Top.Mail.Ru

Мастак-вокапратэзіст расказала аб асаблівасцях вяртання прыгажосці

Фея па рэстаўрацыі знешнасці

Такіх спецыялістаў, як Алена АСТАПЕНЯ, на ўсю краіну менш, чым пальцаў на руках. Яна мастак-вокапратэзіст. Сама жартам называе сябе «феяй па рэстаўрацыі знешнасці». Алена дапамагае людзям, якія страцілі вочы, вярнуць упэўненасць у сабе.

17 гадоў таму выпускніца БДУКМ, спецыяліст па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Алена Астапеня шукала работу. Выпадкова натрапіла на аб’яву: «У лабараторыю вочнага пратэзавання патрабуецца мастак».

— Я не ўяўляла, што гэта за прафесія, — прызнаецца Алена Віктараўна. — Але вырашыла адгукнуцца. Мне расказалі пра азы таго, чым трэба займацца, і пачаліся мае «ўніверсітэты». Спачатку было складана. Навучальныя ўстановы не рыхтуюць такіх спецыялістаў. Тэхналогія вырабу вочных пратэзаў перадаецца ад майстра да майстра. Каб адтачыць неабходныя навыкі, патрабуецца як мінімум год.

Галоўная задача мастака-вокапратэзіста — максімальна дакладна стварыць штучную версію вока, перадаць яго форму, памеры, колер, танальнасць радужкі, сасуды і гэтак далей. Трэба, каб пратэз устойліва фіксаваўся ў вачніцы, рухаўся сінхронна са здаровым вокам, каб, паглядзеўшы пасля «прымеркі» ў люстэрка, чалавек спадабаўся сабе.

— У асноўным мы робім пратэзы, прызначаныя для людзей, у якіх захаваны ніжнія і верхнія сходы павек: за кошт іх пратэз і трымаецца, — тлумачыць Алена Астапеня. — Але, здараецца, пры анкалогіі выдаляюць вялікія ўчасткі тканак, у тым ліку і павекі. Тады мы звяртаемся па дапамогу ў арганізацыю, якая выконвае 3D-мадэляванне вочнай арбіты кліента, і ўжо на гэтай аснове вырабляем складаны эктапратэз з высакаякаснага сілікону, па сваіх характарыстыках падобнага да скуры чалавека. З яго ж фармуем павекі, а потым ужыўляем вейкі.

У лабараторыю вочнага пратэзавання і дзяцей, і дарослых накіроўваюць установы аховы здароўя. Акрамя беларусаў па дапамогу звяртаюцца грамадзяне Расіі, Латвіі, Лівіі, Судана, Ірака, Ірана. За 30 гадоў існавання лабараторыі майстры ўдасканалілі тэхналогію вырабу вочных пратэзаў і замест ранейшых 2-3 дзён укладваюцца ў 7-9 гадзін.

  • — Мы з калегамі сутыкаліся з людзьмі, якія страцілі вочы ў савецкі час, калі не было індывідуальных пратэзаў і ўсім ставілі шкляныя, аднолькавыя, — дзеліцца Алена Астапеня. — Яны дзесяцігоддзямі не мянялі іх. Калі мы вырабляем такім кліентам сучасны пратэз з улікам усіх асаблівасцяў вачэй, яны глядзяць на сябе ў люстэрка і не здольны хаваць эмоцыі. Адразу адчуваюць розніцу!

Каб зрабіць якасны пратэз, патрэбна выключная канцэнтрацыя ўвагі, уседлівасць, цярпенне. 

І, вядома, для мастакоў-пратэзістаў вельмі важна наладзіць псіхалагічны кантакт з чалавекам, які страціў вока, а часам і абодва. Алене Астапені бясцэнны вопыт у зносінах з такімі людзьмі перадала 17 гадоў таму Святлана Пракопаўна Таміліна.

У сценах лабараторыі супрацоўнікі чулі тысячы драматычных гісторый, некаторыя з іх маглі б стаць сюжэтамі для кніг і фільмаў. Хтосьці губляе вока (ці вочы) з-за бытавой траўмы, хтосьці — у бойцы, ці з-за феерверку на Новы год, ці на працы, ці з-за хваробы.

045A2675.JPG

— З нашымі заказчыкамі трэба ўмець размаўляць, праяўляць эмпатыю, псіхалагічна падтрымліваць, — пераканана Алена Астапеня. — Мы стараемся, каб людзі, якія прыйшлі да нас са слёзамі, сыходзілі з усмешкай, абнадзееныя. Кожны чалавек мае патрэбу ў індывідуальным падыходзе. Часам бацькоў пацярпелага дзіцяці супакоіць складаней, чым яго самога.

Паколькі вочны пратэз трэба рэгулярна мяняць (дарослым — раз у год, а дзецям — 2-4 разы), то заказчыкі з часам пачынаюць ставіцца да мастакоў-пратэзістаў як да блізкіх, амаль родных людзей: расказваюць аб асабістых справах, дзеляцца радасцю і смуткам.

Алена ўспамінае Вераніку, маладую дзяўчыну, якая толькі скончыла ВНУ і з-за анкалагічнага захворвання засталася без вока. Дзяўчына была ў роспачы. Пасля пратэзавання адчула сябе больш упэўнена, уладкавалася на работу. 

А неяк, прыйшоўшы на чарговую замену пратэза, падзялілася радасцю: яна выходзіць замуж. Цяпер у Веранікі ўжо двое дзяцей.

Ігар з-за хваробы страціў вочы. Нягледзячы на гэта, ён практычна са ўсім спраўляецца самастойна. У яго смартфоне мноства праграм, якія дапамагаюць у рабоце, перамяшчэнні па горадзе, сацыялізацыі. Самі супрацоўнікі лабараторыі, маючы зносіны з Ігарам, забываюць, што ён нічога не бачыць.

15-гадовы Кірыл жыве з пратэзамі з месячнага ўзросту. Пры гэтым юнак зусім не адчувае сябе непаўнавартасным. Расце жыццярадасным, таварыскім, актыўным. Іграе на акардэоне, вывучае англійскую мову. Супрацоўнікаў лабараторыі ён адрознівае па галасах, апісвае, якімі бачыць іх сваім унутраным зрокам.

Пра сваіх кліентаў Алена можа расказваць бясконца. Спецыяліст свята верыць у цудоўную сілу ператварэння. Яна вяртае пацярпелым людзям знешнюю прывабнасць, упэўненасць у сабе, а заадно і вучыцца ў іх стойкасці, аптымізму, упартасці, цярпенню.

— Большасць тых, хто звяртаецца да нас за вырабам пратэзаў, працуюць, вучацца, ствараюць сем’і, — падкрэслівае Алена Астапеня. — Яны не зацыкліваюцца на сваіх трагедыях, не апускаюць рукі, а прыкладаюць намаганні і жывуць максімальна цікава, ні на што не жалячыся. Гэта не можа не захапляць! Побач з імі разумееш, якое гэта шчасце — проста бачыць свет. Сорамна становіцца з-за сваіх значна меншых непрыемнасцяў. Можа, таму ў нашым калектыве ўсе вельмі пазітыўныя, добразычлівыя, умеюць шанаваць кожнае імгненне жыцця.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю