Такія даныя прывёў міністр адукацыі Андрэй Іванец. «Падрыхтоўка інжынерных кадраў для эканомікі, прамысловасці — важны элемент тэхналагічнай бяспекі краіны. У нас дастаткова добра і сістэмна выбудавана прафарыентацыйная работа, пачынаючы са школьнай парты. Больш як 6,5 тыс. хлопцаў і дзяўчат цяпер вучацца ў 10-х і 11-х профільных інжынерных класах».
Кожны з іх замацаваны за тэхнічным універсітэтам — сталічным ці рэгіянальным. Сёлета быў першы выпуск інжынерных класаў, і 77 % дзяцей паступілі на профільныя спецыяльнасці. Гэта самы высокі працэнт з усіх профільных класаў. Для параўнання: узровень паступлення па профілі ў педагагічных — каля 30 %, аграрных — 13 % і інш. «Улічваючы, што гэта першы выпуск, можна сказаць, што выйшаў ён удалым. Безумоўна, работу трэба сістэмна працягваць», — акцэнтаваў Андрэй Іванец, адзначыўшы плюсы механізму падрыхтоўкі інжынерных кадраў.
У пытанні падрыхтоўкі кадраў сістэма адукацыі працуе выключна на заказ рэальнага сектара эканомікі, сказаў міністр. «Важна, каб работы і праекты, якія выконваюць адораныя і таленавітыя вучні, былі карыснымі для вытворчасці. Выпускнікі ж Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка — гэта своеасаблівы залаты фонд, які будзе гатовы ў далейшым прыйсці працаваць на прадпрыемствы», — растлумачыў ён.
Міністр адукацыі выказаў упэўненасць у тым, што і выпускнікі ВНУ на апошніх курсах, якія заканчваюць універсітэт, могуць працаваць. «Ёсць розныя варыянты з частковай або поўнай занятасцю праз складанне індывідуальнай праграмы навучання ў ВНУ. Такая практыка ў першую чаргу вырашае пытанне з праславутым размеркаваннем, якое ў працэсе чакання (вызначэння першага месца работы. — „Зв“.) часам успрымаюць як карную меру. Пры такім падыходзе бачым планамерны працяг працоўнай дзейнасці, якую выпускнік пачаў яшчэ падчас вучобы. І калі надыходзіць час размеркавання, ён кажа, што ўжо год працуе на прадпрыемстве і хоча туды размеркавацца. Пытанняў з гэтым не ўзнікае», — адзначыў Андрэй Іванец.
У цэлым, як абазначыў кіраўнік ведамства, практыка-арыентаванае навучанне развіваецца па трох напрамках: «Па-першае, гэта цэнтры кампетэнцый. Бачым актыўную пазіцыю па названай тэме і прамысловых прадпрыемстваў. Па-другое, стварэнне навучальных майстэрняў на базе вытворчасцяў. Гэта даручэнне нашага Прэзідэнта, якое прагучала на рэспубліканскім педагагічным савеце. Сёлета на 55 прадпрыемствах або стварылі, або завяршаюць гэты працэс. І трэці напрамак — прыцягненне практыкаў з прадпрыемстваў, каб выкладаць або ва ўніверсітэтах, або ў каледжах».
Паводле БелТА