Top.Mail.Ru

Нацбанк змяняе парадак выдачы крэдытаў

З 22 лістапада ў Беларусі ўступаюць у дзеянне змяненні ў інструкцыю аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння). Адпаведнае рашэнне прынята пастановай праўлення Нацбанка.

Галоўным чынам у інструкцыі прапісана ўмова прадастаўлення кліенту дадатковага часу, за які спажывец канчаткова вырашыць — браць яму крэдыт ці не. У прэс-службе Нацыянальнага банка нам патлумачылі, што з улікам станоўчага вопыту прымянення банкамі на практыцы рэкамендацый, накіраваных на папярэджанне ашуканскіх дзеянняў, у інструкцыі ўведзена патрабаванне заключэння крэдытнага дагавора не раней працоўнага дня, які ідзе за днём звароту па атрыманне крэдыту, ці прадастаўлення крэдыту не раней працоўнага дня, які ідзе за днём заключэння крэдытнага дагавора.

Але існуе пэўнае выключэнне. Гэта патрабаванне не распаўсюджваецца на выпадкі, калі грашовыя сродкі пералічваюцца банкам на аплату тавараў або паслуг, для набыцця якіх прадастаўляецца крэдыт. У ліку змяненняў у інструкцыі — абавязак банкаў у выпадку аналізу крэдытнай справаздачы заяўніка прымаць рашэнне аб магчымасці прадастаўлення крэдыту з улікам колькасці запытаў яго крэдытнай гісторыі за апошнія сем каляндарных дзён. Таксама замацаваны абавязак банкаў да заключэння крэдытнага дагавора інфармаваць грамадзян пад подпіс аб формах і метадах махлярства з боку трэціх асоб. Акрамя таго, зыходзячы з банкаўскай практыкі, уводзіцца тэрмін «інвестыцыйны крэдыт» і вызначаюцца яго крытэрыі.

Змены ў інструкцыю ўступаюць у сілу і будуць спрыяць павышэнню якасці прадастаўлення банкаўскіх паслуг, даступнасці крэдытаў, а таксама ўзроўню абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, лічаць у Нацбанку.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю