Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча з парламентарыямі В’етнама

Народная дыпламатыя высокага ўзроўню



На пачатку сустрэчы Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА выказаў спачуванне в’етнамскім калегам, у цэлым народу гэтай краіны ў сувязі з трагічнымі наступствамі тайфуна, які абрынуўся на паўночныя і цэнтральныя раёны сацыялістычнай рэспублікі, пазбавіў жыцця дзясяткі людзей, нанёс сур’ёзную эканамічную шкоду. Спікер пажадаў в’етнамскаму народу, стойкаму ва ўсіх цяжкасцях, хутчэй аднавіць у гэтых раёнах нармальнае жыццё, а таксама далейшага росквіту і дабрабыту і краіне, і непасрэдна гэтым правінцыям.

«Задача парламентарыяў — рэалізацыя дамоўленасцяў, дасягнутых на найвышэйшым узроўні»

«Беларусь надае важнае значэнне выбудоўванню эканамічных і гуманітарных адносін, у цэлым сяброўскім кантактам з В’етнамам, — акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка. — У бягучым годзе нашы адносіны выйшлі на новы ўзровень, дзякуючы кантактам і ўзаемадзеянню нашых лідараў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Лама. Візіт Генеральнага сакратара, які адбыўся ў маі гэтага года, фактычна адкрыў новую старонку ў нашым супрацоўніцтве: было падпісана Пагадненне аб стратэгічным партнёрстве — гэта больш высокі ўзровень нашага ўзаемадзеяння».

NPET2454_result.jpg

Па словах спікера, задача парламентарыяў — рэалізацыя ў зоне сваёй адказнасці тых дамоўленасцяў, якія дасягнуты на найвышэйшым узроўні. Кантакты, якія склаліся паміж беларускімі і в’етнамскімі парламентарыямі на ўзроўні груп дружбы, з’яўляюцца важнымі і перспектыўнымі. Гэта першы візіт членаў групы дружбы «В’етнам — Беларусь» у нашу краіну. 

«Мы ўспрымаем гэта як далейшы крок па развіцці нашых адносін, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — Групы дружбы павінны паставіць на жорсткі кантроль выкананне сумесных рашэнняў, якія прымаюцца кіраўніцтвам нашых заканадаўчых органаў. Таксама разлічваем на працяг канструктыўнага ўзаемадзеяння з парламентам В’етнама ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку ў адстойванні шматбаковых падыходаў, непрымальнасці эканамічных санкцый з мэтах аказання ціску на дзяржавы».

Нашы краіны актыўна супрацоўнічаюць у рамках Міжпарламенцкага саюза, Руху недалучэння і Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН. Беларускі бок бачыць добрыя перспектывы ўзаемадзеяння ў парламенцкім вымярэнні і ў рамках БРІКС з улікам атрымання Беларуссю і В’етнамам статуса краін-партнёраў.

«Прыярытэтным кірункам для абедзвюх краін, у тым ліку парламентаў, з’яўляецца далейшае развіццё дагаворна-прававой базы, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Зусім нядаўна ўступіла ў сілу Пагадненне аб адмене віз для уладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Упэўнены, што ў бліжэйшы час мы адчуем аддачу: рост турызму, дзелавых паездак і нашых грамадзян, і жыхароў В’етнама ў нашу краіну. Літаральна на наступным тыдні з Мінска адправіцца першы прамы авіярэйс на Фукуок».

NPET2553_result.jpg

Ігар Сергяенка падкрэсліў, што в’етнамскія парламентарыі могуць разлічваць на падтрымку сваіх беларускіх калег, канструктыўную і адказную пазіцыю Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Спікер выказаў упэўненасць, што ў ходзе візіту члены групы дружбы «В’етнам — Беларусь» будуць мець магчымасць абмеркаваць усе пытанні, якія іх цікавяць, і выбудаваць далейшую работу. 

«Гэта і пытанні, якія датычацца актывізацыі гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага, культурнага супрацоўніцтва, іншых кірункаў, па якіх мы можам як парламентарыі зрабіць свой унёсак, — канкрэтызаваў спікер. — У нас яшчэ ёсць рэзервы для актывізацыі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва». 

У гэтым Ігар Сергяенка пераканаўся асабіста, калі падчас візіту ў В’етнам для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 80-годдзя Жнівеньскай Рэвалюцыі і Дня незалежнасці гэтай краіны наведваў правінцыю Лаокай.

«В’етнамскі народ ніколі не забудзе вашу дапамогу»

Кіраўнік парламенцкай групы дружбы «В’етнам — Беларусь», намеснік старшыні Камітэта Нацыянальнага сходу Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам па справах дэпутатаў Туан Ань НГУЕН звярнуў увагу на тое, што В’етнам заўсёды імкнецца да цеснага супрацоўніцтва з Беларуссю па розных кірунках. «Напрыклад, па каналах партый, урадаў, народнай дыпламатыі», — канкрэтызаваў ён.

Кіраўнік парламенцкай групы дружбы нагадаў, што дыпламатычныя адносіны Беларусі і В’етнама пачаліся ў студзені 1992 года. «Палітычнае ўзаемадзеянне паміж дзвюма краінамі заснавана на традыцыйным сяброўстве, даверы і ўзаемапаразуменні, — падкрэсліў ён. — Мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго на самым высокім узроўні. Пацвярджаем, што в’етнамскі народ ніколі не забудзе вашу дапамогу ў самыя складаныя гады. Будзьце ўпэўнены ў тым, што мы гэта заўсёды будзем памятаць і будзем вам удзячныя».

Даслоўна

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам В’етнама Алег ДЗЯЧЭНКА:

«Дзякуючы нацыянальным лідарам, адносіны паміж Беларуссю і В’етнамам выйшлі на стратэгічны шлях развіцця. Вельмі актыўна развіваецца ўзаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, ёсць перспектывы ў сферы гуманітарнага ўзаемадзеяння. Вельмі важныя кантакты ў парламенцкім вымярэнні: парламенцкая дыпламатыя дазваляе нам абараняць інтарэсы і беларускага, і в’етнамскага народаў, у прыватнасці, на міжнародных пляцоўках. 

Праграма візіту парламенцкай дэлегацыі В’етнама ў Беларусь вельмі насычаная. У прыватнасці, запланавана наведванне флагманаў айчыннай прамысловасці: Мінскага трактарнага завода, БЕЛАЗА. Акрамя таго, нашы в’етнамскія калегі пабываюць у шэрагу арганізацый і ўстановах гандлю, медыцынскага абслугоўвання: з нашымі сябрамі падзелімся самым лепшым вопытам развіцця беларускай эканомікі, сацыяльнай сферы. Нам ёсць што прапанаваць краінам Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам. У той жа час, в’етнамскія калегі прапаноўваюць канкрэтныя мерапрыемствы, рэалізацыя якіх дазволіць умацаваць наша сяброўства, узаемапаразуменне паміж нашымі народамі».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю