Top.Mail.Ru

Мінэканомікі: Выручка на саніраваных прадпрыемствах вырасла ў 1,5-2,5 раза

09.10.2025 | 17:39

У Мінску прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Урэгуляванне неплацежаздольнасці: тэндэнцыі і перспектывы». Міністр эканомікі Юрый Чабатар, прымаючы ўдзел у яе рабоце, адзначыў, што ў Беларусі сфарміравана дзейсная заканадаўчая база, якая дазваляе захоўваць працоўныя калектывы і вяртаць прадпрыемствы да стабільнай работы.


Доля задаволеных патрабаванняў крэдытораў вырасла да 41,5 %

Юрый Чабатар нагадаў аб некаторых навелах Закона «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці», якія пашырылі паўнамоцтвы дзяржорганаў у сферы фінансавага аздараўлення. Асаблівы акцэнт — на прэвентыўных мерах і аналізе сітуацыі на месцах.

— Да значных для эканомікі і грамадства арганізацый банкруцтва не ўжываецца. Але, пры неабходнасці, да іх могуць быць ужытыя працэдуры дасудовага фінансавага аздараўлення, — нагадаў ён.

Яшчэ адна важная навацыя, на якую звярнуў увагу профільны міністр, — права выканкамаў арганізаваць папярэджанне банкруцтва прыватных кампаній як па сваёй ініцыятыве, так і па запыце саміх арганізацый.

— Ужо ёсць прыклады такога ўзаемадзеяння. Траціна саніраваных прадпрыемстваў увайшлі ў судовую працэдуру аздараўлення за апошнія два гады. І ўсе яны прыватныя, — агучыў Юрый Чабатар.

Ён адзначыў некалькі трэндаў, што назіраліся за перыяд дзеяння новага закона: у прыватнасці, колькасць арганізацый дзяржсектара з высокай рызыкай банкруцтва скарацілася на 2,8 %; выручка на саніруемых прадпрыемствах вырасла ў 1,5–2,5 раза; доля задаволеных патрабаванняў крэдытораў павялічылася з 10 % у 2022 годзе да 41,5 % у першым паўгоддзі 2025-га.

Кіраўнік міністэрства таксама расказаў аб перспектыўных кірунках удасканалення нарматыўнай базы ў гэтай сферы.

У ліку будучых навацый: павышэнне ролі сходаў крэдытораў; павелічэнне паўнаты справаздачнасці ў рэестры аб банкруцтве; павышэнне патрабаванняў да кампетэнцыі кіраўнікоў і аператараў гандлёвых пляцовак; спрашчэнне ўмоў заключэння міравых пагадненняў; увядзенне дадатковага інструмента аднаўлення плацежаздольнасці і зніжэння пазыковай нагрузкі (канвертацыя даўгоў у акцыі).

— Гэта толькі частка заканадаўчай работы, якую трэба будзе правесці. Пры гэтым захаванне прадпрыемстваў, павышэнне іх эфектыўнасці, актыўны ўдзел дзяржавы на ўсіх этапах, далейшая лічбавізацыі працэсаў — вектары прававога рэгулявання, якія застаюцца нязменнымі, — падкрэсліў Юрый Чабатар.

Больш чым у тры разы вырасла колькасць міравых пагадненняў 

Дырэктар Дэпартамента па санацыі і банкруцтве Юрый Тараканаў расказаў пра тое, як новыя паўнамоцтвы і кампетэнцыі дзяржорганаў, судоў, сходу (камітэта) крэдытораў, антыкрызісных кіраўнікоў, замацаваныя Законам «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці», змянілі да лепшага сітуацыю ў сферы папярэджання неплацежаздольнасці.

— Назіраецца станоўчая дынаміка па паказчыках ацэнкі ступені рызыкі наступлення банкруцтва: у І-м паўгоддзі 2025-га сярод дзяржарганізацый, якія патрабуюць прымянення прэвентыўных мер, зніжана на 1,3 % у параўнанні са студзенем—чэрвенем 2024-га.

Вырасла колькасць міравых пагадненняў, якія заключаюцца паміж даўжніком і крэдыторамі: за тры апошнія гады больш чым у тры разы.

Павысілася роля і адказнасць камітэта крэдытораў у прыняцці ключавых рашэнняў, звязаных з правядзеннем ліквідацыі.

Зменена сістэма ўзнагароджання антыкрызісных кіраўнікоў. Цяпер «крызіс-менеджар» атрымлівае штомесячную ўзнагароду, памер якой прывязаны да сярэднямесячнай зарплаты па прадпрыемстве. Гэта істотны элемент іх матывацыі.

— Устаноўленае законам права закладнога крэдытора на істотную частку закладной выручкі пасля выплаты сацыяльных плацяжоў дазволіла забяспечыць вяртанне сродкаў фінансавым арганізацыям, а значыць і ў эканоміку краіны, — растлумачыў Юрый Тараканаў.

Дырэктар дэпартамента таксама падзяліўся меркаваннем аб кірунках далейшага развіцця інстытута ўрэгулявання неплацежаздольнасці.

У іх ліку — пашырэнне кола асоб, якія выдзяляюць сродкі на «фінансаванне» паслуг у банкруцтве, карэкціроўка алгарытму размеркавання закладной выручкі, рэалізацыя магчымасці продажу саніраванага прадпрыемства, змяненне падыходаў да банкруцтва нядзеючых фірмаў без маёмасці і іншыя.

Больш за 70 % маёмасці даўжнікоў рэалізавана праз электронныя таргі

На думку намесніка дырэктара Дэпартамента па санацыі і банкруцтве Марыі Пакало Закон «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці» спрасціў і паскорыў уцягванне ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца. Яна адзначыла, што распрацоўка і ўкараненне норм закона сталі вынікам маштабнай міжведамаснай работы, якая аб’яднала намаганні Мінэканомікі, Вярхоўнага суда, дзяржорганаў, дэпутацкага корпусу, прадстаўнікоў дзелавой супольнасці і банкаўскай сферы.

Асаблівую ўвагу спецыяліст удзяліла механізму рэалізацыі маёмасці праблемных прадпрыемстваў праз электронныя таргі, які ўжо даказаў сваю эфектыўнасць.

— Сёння продажам маёмасці займаецца 17 электронных гандлёвых пляцовак. Яны інтэграваныя з Адзіным дзяржаўным рэестрам звестак аб банкруцтве (bankrot.gov.by). Як вынік, па рэзультатах першага паўгоддзя 72 % маёмасці даўжнікоў рэалізавана менавіта праз электронныя таргі, што спрыяла росту задавальнення патрабаванняў крэдытораў, — паведаміла спецыяліст. 

Яшчэ адным значным дасягненнем, па яе словах, з’яўляецца скарачэнне сярэдняга тэрміну ліквідацыйнай вытворчасці ў межах 9 месяцаў. 

— Прычым у некаторых рэгіёнах ён яшчэ ніжэйшы. Напрыклад, у Гомельскай вобласці апошнія два гады дадзены паказчык складае каля 5-6 месяцаў. Гэта наглядны прыклад эфектыўнага прымянення заканадаўства аб урэгуляванні неплацежаздольнасці, — рэзюмавала прадстаўнік Мінэканомікі.

Па матэрыялах прэс-службы Мінэканомікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю