Top.Mail.Ru

Сем аспектаў электаральнага суверэнітэту

08.10.2025 | 13:00
Устойлівае развіццё дзяржавы і работа з моладдзю

Сем важных аспектаў дзейнасці для забеспячэння электаральнага суверэнітэту назваў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка падчас міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Фарміраванне прававой культуры насельніцтва як фактар гарманізацыі і ўстойлівасці выбарчага працэсу» ў рамках ІІ Міжнароднага электаральнага форуму, які праходзіць у Мінску.

Тэматыка канферэнцыі, як і мерапрыемстваў форуму ў цэлым, абумоўлена пошукам адказаў на сучасныя выклікі і праблемы ў галіне забеспячэння электаральнага суверэнітэту. Тут старшыня ЦВК выдзеліў некалькі важных аспектаў дзейнасці.

Гаворачы аб першым аспекце — устойлівым сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржавы, Ігар Карпенка адзначыў, што ва ўмовах жорсткай барацьбы за рынкі збыту і доступ да рэсурсаў змогуць выстаяць тыя дзяржавы, эканамічная мадэль якіх будзе ўстойлівай да сучасных выклікаў. Пры гэтым устойлівасць — такі стан сістэмы, пры якім магчыма процістаянне не толькі агрэсіўным уздзеянням знешняга асяроддзя, але і ўнутраным неспрыяльным фактарам развіцця.

«На жаль, эканамічныя праблемы, якія ствараюцца ўсялякімі санкцыямі і гандлёвымі войнамі, аказваюць уздзеянне ў тым ліку на электаральны суверэнітэт, выкарыстоўваюцца ў якасці механізму дасягнення геапалітычных мэт асобнымі дзяржавамі. Значыць, у аснове ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту, падтрымання стабільнасці ў грамадстве, забеспячэння бяспекі і грамадскай згоды знаходзіцца моцная эканоміка і моцная сацыяльная палітыка, накіраваная на павышэнне дабрабыту народа», — сказаў старшыня ЦВК.

  • Другі аспект — рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, якая нацэлена на перадачу вопыту папярэдніх пакаленняў, стварэнне ўмоў для самарэалізацыі і раскрыцця патэнцыялу моладзі ў інтарэсах грамадства і дзяржавы. «Вельмі важна паказваць маладым людзям значнасць іх удзелу ў кіраванні дзяржавай, тлумачыць, з якой мэтай праводзяцца выбары і чаму кожны грамадзянін павінен рэалізоўваць свае выбарчыя правы, — упэўнены кіраўнік ЦВК. — Пераадоленне абсэнтэісцкіх поглядаў, праяў нігілізму сярод моладзі патрабуюць распрацоўкі комплексных мер, накіраваных на фарміраванне пазітыўнага светапогляду і прыцягненне да актыўнага грамадзянскага ўдзелу».

Паводле слоў Ігара Карпенкі, невыпадкова ў праграме электаральнага форуму і канферэнцыі чырвонай ніццю праходзіць маладзёжная тэматыка. Дыскусіі, сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі, клубы маладых выбаршчыкаў, дзейнасць маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і фарміраванняў — усё гэта накіравана на развіццё метадаў работы ў маладзёжным асяроддзі, у аснове якіх закладзены прынцып «роўны навучае роўнага».

Трэці аспект — інфармацыйныя тэхналогіі. Так, пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў значную ролю адыгрываюць інфармацыйныя стратэгіі. Стварэнне эфектыўных каналаў камунікацыі і паляпшэнне медыйнай дасведчанасці насельніцтва дасць магчымасць фарміраваць усвядомленую грамадска-

палітычную думку, здольнасць насельніцтва крытычна ставіцца да знешніх інфармацыйных уздзеянняў.

Старшыня ЦВК указаў, што сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дасягнулі такога ўзроўню, што па зададзеных чалавекам крытэрыях аўтаматычныя сістэмы здольны генерыраваць і размяшчаць у сетцы не толькі тэкст, але і аўдыявізуальныя матэрыялы, якія нельга адрозніць ад рэальных. Пры гэтым хуткасць такога распаўсюджвання робіць практычна немагчымым барацьбу з фэйкамі традыцыйнымі сродкамі. Невыпадкова Прэзідэнт Беларусі неаднаразова выказваў занепакоенасць наконт перспектыў бескантрольнага выкарыстання магчымасцяў штучнага інтэлекту.

Сусветныя дзяржавы сінхронна перагледзелі стратэгіі развіцця штучнага інтэлекту. Расія, Кітай, ЗША і Еўропа сыходзяцца на думцы, што штучны інтэлект у найбліжэйшай будучыні стане базавай тэхналогіяй, якая вызначае становішча дзяржавы на сусветнай арэне. «Таму прамаруджванне ў гэтай гонцы недапушчальна як у цэлым, так і ў электаральнай сферы ў прыватнасці. У сувязі з гэтым вывучэнне ШІ і ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у кантэксце забеспячэння электаральнага суверэнітэту бачыцца актуальнай задачай для арганізатараў выбараў», — лічыць Ігар Карпенка.

Прадаўжаючы тэму, у якасці чацвёртага аспекта старшыня ЦВК назваў кансалідацыю палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. У сувязі з гэтым, лічыць ён, канструктыўны грамадскі рух можа і павінен удзельнічаць у распаўсюджванні ведаў аб выбарчай сістэме і асноўных этапах выбарчага працэсу. Такое супрацоўніцтва з арганізатарамі выбараў дасць магчымасць распрацоўваць сумесныя адукацыйныя праграмы, рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты і мерапрыемствы, якія дапамогуць людзям усвядоміць значнасць іх удзелу ў выбарах.

«Такім чынам, аб’яднанне практычнага вопыту і ведаў, рэсурсаў і намаганняў пры эфектыўнай каардынацыі дзеянняў прывядзе ўдзельнікаў грамадскага руху да ўзмацнення свайго палітычнага ўплыву, павышэння электаральнай культуры насельніцтва. 

А значыць, пасадзейнічае ўмацаванню электаральнага суверэнітэту», — сказаў Ігар Карпенка.

Акрамя таго, найважнейшымі аспектамі з’яўляюцца навучанне і падрыхтоўка суб’ектаў выбарчага працэсу, актывізацыя экспертнай супольнасці, міжнароднае супрацоўніцтва, дадаў старшыня ЦВК.

Як развіццё сістэмы міжнароднага назірання за выбарамі ўплывае на развіццё прававой культуры грамадства, расказаў на канферэнцыі першы намеснік Генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка.

«Прававая культура грамадства адыгрывае вельмі значную, калі не вызначальную ролю ў правядзенні сумленных і справядлівых выбараў. Не закранаючы ўсе фактары, якія ўплываюць на ўзровень прававой культуры выбаршчыкаў, засяроджу ўвагу на тых, якія наўпрост уздзейнічаюць на безумоўнае прыняцце грамадствам вынікаў выбараў, што садзейнічае стабільнасці палітычнай сістэмы. У гэтым плане адным з важных фактараў фарміравання прававой культуры выбаршчыкаў з’яўляецца выкананне прынцыпу адкрытага і галоснага характару выбараў. 

Ён мае на ўвазе ўсебаковае інфармаванне грамадзян пра ўсе складнікі выбарчага працэсу, у тым ліку дзейнасць арганізатараў выбараў, звесткі аб кандыдатах, магчымасць азнаямлення з іх праграмамі і гэтак далей, аж да парадку галасавання і падвядзення вынікаў выбараў. Даванне такой інфармацыі дазваляе выбаршчыкам усебакова ацаніць ход электаральнай кампаніі і зрабіць усвядомленую выснову аб справядлівасці праведзеных выбараў».

Першы намеснік генеральнага сакратара СНД дадаў, што яшчэ адным пацвярджэннем сумленнасці выбараў з’яўляецца грамадскае і міжнароднае назіранне за іх правядзеннем. «Незалежная ацэнка выбарчай кампаніі, якую даюць міжнародныя наглядальнікі, успрымаецца выбаршчыкамі як вердыкт, які пацвярджае выкананне закона на ўсіх этапах электаральнага працэсу», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю