Унікальныя методыкі
Адзін з кірункаў, які развіваюць у РНПЦ — гібрыдная хірургія. Яна спалучае аперацыі, напрыклад, на сэрцы, сасудах, аорце, ніжняй канечнасці адначасова. Гэта мінімізуе нагрузку на пацыента і паскарае аднаўленне. Такія аперацыі праводзяцца ў новым корпусе, адкрытым у 2023 годзе. Рэнтгенэндаваскулярныя спосабы лячэння — яшчэ адзін метад, які актыўна развіваецца ў цэнтры. Аперацыі робяць праз сасудзісты доступ без вялікіх разрэзаў і ўскрыцця грудной клеткі. З кожным годам іх колькасць расце.
А такое ўмяшанне, як стэнціраванне, ужо стала руцінай — выконваецца больш за 16 тысяч працэдур у год. Прымяняюцца і тэхналогіі TAVІ — транскатэтарная замена аартальнага клапана, MіtraClіp — аднаўленне функцыі мітральнага клапана праз сасуд, AccuCіnch і Revіvent — метады памяншэння памераў левага жалудачка.
Пры лячэнні арытмій тут выкарыстоўваюцца навігацыйныя сістэмы для дакладнага пошуку крыніц праблемы. У дзвюх аперацыйных праводзяцца ўмяшанні па лячэнні парушэнняў рытму сэрца. Як падкрэсліў дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Андрэй ПРЫСТРОМ, у нас выконваецца абсалютна ўвесь спектр аперацый, якія робяцца ў любым арытмалагічным цэнтры свету.
Цяпер у РНПЦ укараняецца новая тэхналогія па лячэнні цяжкай сардэчнай недастатковасці. Днямі тут праведзена пятая па ліку аперацыя па звядзенні папілярных мышц левага жалудачка, а ў свеце іх зроблена пакуль 18. Сутнасць метаду — у змяншэнні левага жалудачка сэрца ў хворых з цяжкімі кардыяміяпатыямі.
Пацыенту выконваецца КТ і МРТ сэрца, пасля вырабляецца 3D-мадэль сэрца, па якой рыхтуюцца да аперацыі эндаваскулярныя кардыяхірургі. Падчас такога трэнінгу яны праходзяць катэтарам штучнае сэрца для звядзення папілярных мышц левага жалудачка.
Кардыёлагі адбіраюць такіх пацыентаў, рыхтуюць іх да аперацыі і суправаджаюць яе ультрагукавой дыягностыкай: падчас умяшання ў рэжыме рэальнага часу на экране бачна, як катэтар зайшоў у сэрца, захапіў папілярныя мышцы і кантралюецца, наколькі правільна ідзе аперацыя. Такі метад пераняты ў ізраільскіх калег. Акрамя Ізраіля тэхналогіяй авалодалі хірургі ў некаторых краінах Еўропы.
Нядаўна ў РНПЦ такая аперацыя праведзена 40-гадоваму пацыенту з дылітацыйнай кардыяміяпатыяй. Гэта выражаная спадчынная сардэчная недастатковасць, папросту вялікае сэрца, якое дрэнна працуе і амаль не перапампоўвае кроў.
— Калі не правесці імплантацыю пэўнага дэвайса, каб замарудзіць прагрэсіраванне сардэчнай недастатковасці, пацыент можа прыйсці да неабходнасці трансплантацыі сэрца. Дзякуючы такім прыладам мы стабілізуем пацыента і спыняем прагрэсіраванне дадзенай хваробы, каб не спатрэбіліся іншыя хірургічныя ўмяшанні, — патлумачыла намеснік дырэктара па тэрапеўтычнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогія» Алена КУРЛЯНСКАЯ.
Што датычыцца трансплантацый сэрца, то гэта адзін з метадаў лячэння цяжкай сардэчнай недастатковасці. Як расказаў намеснік дырэктара па хірургічнай дапамозе Сяргей СПІРЫДОНАЎ, у залежнасці ад групы крыві, вагі і іншых параметраў пацыент можа чакаць донарскі орган 3-4 месяцы. Самы малады пацыент, якому была праведзена трансплантацыя, — 9-гадовы хлопчык, самы пажылы — 73-гадовы мужчына, які, дарэчы, сам па спецыяльнасці ўрач і дагэтуль працуе.
Трэба адзначыць, што найбольш простыя маніпуляцыі праводзяцца абласнымі клінікамі і міжраённымі цэнтрамі. Спецыялісты РНПЦ выязджаюць на месцы, дзе навучаюць гэтым тэхналогіям, праводзяць аперацыі, а таксама майстар-класы, кансультацыі. Пры гэтым трапіць у сам РНПЦ могуць пацыенты з любога рэгіёна краіны. Летась у цэнтры толькі ў стацыянары было пралечана больш за 5,7 тысячы пацыентаў, каля 26 тысяч чалавек атрымалі кансультацыі амбулаторна. Аднак цяпер увага ўдзяляецца станаўленню міжраённых цэнтраў, дзе будзе засяроджвацца дапамога і па кардыялогіі, і па рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі, і па арытмалогіі.
— Раней электракардыястымулятары ставіліся толькі ў РНПЦ, потым — у абласных цэнтрах, а сёння з 13 міжраённых цэнтраў 7-8 імплантуюць стымулятары, — прывёў прыклад Андрэй Прыстром.
Клапаны выйшлі ў серыю
У РНПЦ вядзецца і навуковая работа, цяпер выконваецца 38 навукова-даследчых прац, прычым усе яны практыкаарыентаваныя. Гэта і сумесныя распрацоўкі з беларускімі вытворцамі, у прыватнасці, з прадпрыемствам «Фармлэнд» створаны сасудзістыя пратэзы і біялагічныя клапаны. Апошнія з наступнага года пачнуць імплантавацца серыйна. З заводам «Электронмаш» распрацаваны механічныя і біялагічныя клапаны сэрца, карэктары для клапанаў. Таксама вырабляюцца сасудзістыя пратэзы, стэнт-графты — вынік сумеснай работы з навукова-тэхналагічным паркам БНТУ «Палітэхнік». Амаль усе распрацоўкі даведзены да этапу ўкаранення. Гэта і прадукты высокага ўзроўню, якія могуць канкурыраваць з аналагамі вядучых сусветных вытворцаў, і значны эканамічны эфект ад іх укаранення.
— Распрацоўкі нашых навукоўцаў і медыкаў — рэчы не толькі практычныя. Гэта і новыя метады лячэння, якія дазваляюць дасягнуць высокіх вынікаў у паляпшэнні якасці жыцця пацыентаў і даступнасці меддапамогі, — рэзюмаваў кіраўнік РНПЦ.
Трэба адзначыць, што ў цэнтры сабраны магутны навуковы патэнцыял. Тут працуе акадэмік, 17 дактароў навук, 48 кандыдатаў навук, а ўсяго — больш за 900 супрацоўнікаў, 200 з якіх урачы. Адметна, што больш за 90 % урачоў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, у тым ліку 60 % — вышэйшую.
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА