Top.Mail.Ru

У Мінску адбылося 25-е пасяджэнне Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД

09.10.2025 | 11:28

Мерапрыемства, якое ўпершыню праходзіла ў Беларусі, прысвечана 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 


Таму надзвычай сімвалічным з’яўляецца наведванне маладымі парламентарыямі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Праграма іх знаходжання ў нашай рэспубліцы вельмі змястоўная і насычаная: знаёмства з дзейнасцю членаў Савета Рэспублікі, магчымасцямі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, удзел у рэалізацыі міжнароднай акцыі «Лічбавая зорка».

Падчас пасяджэння Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД прадстаўнікі парламентаў Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана расказалі аб тым, як моладзь у іх краінах захоўвае гістарычную памяць аб Перамозе. Таксама былі абмеркаваны пытанні развіцця маладзёжнага парламентарызму і міждзяржаўных праектаў у гуманітарнай сферы. 

Члены Асамблеі азнаёміліся з вопытам Беларусі ў справе развіцця маладзёжнай палітыкі і маладзёжнага парламентарызму на сучасным этапе. Акрамя таго, удзельнікі мерапрыемства разгледзелі маладзёжныя праекты, якія атрымалі шырокую падтрымку на прасторы СНД: «Лічбавая зорка», патрыятычны рух «Перамога 9/45», міжнародны праект «Маладзёжная сталіца СНД».

Маладзёжная міжпарламенцкая асамблея СНД прыняла зварот да моладзі СНД у сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў.

«Сёння, калі робяцца спробы скажэння гісторыі, фальсіфікацыі вынікаў Другой сусветнай вайны, апраўдання злачынстваў нацызму, а таксама адбываюцца абуральныя выпадкі апаганення і дэмантажу помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, мы рашуча асуджаем падобныя дзеянні і заяўляем аб нашай нязменнай прыхільнасці абароны гістарычнай праўды і захаванню памяці аб подзвігу пераможцаў», — гаворыцца ў звароце.

Звяртаючыся да моладзі краін СНД, маладыя парламентарыі заклікалі памятаць подзвіг продкаў, ганарыцца ім і берагчы ад забыцця. Яны падкрэслілі: веданне гісторыі, павага да культуры і традыцый суседзяў, сяброўства паміж народамі — усё гэта аснова трывалага міру. Парламентарыі лічаць важным не толькі вывучаць мінулае, але і ўдзельнічаць у яго захаванні: даглядаць мемарыялы, дапамагаць ветэранам, збіраць сямейныя гісторыі, уключацца ў пошукавыя і добраахвотніцкія рухі, а таксама адстойваць праўду ў лічбавай прасторы.

На сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай маладыя парламентарыі дзяржаў — удзельніц СНД абмеркавалі будучыню СНД у кантэксце тэхналогій і маладзёжных ініцыятыў.

Генеральны сакратар Савета МПА СНД Дзмітрый КАБІЦКІ пасля сустрэчы з удзельнікамі Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД у Савеце Рэспублікі адзначыў, што сучасная моладзь вельмі актыўная і пазітыўная. «Аднак пытанні, якія ўзнімаюцца на пасяджэннях моладзі міжпарламенцкай асамблеі, маюць зусім дарослы характар, — удакладніў ён. Размова ідзе і аб звароце, які прысвечаны 80-годдзю Перамогі, і аб пытаннях маладзёжнай палітыкі ў кожнай з краін Садружнасці».

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю