Top.Mail.Ru

ЕАБР: патэнцыял прыросту экспарту ў прамысловасці Беларусі складае звыш $5 млрд

08.10.2025 | 17:20
Драйвер росту

Такія даныя ўтрымліваюцца ў даследаванні Еўразійскага банка развіцця «Патэнцыял развіцця прамысловасці высокіх перадзелаў у Еўразійскім рэгіёне». Аб яго ключавых высновах — у нашым матэрыяле.

Беларусь займае 56 месца ў сусветным рэйтынгу

У прыватнасці, у даследаванні адзначаецца, што прамысловасць Еўразійскага рэгіёна (у які ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Узбекістан) уяўляе сабой найбуйнейшы сектар эканомікі, фарміруючы каля 31 % сукупнага ВУП рэгіёна, што эквівалентна 834 мільярдам долараў па стане на 2024 год. Унутры гэтага сектара ключавая роля належыць апрацоўчай прамысловасці, якая генерыруе 44,2 % валавой дабаўленай вартасці прамысловасці, або каля 368 мільярдаў долараў (13,6 % рэгіянальнага ВУП). На глабальным узроўні апрацоўчая прамысловасць Еўразійскага рэгіёна забяспечвае 2,2 % сусветнай дабаўленай вартасці ў сектары. Гэта суадносіцца з доляй рэгіёна ў глабальным ВУП (2,4 % у 2024 годзе).

  • У даследаванні адзначаецца, што прамысловасць рэгіёна адрозніваецца недастатковым узроўнем і неаднастайнасцю тэхналагічнай складанасці. Найбольш індустрыяльна развітыя дзяржавы — Расія і Беларусь — маюць параўнальна высокую долю прадукцыі сярэдніх і высокіх перадзелаў (Расія займае 33-е месца ў свеце па індэксе прамысловай канкурэнтаздольнасці, Беларусь — 56-е). У той жа час менш буйныя эканомікі, такія як Кыргызстан (115-е месца) і Таджыкістан (121-е), практычна не вырабляюць прадукцыю высокіх перадзелаў, дэманструючы ўразлівасць сваіх прамсектараў.

Паводле даных даследавання, агульнымі праблемамі для большасці краін застаюцца нізкая доля высокатэхналагічнай прадукцыі ў структуры выпуску і экспарту і недастатковая дыверсіфікацыя экспарту. У экспартных пастаўках па-ранейшаму пераважаюць тавары нізкай ступені перапрацоўкі (першая стадыя перадзелу) з нізкай дабаўленай вартасцю — паўфабрыкаты металургіі, базавай хіміі, нафтапрадукты і іншыя. Разам яны фарміруюць аснову знешняга гандлю рэгіёна, што ўтрымлівае яго на перыферыі сусветнай прамысловай экспансіі.

— Выключэнне складаюць асобныя выпадкі: напрыклад, у Арменіі і Беларусі значную частку экспарту ўжо складаюць тавары больш высокай перапрацоўкі — гэтаму спрыяе доступ на ёмісты расійскі рынак, — звяртаюць увагу аўтары дакумента.

На думку аналітыкаў ЕАБР, структурныя праблемы бягучай мадэлі развіцця могуць быць пераадолены шляхам дыверсіфікацыі вытворчасці і экспарту, пры якой фокус будзе зрушаны ў бок прадукцыі больш высокіх перадзелаў.

Як знізіць эканамічную ўразлівасць рэгіёна?

Спецыялісты адзначаюць, што сёння прамысловы патэнцыял Еўразійскага рэгіёна дазваляе разлічваць на значнае павелічэнне экспарту. Яго штогадовы прырост можа скласці больш за 70 мільярдаў долараў за год. Што датычыцца Беларусі, аналітыкі прагназуюць яго павелічэнне да 16 %.

Патэнцыял імпартазамяшчэння Еўразійскага рэгіёна супастаўны па маштабах з экспартным і складае 

81 мільярд долараў у год. Патэнцыял замяшчэння імпарту ацэньваецца ў нашай краіне ў аб’ёме 5,1 мільярда долараў, а доля замешчанага імпарту — у 13 %.

Найбольшыя перспектывы ў сферах аўтамабілебудавання, хімічнай прамысловасці, у вытворчасці машын і абсталявання, металаў, харчовых прадуктаў, электрычнага абсталявання, камп’ютараў, тэкстылю, гумовых і пластмасавых вырабаў, гатовых металічных вырабаў, акрамя машын.

— У выпадку поўнай рэалізацыі патэнцыялу імпартазамяшчэння ў шэрагу краін і галін доля прадукцыі другой стадыі перадзелу ў імпарце знізіцца, але ў цэлым застанецца ўмерана высокай, асабліва ў машынабудаванні, — адзначаюць аналітыкі.

Дарэчы, імпартазамяшчэнне разглядаецца не ў ізаляцыянісцкім ключы, а як механізм зніжэння эканамічнай уразлівасці рэгіёна, павышэння тэхналагічнай устойлівасці і адаптацыі да ўмоў знешняга ціску. Асабліва важна, што яго рэалізацыя спалучаная з магчымасцямі тэхналагічнай мабілізацыі і індустрыяльнага абнаўлення.

— У канчатковым выніку сукупны эфект прыросту экспарту, імпартазамяшчэння і павелічэння выпуску пасля рэалізацыі патэнцыялу развіцця прамысловасці высокіх перадзелаў у Еўразійскім рэгіёне перавысіць 510 мільярдаў долараў за год (у цэнах базавага 2019 года), прычым 70 % гэтага эфекту будзе сфарміравана ўскоснымі і індуцыраванымі эфектамі павелічэння выпуску, — адзначаецца ў даследаванні. — Астатні эфект прыкладна ў роўнай ступені размеркаваны паміж нарошчваннем экспарту і замяшчэннем імпарту. Эфект інтэрпрэтуецца як штогадовы дадатковы аб’ём выпуску прадукцыі, якая ідзе на экспарт і на ўнутраны рынак (у выніку замяшчэння імпарту), і забеспячэнне першаснага імпульсу попыту (у форме ўскосных і індуцыраваных эфектаў).

Ускосныя макраэфекты ў нашай краіне, на думку аналітыкаў, могуць скласці 9,65 мільярда долараў, а агульны эфект — 19,73 мільярда долараў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю