Top.Mail.Ru

Рост даходаў стратэгічна павінен адбівацца на прадукцыйнасці працы

08.10.2025 | 16:25
Зарплатны стымул

Рост даходаў насельніцтва ў цэлым і заработнай платы ў прыватнасці — вельмі пазітыўны фактар для грамадзян. Вядома, не ў грошах шчасце, але рост дабрабыту радуе кожнага. З іншага боку, такі паказчык з’яўляецца праінфляцыйным: вытворцам даводзіцца падымаць цэны, каб стымуляваць сваіх работнікаў. Гэты трэнд нядаўна адзначыў і Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Пра ціск на інфляцыю росту заробкаў неаднаразова згадвалі ў сваіх справаздачах і эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР). Тэзіс справядлівы, але ў моманце. З тактычнага і стратэгічнага пункту гледжання рост заробкаў можа з’яўляцца адным са стымулаў і фактараў для выхаду эканомікі на новы якасны ўзровень з павышэннем і эфектыўнасці, і прадукцыйнасці працы. І на гэты трэк наша эканоміка выкіроўвае, пра што сведчаць высокія паказчыкі дынамікі інвестыцый. У тым ліку за восем месяцаў на 20,2 % выраслі выдаткі на закупку машын, абсталявання і транспартных сродкаў. Стратэгічная задача ўрада выразна ў гэтым годзе пазначаная: рост эканомікі праз запуск інвестыцыйнага цыкла і выхад на новы ўзровень эфектыўнасці.

Інвестыцыйны цыкл — гэта не толькі замена абсталявання, машын, рабатызацыя і аўтаматызацыя, устаноўка новага праграмнага забеспячэння. Нават самае сучаснае і дасканалае жалеза без інтэлектуальнага напаўнення чалавечым капіталам не прыносіць фінансава-эканамічнага выніку. Мадэрнізацыя — гэта не толькі пра замену асноўных фондаў, але і пра павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў, кіраўнікоў, выбудоўванне новых бізнес-працэсаў. 

І ў цэлым пераход на новую філасофію вытворчасці. Гэта патрабуе супрацоўнікаў новай кваліфікацыі. 

І, адпаведна, узровень заработнай платы ў іх павінен быць вышэй.

Што першасна: прадукцыйнасць або рост заработнай платы — бясконцы дыскурс. Грошы павінны быць заробленыя. Тэзіс, які складана абвергнуць. З іншага боку, інвестыцыйны цыкл не з’яўляецца лінейным з пункту гледжання вытворчых і фінансава-эканамічных вынікаў. Патрабуецца пэўны часовы прамежак для выхаду мадэрнізаванай вытворчасці на праектную магутнасць. Часам на гэта сыходзіць некалькі тыдняў, часам — некалькі месяцаў, а то і гадоў. Залежыць ад галіны. Скажам, тыя ж аўтакампаненты патрабуюць сертыфікацыі, якая доўжыцца некалькі месяцаў. Але кваліфікаваны персанал патрэбны са старту праекта. І людзей неабходна стымуляваць альбо павышаць кваліфікацыю, альбо завабліваць новых вопытных работнікаў. І заработная плата — адзін з важных крытэрыяў стымулявання. Яго ігнараваць немагчыма. Але максімальная эфектыўнасць ад новай вытворчасці наступіць толькі праз некаторы час. Таму з’яўляецца цалкам нармальным, калі даходы работнікаў на нейкім этапе інвестыцыйнага цыкла апярэджваюць і прадукцыйнасць працы, і дынаміку вытворчых і фінансава-эканамічных паказчыкаў прадпрыемства.

Іншае пытанне, што ўсе гэтыя нюансы павінны ўлічвацца ў бізнес-планах. І рост заробкаў павінен быць абгрунтаваны. Калі не ў моманце, то ў будучыні, рамкі якой дакладна вызначаны. Трэба разумець, што чалавечы капітал сёння набывае ўсё больш дамінуючае значэнне ў эканоміцы. І цалкам справядліва, каб укладанні ў яго ўлічваліся ў інвестыцыйных праграмах, у тым ліку і з пазіцыі матэрыяльнага стымулявання на ўсіх этапах інвестыцыйнага цыкла.

Як мне бачыцца, рост заработнай платы сам па сабе не можа з’яўляцца праблемай. Яе дынаміку неабходна разглядаць праз прызму прычынна-выніковых сувязяў і ў моманце, і ў сярэдне- і доўгатэрміновым перыядзе. Павінна праглядацца павышэнне і прадукцыйнасці працы, і эфектыўнасці ў будучыні. І ў гэтым выпадку рост даходаў цалкам апраўданы. Яго можна разглядаць як інвестыцыі ў будучыню. Іншае пытанне, што ўсе інвестыцыі павінны прыносіць пэўны прыбытак. А гэта ўжо пытанне якасці бізнес-планавання.

Пра гэта нядаўна гаварыў і першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў. Праўда, ён сканцэнтраваўся на праблемных прадпрыемствах. Але тэзіс, у прынцыпе, справядлівы для ўсіх прадстаўнікоў рэальнага сектара. Аляксандр Ягораў адзначыў: аздараўленне праблемных вытворчасцяў і галін павінна рабіцца не толькі праз упырскванне грошай і рэструктурызацыю запазычанасці. Павінна мяняцца стратэгія кампаніі, каб выходзіць на нармальную працу. Калі эфектыўна атрымоўваецца ўпісацца ў рынак, то будзе і прадукцыйнасць працы, і эканамічная эфектыўнасць. Таму рост заробкаў я разглядаў бы не толькі праз праблему дэфіцыту работнікаў, але і праз якасць планавання — і карпаратыўнага, і галіновага. А гэтай праблематыкай і ўрад, і Нацыянальны банк займаюцца самым сур’ёзным чынам.

Аляксей КЛІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю