Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам адправіўся ў Таджыкістан. Галоўная мэта — удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое запланавана на 10 кастрычніка.
У аэрапорце Душанбэ беларускага лідара сустракалі прэм’ер-міністр Таджыкістана Кахір Расулзада, міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, пасол Беларусі ў Таджыкістане Віктар Дзенісенка і іншыя афіцыйныя асобы.

Парадак дня пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД даволі шырокі. На разгляд лідараў Садружнасці будзе вынесена каля двух дзясяткаў пытанняў. У наступным годзе СНД адзначыць знакавую дату — 35-годдзе з дня ўтварэння. І сёння актуальным бачыцца ўмацаванне яе міжнароднага пазіцыянавання, у прыватнасці ініцыятыва стварэння фармату «СНД плюс» і прадастаўлення Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва статусу назіральніка пры СНД. Гэта пытанне вынесена на абмеркаванне падчас пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў.
На парадку дня таксама тэматыка энергетычнай бяспекі, супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, у галіне пагранічнай бяспекі, барацьбы з транснацыянальнай злачыннасцю. Адзін з найбольш значных для Беларусі пунктаў — заява кіраўнікоў дзяржаў СНД у сувязі з маючым адбыцца 40-годдзем катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Будуць абмеркаваны скаардынаваныя дзеянні краін Садружнасці пры разглядзе дадзенай тэмы на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Асобную ўвагу ўдзельнікі пасяджэння ўдзеляць пытанням бягучай дзейнасці СНД. Па выніках мерапрыемства плануецца прыняць адпаведныя міжнародныя дакументы.
Некаторыя з іх закранаюць праблематыку супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. На саміце ў Душанбэ, у прыватнасці, плануецца зацвердзіць праграмы супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму на 2026–2028 гады, а таксама ва ўмацаванні пагранічнай бяспекі на знешніх граніцах на 2026–2030 гады, канцэпцыю ваеннага супрацоўніцтва да 2030 года. Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў падпішуць дэкларацыю аб супрацоўніцтве ў сферы забеспячэння рэгіянальнай энергетычнай бяспекі, якая накіравана на аб’яднанне намаганняў у сістэмным развіцці энергетычнага комплексу як падмурка ўстойлівага функцыянавання эканомікі, сацыяльнай стабільнасці і нацыянальнай бяспекі ва ўмовах глабальных выклікаў і імклівых змяненняў у сусветнай кан’юнктуры. Лідары СНД таксама маюць намер прыняць шэраг заяў — аб супрацоўніцтве ў барацьбе з транснацыянальнай злачыннасцю; аб супрацьдзеянні адмыванню даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння; у сувязі з 40-годдзем катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і з нагоды 80-й гадавіны стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
«Механізм узаемадзеяння ў рамках СНД — найважнейшы інструмент умацавання палітычнай і эканамічнай сілы дзяржаў Садружнасці і рэгіёна ў цэлым. У СНД нямала краін, якія маюць найвялікшы патэнцыял. Гэта багатыя дзяржавы. Багатыя тымі рэсурсамі, у якіх сёння вельмі мае патрэбу ўся планета.
Мы стаім на плячах некалькіх пакаленняў, якія здолелі ў свой час фактычна з нуля стварыць магутную дзяржаву, якая стала адным з геапалітычных цэнтраў сілы. Яна фарміравалася на агульнасці мэт і павазе традыцый і культур нашых народаў. Таму была моцнай. Аналагаў савецкага досведу нацыянальнага будаўніцтва ў гісторыі няма.
У сувязі з гэтым няма нічога дзіўнага ў тым, што новае аб’яднанне цяпер ужо суверэнных дзяржаў непажаданае ў цяперашняй геапалітычнай канфігурацыі. Мы гэта заўсёды ведалі, таму зрабілі ўсё, каб захаваць такую ўнікальную мадэль, што нам удалося. Паглядзіце: Савецкага Саюза даўно няма, а спробы дэманізацыі савецкага мінулага на Захадзе не спыняюцца. Там прадаўжаюць барацьбу з прывідам. Пра што гэта гаворыць? Пра сілу гістарычнага адзінства нашых народаў, якая да гэтага часу трывожыць і Вашынгтон, і Брусель».
На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Маскве, 8 кастрычніка 2024 года.
Даслоўна
Не толькі перагаворная пляцоўка аднадумцаў
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у размове з журналістамі адзначыў, што гэты саміт асаблівы, і растлумачыў, чаму. «Ён мае значэнне не толькі як перагаворная пляцоўка аднадумцаў, тых, хто ўзначальвае краіны СНД, у падобных умовах будуе сваю незалежнасць і таму выбудоўвае супрацоўніцтва ў рамках гэтай міжнароднай арганізацыі па цэлым комплексе кірункаў», — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. Максім Рыжанкоў звярнуў увагу, што Садружнасць была заснавана амаль 35 гадоў таму і за гэты час набыла рысы сур’ёзнай міжнароднай арганізацыі. Тым не менш СНД не спыняецца ў сваім развіцці, чаму ёсць цэлы шэраг пацвярджэнняў. У прыватнасці, на маючым адбыцца саміце будуць узнімацца пытанні аб пашырэнні магчымасцяў для новых удзельнікаў, аб статусе іншых дзяржаў пры СНД.
«Далей будуць рашэнні па больш сур’ёзным міжнародным пазіцыянаванні СНД. Абмяркуюцца пытанні супрацоўніцтва з іншымі рэгіянальнымі арганізацыямі, надання статусу назіральніка Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — падкрэсліў міністр замежных спраў Беларусі. Знакавым пытаннем, якое будзе разгледжана на саміце, Максім Рыжанкоў назваў фармат «СНД плюс».
«Пытанне „СНД плюс“ адлюстроўвае неабходнасць выбудоўвання больш комплексных і цесных адносін — перш за ўсё ў рэгіянальным аспекце. Краіны, якія імкнуцца да нашага рэгіёна, вядома ж, хочуць быць у курсе таго, што адбываецца ў нашай арганізацыі, і ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў», — лічыць міністр. Ён звярнуў увагу і на той факт, што з СНД лічацца іншыя арганізацыі — напрыклад, ААН і ШАС. «Мы рухаемся ў правільным кірунку. Аўтарытэт арганізацыі расце», — упэўнены Максім Рыжанкоў.