Узімку бульба будзе па рублі за кілаграм. Дакладней, крыху даражэй — 1 рубель 7 капеек. Такі цэнавы парог устанавіла для нацыянальнага караняплода Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Прынамсі, для агародніны, якая будзе паступаць у рамках дзяржаўнага заказу. Мне як спажыўцу пазначаная рамка нават вельмі імпануе. Мяркую, што мяжа можа збянтэжыць фермераў і вытворцаў. Магчыма, не цяпер, а пазней. Цяпер пік збору свежага ўраджаю. І прапанова разнастайная, шырокая і шматгранная: як па спажывецкіх характарыстыках восеньскай агародніны, так і па яе цане. У міжсезонны перыяд сітуацыя некалькі мяняецца. Але, забягаючы наперад, канстатую: удзел у дзяржаўным заказе — справа добраахвотная. Магчыма, рубель з хвастом за кілаграм прадукту — невысокая цана. Але ёсць жа і іншы важны фактар: гарантаваны збыт, па-першае. Па-другое, калі не ўсё, то значная частка стратэгічных запасаў агародніны на зіму фарміруецца па перадаплаце.
Нагадаю адзін з фінансава-эканамічных законаў: чым вышэйшая рызыка камерцыйнай дзейнасці, тым больш значная выгада. Пры ўмове што спрыяльныя абставіны пераважаць форс-мажоры рознага фармату. Увогуле, вытворчасць агародніны — вельмі рызыкоўны бізнес. І справа не толькі ва ўмовах надвор’я. Існуе яшчэ мноства эканамічных невядомых.
Бульбяны ажыятаж сёлетняй вясной непрыемны для спажыўца (зорны для вытворцаў), але гэта толькі невялікі фрагмент рынкавай гісторыі. Хутчэй выпадковасць, чым заканамернасць. І як складуцца попыт і прапановы ў гэтым годзе — пытанне нават вельмі цікавае. Як мінімум ёсць адна вялікая, нават велізарная, невядомая:
паводзіны хатніх гаспадарак. Нагадаю: каля 60 тысяч гектараў у Беларусі занята пад садовыя таварыствы. Ураджай з гэтых угоддзяў, можна сказаць, не ўлічваецца ў прадуктовых балансах. Прычым на сваіх загарадных фазэндах бавіць вольны час каля 5 мільёнаў беларусаў. Дадайце яшчэ 2 мільёны сельскіх жыхароў. А яшчэ існуе прыватны сектар у райцэнтрах: у некаторых — вельмі шырокі. Іншымі словамі, амаль кожны беларус, нават глыбокагарадскі жыхар, валодае доступам да зямлі. Цяпер пытанне: як спажывец зрэагаваў на вясновую агароднінную сітуацыю? Мяркуючы па тым, як паўгода таму хвацка разыходзіўся ў гандлёвых пунктах пасяўны матэрыял, нямала грамадзян успрынялі заклік Прэзідэнта пасадзіць некалькі радкоў бульбы. І ў цэлым дрэнна ці не, але ў нейкай ступені сябе забяспечылі. Нельга выключаць, што нават на ўсю зіму: у падвалах і гаражах агародніна захоўваецца досыць нядрэнна, калі яе папярэдне добра перабраць.
Хачу нагадаць: у сярэднім беларус купляе за год 55–60 кілаграмаў бульбы. Пры нармальнай ураджайнасці каля 400 цэнтнераў з гектара для задавальнення такіх патрэб трэба ўсяго 0,15 соткі зямлі. Груба кажучы: невялікі закутак у агародзе здольны забяспечыць сям’ю бульбай на цэлы год. Вытворчая дзейнасць хатніх гаспадарак для ўласных патрэб у некаторых сегментах рынку з’яўляецца магутным фактарам і пакуль не ўлічваецца і слаба пралічваецца. Таму ці будзе такі высокі попыт, як летась? Складанае пытанне. Не выключана, што рознічныя продажы той жа бульбы могуць паказаць адмоўную дынаміку. І гэта на фоне нядрэннага ўраджаю, які ацэньваецца ў 3,5 мільёна тон (сельскагаспадарчыя арганізацыі, фермеры і асабістыя падсобныя гаспадаркі).
Прывабнасць дзяржаўнага заказу — гарантаваны збыт па зразумелай цане. Так, яна можа быць ніжэйшай за ўмоўна рынкавую, а можа быць вышэйшай. Але гэта будзе ўжо зразумела потым. Першыя здагадкі з’явяцца дзе-небудзь у снежні-студзені. А дакладнае разуменне прыйдзе ў лютым-сакавіку. Не буду спрачацца: дзяржзаказ не дае шмат зарабіць, бо вырашае ў першую чаргу сацыяльную задачу забеспячэння насельніцтва вітамінавай прадукцыяй. Натуральна, закладваецца станоўчая рэнтабельнасць вытворцаў і пастаўшчыкоў. Але яна далёкая ад фантастычнай або таго прыбытку, які можна патэнцыяльна атрымаць пры занадта спрыяльнай кан’юнктуры, як гэта было летась на тым жа расійскім рынку. Затое і рызыка атрымаць страты нашмат ніжэйшая, калі працаваць па папярэднім заказе. Таксама хочацца адзначыць: запасы на зіму пад эгідай дзяржавы фарміруюцца, як правіла, па перадаплаце. Некаторыя дагаворы заключаюцца з фермерамі яшчэ ранняй вясной, на самым пачатку сяўбы. У гэтым выпадку вытворцы не трэба прыцягваць абаротныя рэсурсы. Адпаведна, калі яны пазыковыя — плаціць працэнт, калі ўласныя — можна іх размясціць на дэпазітах і атрымаць дадатковы прыбытак. Гэты нюанс неабходна таксама ўлічваць.
У гэтым разрэзе і трэба ацэньваць устаноўленыя гранічныя цэны. Дарэчы, апытанне ўдзельнікаў рынку паказала: цяпер на опце фермеры і з асабістых падсобных гаспадарак бульбу прадаюць максімум па 50–60 капеек. Нярэдка — танней. І ёсць канкурэнцыя. Гарантаваны збыт у міжсезонны перыяд па фіксаваных цэнах выглядае не так ужо і нецікава. Іншая справа: павінны вытрымлівацца ўмовы захоўвання, каб мінімізаваць страты.
Аляксей КЛІМАЎ