Top.Mail.Ru

Імідж — усё!

07.10.2025 | 07:00
Значыць, трэба... мыць вушы

Мы, жанчыны, звычайна любім пасядзець, пастаяць, пакруціцца перад люстэркам. Нас, здаецца, хлебам не кармі — дай у нешта прыбрацца, хораша прычасацца, падмаляваць сабе вочкі і вусны, зрабіць манікюр. Але ж і мужчыны часам не адстаюць: мая прыяцелька пра свайго мужа цэлую гісторыю расказала.

Пачала з таго, што ён перад чарговай камандзіроўкай позна лёг і вельмі рана ўстаў, паглядзеўся ў люстэрка і сам сабе не спадабаўся: твар чырвоны, апухлы, пад вачыма «мяшкі»... Ведама, недаспаў... А тут яшчэ жонка хутка прыйдзе з начной — ён абяцаў ёй дранікаў насмажыць.

Прыйшлося, беднаму, пасунуцца ў кухню, з горам папалам начысціць, натаркаваць бульбы — памацаць, што атрымалася, і раптам успомніць, што такое цеста (недзе ж чуў ці чытаў?!) старыя людзі накладвалі на балючыя месцы, на раны, што яно адцягвала жар. «Дык гэта ж — падумаў — якраз тое, што доктар прапісаў! Трэба паспрабаваць, праверыць, ці праўда».

Для гэтага Антось у меншую пасудзіну адабраў ладную порцыю гусцейшага месіва і пакіраваў з ім назад да ложка: улёгся на спіну, роўным слоем намазаў твар, куды большым — «ямкі» вачэй.

Ад халоднай гушчы яму і сапраўды адразу палягчэла, прычым настолькі, што... зноў заснуў.

...Тым часам з работы вярнулася гаспадыня, ацаніла «парадак» на кухні, а ў спальні — аж закрычала, бо Антось нерухома ляжаў на спіне і, як ёй здалося, ужо не дыхаў.

Ад крыку, дзякуй богу, ачнуўся, патрос галавой, абмацаў рукамі твар, расказаў сваёй палавіне, што да чаго. Разам з ёй яшчэ пасмяяліся, потым насмажылі дранікаў і хутка паснедалі, бо Антосю ж трэба ехаць: у яго камандзіроўка, цягнік.

Добра, што да вакзала рукою падаць і білеты ў кішэні. Значыць, дабегшы, можна адразу ў вагон, у купэ, на паліцу і (усё правільна!) трохі паспаць.

Якраз так Антось і зрабіў.

Прачнуўся (трэці раз за раніцу) ад таго, што правадніца трасе яго за плячук, нешта гаворыць, а ён... амаль нічога не чуе. Спалохаўся, патрос галавой, пасядзеў, прычасаўся і схадзіў памыўся — нічога не змянілася: вушы (да бабкі не хадзі!) нібы ватай заткнутыя. А наперадзе ж камандзіроўка: трэба прадстаўляць сваю фірму, сустракацца, гутарыць з людзьмі. Як?

Першая думка — спытаць у жонкі, бо ў каго ж яшчэ: хто ў доме галоўны доктар? Хто можа выслухаць і нешта параіць?

Вось і ў той раз яна штосьці ўдакладняла, пыталася, казала яму... Ён пытаў, перапытваў і ўсё роўна нічога не разумеў. Прыйшлося напісаць СМС: у мяне, маўляў, заклала вушы, я амаль нічога не чую. Што рабіць?!

Хвала мабільнай сувязі: амаль тут жа прыйшоў адказ: «Памый вушы. Туды мог патрапіць крухмал».

...Жонка, як заўжды, мела рацыю, бо паведамленне аб тым, што цягнік прыбывае на канцавую станцыю, Антось ужо пачуў, прычым добра.

Валянціна Богдан

г. Лунінец

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю