міжнароднага вопыту. Звычайна ў тых ці іншых эканамічных канструкцыях піянерамі выступаюць вялікія краіны. Але вялікія дзяржавы могуць у агульных рысах улічваць інтэлектуальны капітал у сваіх інвестыцыйных стратэгіях, бо ў іх пераважаюць іншыя магутныя фактары: высокая ёмістасць унутранага рынку, наяўнасць прыродных рэсурсаў. Эфектыўна выкарыстоўваць чалавечы капітал найбольш актуальна якраз для невялікіх і сярэдніх дзяржаў, да якіх адносіцца і Беларусь.
Дарэчы, на карпаратыўным узроўні праблема ўліку чалавечага капіталу не цалкам, але вырашана. І ён улічваецца пры ажыццяўленні здзелак куплі-продажу бізнесу і пры здзелках зліццяў і паглынання. Наяўнасць кваліфікаванага персаналу, інтэлектуальных рэсурсаў можа павысіць цану актыву да 20–30 %. Гэта вельмі сур’ёзная прэмія, і дадзены фактар неабходна і мэтазгодна выкарыстоўваць для прыцягнення інвестараў.
Іншае пытанне, што неабходна ісці ў тыя рэгіёны, якія гатовы плаціць за чалавечы капітал. Напрыклад, сёння шмат фінансавых рэсурсаў сканцэнтравана ў розных фондах у дзяржавах Персідскага заліва. Яны ахвотна інвестуюць за мяжу, але ў аснове сваёй у фінансавы сектар, нерухомасць і вытворчасць прадуктаў харчавання. У апошнім выпадку аддаюць перавагу гатоваму бізнесу: з зразумелымі вытворчымі працэсамі, фінансава-эканамічнымі паказчыкамі, сфарміраванымі працоўнымі калектывамі. Арабскія фонды гатовы ўкладваць грошы і ў інавацыйныя праекты, але ключавым момантам з’яўляецца наяўнасць каманды, пад што выдаюцца рэсурсы. Якраз той выпадак, калі ёсць магчымасць прыцягнуць інвестыцыі пад інтэлектуальны капітал.
Аляксей КЛІМАЎ