У Нацыянальнай акадэміі навук урачыста ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Сто інавацый маладых вучоных». Тэмы даследаванняў маладых навукоўцаў звязаны з сельскай гаспадаркай, медыцынай, харчовай прамысловасцю, аховай навакольнага асяроддзя, машынабудаваннем, лічбавымі тэхналогіямі і іншымі галінамі. Адно з абавязковых патрабаванняў пры падрыхтоўцы праектаў — магчымасць выкарыстання распрацовак у рэальным сектары эканомікі.
Пазнаёміліся бліжэй з некаторымі работамі.
Пакаштуйце «Грэчневы» грыльяж
Так, маладыя даследчыкі з Магілёва прапануюць папоўніць рацыён беларусаў грыльяжам «Грэчневым». Асаблівасць распрацоўкі ў тым, што прадукт можа вырабляцца на аснове мясцовай сыравіны, пры гэтым па смаку будзе падобны на аналагі, якія выпускаліся з выкарыстаннем арэхаў і сланечніка. Для павелічэння яго карыснасці прапануецца выкарыстоўваць прарошчаную грэчку. Як расказала аспірантка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Ліяна Шустава, сёння, калі людзі сталі больш клапаціцца пра сваё здароўе і стаў расці попыт на біялагічна-актыўныя дабаўкі, прадукты на аснове прарошчанага зерня сталі надзвычай запатрабаванымі. Пры ўніверсітэце дзейнічае лабараторыя. На базе навукова-тэхналагічнага цэнтра «Тэхнастарт» можна і прарошчваць зерне, і вырабляць новую прадукцыю. Гэта могуць быць прысмакі накшталт грыльяжу і казінакаў, напоі, хлеб. Адна з распрацовак, якой ганарыцца ўніверсітэт — хлеб «Моц злакаў» з павялічанай харчовай каштоўнасцю і ўнікальным збалансаваным складам амінакіслот. Заўважыўшы, што пры выпечцы прарошчанае зерне падсыхае, даследчыкі ўніверсітэта знайшлі ўнікальнае вырашэнне праблемы. Высветлілася, што пасля ферментацыі зерне застаецца мяккім, смачным. «Я ўпэўнена, што наша перамога з грыльяжам „Грэчневым“ — не апошняя, будзем і надалей працаваць над распрацоўкай здаровых і даступных па кошце прадуктаў, — заўважыла Ліяна Шустава. — Беларусь — аграпрамысловая краіна, Прэзідэнт удзяляе вялікую ўвагу пытанням імпартазамяшчэння, і таму выкарыстанне ўласнай сыравіны пры вырабе прадуктаў для нас надзвычай важнае».
Праверана на палігоне і над полем
Калектыў даследчыкаў Ваеннай акадэміі працаваў над эксперыментальным комплексам супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам. Гэта распрацоўка дазваляе як выяўляць, так і знішчаць беспілотнікі на далёкіх рубяжах. Як расказаў дацэнт Ваеннай акадэміі, маёр Ілья Дубовік, эксперыментальны комплекс ужо правераны ў рабоце на палігонах.
У будучым плануецца стварыць лабараторыю па яго вытворчасці і выкарыстоўваць распрацоўку ў абаронным комплексе нашай краіны.
У Беларусі беспілотныя лятальныя апараты шырока выкарыстоўваюцца ў мірных мэтах. Распрацоўка маладых вучоных Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах дазволіць знайсці ім прымяненне для выяўлення месцаў распаўсюджвання інвазійных раслін. Калі чалавеку фізічна цяжка паспець за кароткі час аб’ехаць вялікія плошчы і выявіць усе месцы, дзе «пасяліўся» сумнік, дык беспілотнік можа з аднаго месца весці маніторынг на тэрыторыі ў радыусе двух-трох кіламетраў. Акрамя таго, дзякуючы новым тэхналогіям можна выявіць новыя зоны, занятыя інвазійнымі відамі і зрабіць барацьбу з імі больш эфектыўнай.
Патрыятычная «настолка»
Калектыў маладых гісторыкаў да 80-годдзя Перамогі вырашыў прапанаваць новы падыход для знаёмства школьнікаў з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Ім распрацавана настольная гульня «Шлях герояў. Беларускія партызаны». Класічная «настолка» з картай і кубікам насамрэч можа быць добрым інструментам, з дапамогай якога школьнікі атрымаюць веды пра камандзіраў партызанскіх атрадаў — Герояў Савецкага Саюза, дзейнасць партызанскіх атрадаў, пра тое, што ў гады акупацыі на тэрыторыі Беларускай рэспублікі дзейнічалі партызанскія аэрадромы. Нават гульнявое поле — прадукт навуковых даследаванняў. Вучоныя ўзялі звычайную карту са школьнага падручніка і дапоўнілі яе на аснове архіўных дакументаў, гісторыя-
графіі. На карце пазначаны ўсе партызанскія зоны, школьнікі адразу атрымліваюць уяўленне пра тое, што партызанскі рух насіў масавы характар. Гульня была прадстаўлена падчас Фестывалю навукі, які прайшоў у Мінску. Дзеці ацанілі новую форму для атрымання ведаў. Маладыя гісторыкі спадзяюцца, што іх распрацоўка будзе запатрабаванай у школах і ўстановах дадатковай адукацыі. Яны ўпэўнены, што такім чынам можна знаёміць сучасных школьнікаў і з іншымі падзеямі і тэмамі.
Алена Дзядзюля
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА