На самай справе пошта застаецца важным звяном сувязі для многіх людзей, выконвае важныя сацыяльныя функцыі, а паштальёны і сёння жаданыя госці. Сусветны дзень пошты, які адзначаецца 9 кастрычніка, прафесійнае свята для больш чым 17 тысяч работнікаў сферы.
Даступнасць і якасць — для кожнага
Паштовая сетка сёння ахоплівае ўсю тэрыторыю краіны. Штодня больш за 17 тысяч супрацоўнікаў даюць звыш 50 відаў паслуг, у тым ліку дастаўляюць пенсіі і сацыяльныя выплаты больш чым 530 тысячам жыхароў сельскай мясцовасці і пажылым грамадзянам па ўсёй краіне. Як адзначае Святлана ЮРКЕВІЧ, генеральны дырэктар РУП «Белпошта», перасылаецца каля 150 мільёнаў пісьмаў, 8 мільёнаў пасылак і 6 мільёнаў грашовых пераводаў кожны год. Арганізуецца падпіска і дастаўка друкаваных выданняў (каля 130 мільёнаў экзэмпляраў у год). Да таго ж паштовыя адпраўленні з Беларусі дастаўляюцца больш як у 220 дзяржаў свету, у большасці сваёй — у Кітай і Расію.
Многія паштовыя паслугі залежаць ад якасці тэлекамунікацый, таму Міністэрства сувязі і інфарматызацыі імкнецца зрабіць свае паслугі максімальна зразумелымі і даступнымі для ўсіх грамадзян Беларусі. Дзмітрый КОРЗУН, начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектра Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, адзначыў: «Сёння ў рамках праграмы лічбавага развіцця мы завяршаем будаўніцтва інфраструктуры да населеных пунктаў, дзе ёсць 50 і больш двароў. Аднак застаецца значная колькасць невялікіх сельскіх населеных пунктаў, куды правесці стацыянарныя лініі сувязі эканамічна стратна, таму мы плануем вырашаць гэту задачу за кошт актыўнага развіцця сетак сотавай рухомай электрасувязі». У сельскай мясцовасці нярэдкія выпадкі, калі паштальён становіцца адзіным пасрэднікам паміж пакупніком і прадаўцом. Таму запатрабаванай у вёсках застаецца рэалізацыя тавараў паўсядзённага попыту, гадавы тавараабарот па якіх дасягае 220 мільёнаў рублёў.
Заслугі работнікаў пошты ў дасягненнях прадпрыемства адзначыла Святлана Юркевіч: «Іх праца няпростая: кожны паштальён штодня праходзіць у сярэднім 12-13 кіламетраў. Гэта фізічна цяжкая, але вельмі важная праца, і выконваюць яе па-сапраўднаму адданыя справе людзі, — падкрэсліла генеральны дырэктар. — Мы стараемся паляпшаць умовы іх працы. Напрыклад, ужо рэалізоўваем пілотны праект — частка паштальёнаў Мінска перамяшчаецца на электрасамакатах. Спачатку работнікі ставіліся да гэтага насцярожана, але цяпер з усмешкай гавораць, што з задавальненнем ідуць на работу». Дарэчы, сярэдні ўзрост работніка пошты складае 45 гадоў, а 17 % ад усіх супрацоўнікаў — гэта моладзь. Штогод «Белпошта» працаўладкоўвае сотні маладых спецыялістаў: напрыклад, сёлета з профільных навучальных устаноў прыйшло каля 330 чалавек.
Новыя праекты на карысць эфектыўнасці
З 2021 года функцыянуе нацыянальная паштовая электронная сістэма, закліканая пераводзіць пісьмовую карэспандэнцыю ў лічбавую форму. На дадзены момант у ёй зарэгістравана больш за 6 тысяч карыстальнікаў, сярод якіх ёсць і буйныя арганізацыі: Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства юстыцыі і іншыя. Праз сістэму ўжо прайшло больш за 3,5 мільёна электронных адпраўленняў. Да таго ж сэрвіс не толькі зручны, але і бяспечны: даныя захоўваюцца на дзяржаўных атэставаных рэсурсах, а кожная дастаўка пацвярджаецца юрыдычна.
Уласны мабільны дадатак «Белпошта» запусціла ўсяго год таму, але ён ужо мае больш за 190 тысяч карыстальнікаў, якім штомесяц аказваецца каля мільёна паслуг. Іх таксама мноства: сэрвіс дазваляе аформіць і аплаціць адпраўленне, выклікаць кур’ера, запісацца ў аддзяленне сувязі на пэўны час і тым самым пазбегнуць чакання ў чарзе. Але самым папулярным сярод беларусаў застаецца асабісты кабінет — ім карыстаецца больш за 500 тысяч кліентаў «Белпошты». Нешматлікія, але вельмі перспектыўныя цяпер QR-боксы — з іх дапамогай можна самастойна аформіць і адправіць пасылку без удзелу аператара. Калі ў пачатку года такіх прылад было 30, то сёння іх ужо 50, і сетка працягвае расці. Фактычна працэсы афармлення і перадачы пасылкі на дастаўку такім чынам цалкам алічбаваны. Асаблівай увагі заслугоўвае і апаратна-праграмны комплекс «Мабільны паштальён». Поўнасцю айчынны сэрвіс быў запушчаны ў 2019 годзе, а ўжо ў 2021-ым ахапіў усю краіну. Галоўная яго функцыя — магчымасць дома аказваць увесь той комплекс паслуг, які звычайна даступны толькі ў стацыянарных аб’ектах паштовай сувязі. Ужо налічваецца каля 6 тысяч прылад «Мабільнага паштальёна», праз якія штомесяц аказваецца каля 3 мільёнаў паслуг на суму звыш 370 мільёнаў рублёў.
Наступным лагічным крокам і рашэннем, прадыктаваным часам, стала для «Белпошты» стварэнне ўласнага маркетплэйса. Як заўважыла Святлана Юркевіч, электронны гандаль актыўна развіваецца ва ўсім свеце. Наша краіна не стала выключэннем, таму пошта ўзяла курс на стварэнне пляцоўкі, якая будзе аб’ядноўваць прадаўцоў і пакупнікоў з усёй Беларусі. Ужо 1 кастрычніка новая сістэма была запушчана ў доследна-прамысловую эксплуатацыю з абмежаваным колам карыстальнікаў. Перад запускам быў старанна вывучаны вопыт існуючых маркетплэйсаў. Адказна падышлі і да выбару распрацоўшчыкаў, ключавых функцый платформы. Цяпер ідзе адладка ўсіх тэхналагічных працэсаў: тэсціруецца аплата банкаўскімі карткамі, фарміраванне картак тавараў, а таксама актыўна папаўняецца асартымент ад айчынных вытворцаў і пастаўшчыкоў, якія бачаць у новай платформе рэальную магчымасць для прасоўвання сваёй прадукцыі. Да лістапада плануецца паўнацэнны запуск маркетплэйса, а пакуль рабочая група сумеснымі намаганнямі з канцэрнам «Беллегпрам» і Асацыяцыяй прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці прыцягвае да ўдзелу вядучыя кампаніі беларускага рынку.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц