Top.Mail.Ru

Свае і чужыя, або З кім жыць, таго не гнявіць

09.10.2025 | 10:34

Адносіны паміж суседзямі — тэма, без перабольшання, вечная. 


Бо колькі свет стаіць, столькі і людзі што жывуць паблізу, ці ледзьве не радняцца паміж сабой, ці — у горшым выпадку — варагуюць, застаюцца чужымі. 

У выпадку з вяскоўкай Ганнай Антонаўнай мела месца і адно, і другое.

Гісторыя пачалася гадоў трыццаць таму, калі сям’я мінчан па суседстве з ёю купіла зарослы кустоўем участак зямлі, каб у невялікім маляўнічым паселішчы кіламетраў за трыццаць ад горада спраўдзіць даўнюю мару — пабудаваць свой дом.

Але ж спярша трэба было выкарчаваць хмызнякі, вывезці смецце, разбіць сад, распрацаваць глебу пад гарод і клумбы, завезці будматэрыялы...

Не адзін год шчыравалі працавітыя ўраджэнцы Палесся, але ж стварылі такі райскі куточак! А заадно і па-сапраўднаму пасябравалі з Ганнай Антонаўнай, якая лічыла дачнікаў шчодрым падарункам лёсу. І сапраўды, Зіна з Міхасём, чулыя ды спагадлівыя, заўсёды дапамагалі суседцы па гаспадарцы, прывозілі мінскія гасцінцы і лекі — ставіліся да яе як да роднай, бо неяк іначай проста не выпадала: муж Антонаўны даўно памёр, сын прыязджаў хіба зрэдку, ды і то ў асноўным калі меў патрэбу ў грашах.

Не дзіва, што пажылая жанчына на дабро адказвала дабром: прыглядала за лецішчам суседзяў, карміла іх ката і сабаку...

Здавалася, што гэта ідылія будзе доўжыцца вечна, але ж нічога такога пад сонцам няма. Як толькі не стала Ганны Антонаўны, усё змянілася. Яе сын, паўнапраўны спадчыннік, хоць і гаварыў, што не збіраецца прадаваць бацькоўскую хату, праз нейкі час знайшоў пакупніка. Але той ледзь не адразу пачаў сварыцца з усімі суседзямі, прывозіць спецыялістаў, каб тыя засведчылі, што хтосьці «захапіў» сантыметр ягонай зямлі. А Зіна з Міхасём дык яшчэ і хлевушок, а таму павінны сплаціць яму прыстойную суму грошай. (Пры жыцці пенсіянеркі сужэнцы і сапраўды карысталіся адным з яе старых будынкаў, але з пэўных прычын не афармлялі яго на сябе.)

Можа, у сварлівага дзядзькі насамрэч было мала дабра і зямлі? Не, наадварот, месца яму трапілася надзвычай прасторнае. Аднак, пакуль ён «ваяваў» з людзьмі, пустазеллем пазарасталі гарод з сенакосам, нават сцежка, што вяла да дома.

Ды і дом яшчэ не адчуў, што ў ім з’явіўся дбайны гаспадар.

...Што да Міхася і Зіны, то яны аддалі новаму суседу грошы, якія той спаганяў, і канчаткова зразумелі, што ладзіць з чужым для іх чалавекам так, як ладзілі з Антонаўнай, на жаль, не атрымаецца. Ды, па праўдзе кажучы, і ахвоты на гэта нямашака.

Мудрыя палешукі, як і раней, шчыруюць на сваім лецішчы, радуюцца кожнаму новаму дню, захоўваюць памяць пра добрае — не засяроджваюцца на благім. Бо суседзяў не выбіраюць, а вось як глядзець на гэты свет і на людзей, побач з якімі жыць, выбраць заўсёды можна.

Ірына МАТУСЕВІЧ

Дзяржынскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю