Паводле слоў генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Святланы ЮРКЕВІЧ, сёння прадпрыемства з’яўляецца не проста сувязным звяном паміж людзьмі і арганізацыямі, але і надзейным партнёрам для ўсіх. Штогод «Белпошта» адпраўляе і атрымлівае 150 мільёнаў лістоў, 8 мільёнаў пасылак, 6 мільёнаў грашовых пераводаў, 3 мільёны адпраўленняў паскоранай пошты, 130 мільёнаў друкаваных СМІ.
Напярэдадні свята паштовых работнікаў, у Культурна-дзелавым цэнтры РУП «Белпошта» адбыўся прэс-бранч, прымеркаваны да 30-годдзя прадпрыемства і Сусветнага дня пошты.
— За апошнія гады нацыянальны аператар паштовай сувязі прайшоў шлях ад традыцыйнай пошты да сучаснага лагістычнага аператара, — адзначыла Святлана Віктараўна. — Сёння РУП «Белпошта» — гэта 17 тысяч супрацоўнікаў, 2,8 тысячы аб’ектаў паштовай сувязі па ўсёй краіне, 1,6 тысячы аўтамабіляў, якія штодня прабягаюць 171 тысячу км па 1200 маршрутах. Важны сацыяльны кірунак дзейнасці прадпрыемства — гэта выплата пенсій і дапамог. Больш за 530 тысяч пажылых людзей, якія жывуць у сельскай мясцовасці, атрымліваюць пенсію на пошце.
РУП «Белпошта» — гэта ўніверсальны правайдар паштовых, банкаўскіх, страхавых і іншых паслуг. У планах на будучыню — развіццё электроннага гандлю, дыстанцыйных сэрвісаў і кур’ерскіх паслуг, удасканаленне паштова-лагістычнай інфраструктуры, лічбавізацыя кіраўніцкіх і вытворчых працэсаў.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды», якое дасягненне за мінулыя 30 гадоў яна лічыць найбольш значным, генеральны дырэктар РУП «Белпошта» адзначыла, што гэта стварэнне ў 2019 годзе мабільнага дадатку «Мабільны паштальён», які значна аблегчыў і паскорыў працу паштальёнаў, ды і людзям такая паслуга падабаецца.
Пра тое як у недалёкай будучыні зменіцца электронная гандлёвая пляцоўка, карэспандэнтам расказала першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алена ДРАЗДОВІЧ. Запуск анлайн-платформы, дзе будуць прадстаўлены не толькі беларускія, але і замежныя тавары, плануецца сёлета на лістапад.
Намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Сяргей ПАТАПЕНКА расказаў аб тым, як у 1995 годзе праходзіла станаўленне інфраструктуры «Белпошты». Ён таксама паведаміў журналістам аб арганізацыі новых паслуг у 2000-х гадах, у тым ліку дадатку «Мабільны паштальён».
— Першасная прафсаюзная арганізацыя РУП «Белпошта» налічвае больш за 28 тысяч членаў прафсаюза. Гэта самая шматлікая прафсаюзная арганізацыя сярод прадпрыемстваў сувязі Беларусі, — адзначыла старшыня прафсаюзнай арганізацыі Анжаліка ДРОБАВА. — Наша праца накіравана на паляпшэнне ўмоў працы, побыту і адпачынку работнікаў. Адной з важных ініцыятыў прафсаюза было забеспячэнне працаўнікоў медыцынскай страхоўкай.
Атмасфера даверу — залог паспяховай працы калектыву
Сёлета пераможцам рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства ў чарговы раз стала каманда Брэсцкага абласнога філіяла РУП «Белпошта». Пра тое, што дазваляе яго прадстаўнікам перамагаць у падобных спаборніцтвах, якія добрыя традыцыі існуюць у калектыве, як супрацоўнікі філіяла ўдасканальваюць свае прафесійныя веды і навыкі, карэспандэнту «Звязды» расказала дырэктар Святлана ЯКУХНА.
— Святлана Іосіфаўна, з моманту вашага прызначэння на пасаду дырэктара прайшло больш за год. Якія змены адбыліся за гэты перыяд у рабоце філіяла?
— Найперш, у падыходзе да работы з калектывам быў зроблены акцэнт на адкрытасць, ініцыятыўнасць і прафесійнае развіццё супрацоўнікаў. У філіял на працягу года прыйшлі новыя спецыялісты, але пры гэтым мы захавалі вопытных супрацоўнікаў, якія перадаюць веды маладым калегам.
Я лічу, што галоўнае дасягненне — гэта атмасфера даверу і імкнення да развіцця, якая на працягу многіх гадоў сфарміравалася ў калектыве. Людзі адчуваюць, што іх праца шануецца, і гэта натхняе на дасягненне больш высокіх рэзультатаў.
Мы прымаем актыўны ўдзел у рэалізацыі мерапрыемстваў у рамках аб’яўленай пяцігодкі якасці і Года добраўпарадкавання. Сёлета пабудавалі для аддзялення паштовай сувязі № 3 г. Брэста новае памяшканне і пераехалі з арэндных плошчаў, што стала яскравым прыкладам рэалізацыі прынцыпаў якасці абслугоўвання насельніцтва і добраўпарадкавання нашых аб’ектаў. У бліжэйшы час прымуць кліентаў абноўленыя аддзяленні ў Белаазёрску і Косава.
У прыярытэце — забеспячэнне камфортных умоў для супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Мікраклімат у памяшканнях напрамую ўплывае на прадукцыйнасць працы і агульнае ўспрыманне сэрвісу. У аддзяленнях сувязі ствараецца спрыяльная атмасфера для работы і абслугоўвання кліентаў, што, несумненна, садзейнічае павышэнню якасці паслуг.
Мы планава абнаўляем свой аўтапарк і аптымізуем маршруты, каб забяспечыць кліентам хуткую, надзейную і зручную дастаўку. Па Брэсцкай вобласці штодзень дзейнічаюць 216 маршрутаў, якія абслугоўваюць 265 адзінак транспартных сродкаў. Гэта дазваляе нам ахапіць усе населеныя пункты і забяспечыць стабільную работу ўсёй сістэмы.
Жыхары нават самых аддаленых вёсак атрымліваюць паслугі нароўні з гарадскімі кліентамі. Усе паштальёны, а таксама кіроўцы забяспечаны апаратна-праграмнымі комплексамі «Мабільны паштальён», што дае магчымасць аказваць паслугі дома. Мы не проста дастаўляем пошту — мы забяспечваем поўны спектр паштовых і фінансавых паслуг у зручнай форме і ў патрэбны час.
— Наколькі актыўна работнікі філіяла бяруць удзел у грамадскім жыцці рэгіёна?
— Не памылюся, калі скажу, што ўдзел сапраўды актыўны. Супрацоўнікі ўцягнуты ў мерапрыемствы, прысвечаныя захаванню гістарычнай памяці: ад адкрыцця мемарыяльных дошак да ўскладання кветак да помнікаў герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, рэстаўрацыі пахаванняў і ўдзелу ў святочных мітынгах. Да 9 Мая і Дня пажылых людзей ушаноўваем нашых ветэранаў і былых работнікаў філіяла.
Удзельнічаем не толькі ў дабрачынных акцыях, але і ў культурна-масавых мерапрыемствах, што садзейнічае ўмацаванню грамадскіх сувязей і развіццю культурнага жыцця нашага рэгіёну. Напрыклад, з 2022 года супрацоўнікі філіяла штогод бяруць удзел у сустрэчы і адпраўцы беларуска-расійскага «Цягніка Памяці», які дапамагае захаваць памяць аб подзвігу савецкага народа ў барацьбе з фашызмам і перадаць яе будучым пакаленням.
Таксама ўдзельнічаем у акцыі «Маміны пірагі» напярэдадні святкавання Дня абаронцаў Айчыны — нашы работнікі з пачастункамі для ваеннаслужачых наведваюць воінскую часць у Брэсце, выказваючы падтрымку нашым воінам і ўдзячнасць за службу.
У рамках акцыі «Ад усёй душы» наведваем і аказваем дапамогу Брэсцкаму сацыяльнаму пансіянату «Прыбужжа», Дамачаўскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў. Напярэдадні навагодніх свят, Дня абароны дзяцей, Дня ведаў мы абавязкова прымаем удзел у рэспубліканскіх акцыях «Нашы дзеці», «Збяром дзяцей у школу», аказваем падтрымку дзіцячым дамам сямейнага тыпу, а таксама сем’ям, якія апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы.
Другі год запар работнікі філіяла ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе «Супер-Профі», які садзейнічае павышэнню прэстыжу рабочых прафесій і дапамагае маладым спецыялістам заявіць аб сабе.
Ну, і вядома, наш калектыў — пастаянны ўдзельнік гарадскіх і абласных мерапрыемстваў, конкурсаў прафесійнага майстэрства і спартыўных спаборніцтваў. Падтрымліваем валанцёрскія праекты, накіраваныя на добраўпарадкаванне горада, падтрыманне чысціні і парадку.
— Прадстаўнікі Брэсцкага філіяла неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў прафмайстэрства. Як вашаму калектыву гэта ўдаецца?
— Ганарымся тым, што каманда нашага філіяла ў 2021, 2022, 2024
і 2025 гадах упэўнена займала першыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод работнікаў аб’ектаў паштовай сувязі. Гэта — вынік высокага ўзроўню падрыхтоўкі, адказнасці і адданасці справе нашых спецыялістаў. Супрацоўнікі філіяла таксама рэгулярна становяцца прызёрамі ў індывідуальных намінацыях — ад лепшых паштальёнаў да кіраўнікоў аддзяленняў.
Такі поспех немагчымы без сістэмнай працы над удасканаленнем ведаў і ўменняў персаналу. У філіяле рэгулярна право-дзяцца навучальныя семінары, трэнінгі і стажыроўкі. Супрацоўнікі праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ў профільных установах, а ўнутры калектыву актыўна развіваецца настаўніцтва — вопытныя работнікі ахвотна дзеляцца ведамі з маладымі спецыялістамі.
Перамогі ў прафесійных спаборніцтвах — гэта не толькі прэстыж, але і магутны стымул для росту. Мы імкнёмся ствараць камфортныя ўмовы працы, забяспечваць сацыяльную падтрымку і магчымасці для развіцця. Усё гэта дапамагае ўтрымліваць кваліфікаваных спецыялістаў і фарміраваць моцную карпаратыўную культуру.
Сяргей РУЧАНАЎ