Калі юная балерына Вольга Гайко, толькі скончыўшы Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж, упершыню выйшла на сцэну ў вобразах Адэты-Адыліі, было зразумела: нарадзілася зорка. У 18 гадоў станцаваць у «Лебядзіным...» галоўную партыю — неверагодна!.. Але выдатная тэхніка, прыгожая вытанчаная пастава — усё было для таго, каб яна стала прымай-балерынай. І яна стала ёй вельмі хутка пасля таго, як паступіла на працу ў Вялікі тэатр Беларусі. Гэта было ў 1997-м, і ўвесь гэты час яна адданая толькі аднаму тэатру, дзе служыць больш за 25 гадоў.
Быў час, калі яе нават называлі «наша Плісецкая» — не толькі з-за знешняга падабенства, але і з-за шыкоўных творчых магчымасцяў. Аднак Вольга Гайко адстаяла сваё права быць асобай з уласным моцным характарам, дзіўнай працавітасцю і жаданнем спазнаваць балет як мага больш глыбока, якой у прафесіі было падуладна шмат што. Вынік — больш за 30 яркіх галоўных партый за час актыўнай кар’еры. Не толькі Адэта-Адылія, але і Кармэн, Джульета, Фрыгія ў «Спартаку», Нэле ў «Тыле Уленшпігелі», узнёслая Жызэль, Сільфіда, Эсмеральда, Рагнеда ў балеце «Страсці»... Нават легендарную балерыну Іду Рубінштэйн, апантаную танцам, яна ўвасобіла пераканаўча — сама адчувала тое ж. Ёй не было складана працаваць з рознымі харэографамі: прафесіяналізм — гэта выдатная тэхніка плюс здольнасць артысткі быць рознай. Што і засведчыла партыя Адэты-Адыліі. Нездарма на міжнародным фестывалі балетнага мастацтва ў Токіа ў 2010-м годзе беларускую пару ў складзе Вольгі Гайко і Агара Аношкі адзначылі спецыяльным прызам за найлепшае выкананне вядучых партый у спектаклі «Лебядзінае возера»...
І нават пасля цяжкай траўмы, якая здарылася на піку кар’еры, яна засталася ў балеце і тэатры, фактычна навучыўшыся хадзіць наноў. А танец — быццам бы натуральная ўласцівасць цела. Пасля лячэння і вяртання Вольга Гайко здолела выканаць 32 фуэтэ ў «Лебядзіным...»І вось юбілярка гэтага года, лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладарніца Прэміі «За духоўнае адраджэнне», народная артыстка Беларусі Вольга Гайко 12 кастрычніка мела бенефіс. Яна выходзіла на сцэну ў спектаклі, які стаў для яе лёсавызначальным: у «Лебядзіным возеры» паўстала ў ролі ўладарнай прынцэсы. Але яна мела дачыненне да падрыхтоўкі трох выканальніц партыі Адэты-Адыліі, якія танцавалі ў гэты вечар: Лізаветы Мусорынай, Марыі Музалеўскай, Настассі Юркевіч. А публіка ведала, хто сапраўдная гераіня вечара, і чакала Вольгу Гайко на «аўтограф-сесію».

Ларыса ЦІМОШЫК