Top.Mail.Ru

Ад выплат да льготных крэдытаў: на якую дапамогу ад дзяржавы могуць разлічваць сем’і з дзецьмі

14.10.2025 | 12:39
Падтрымка сем’яў з дзецьмі — нацыянальны прыярытэт.

Згодна з Канстытуцыяй нашай краіны шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Пра тое, што ўстаноўленыя на дзяржаўным узроўні святы — Дзень маці (14 кастрычніка) і Дзень бацькі (21 кастрычніка) — не проста прыгожыя словы, а суправаджаюцца рэальнымі справамі і адпаведнай дапамогай, падрабязна расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. 

Ордэн за мацярынскі клопат і самааддачу

Мацярынства адзначаецца высокай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Маці. Сёлета ім удастоены 458 жанчын, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей, якія сваім асабістым прыкладам з’яўляюцца для грамадства ўзорам мацярынскага клопату і самааддачы.

Дарэчы, да ордэна дадаецца аднаразовая грашовая выплата ў памеры пяці бюджэтаў пражытачнага мінімуму (2 438,60 рубля).

З 1996 года ордэнам Маці ўзнагароджаны 14,3 тысячы жанчын.

На што могуць разлічваць сем’і з дзецьмі?

Як растлумачылі ў профільным міністэрстве, сацыяльная абарона сям’і, мацярынства і бацькоўства забяспечваецца праз прадастаўленне дзяржаўных дапамог пры нараджэнні і выхаванні дзяцей; сямейнага капіталу пры нараджэнні трэцяга або наступнага дзіцяці; адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльных паслуг; гарантый у сферы працы, пенсіённага забеспячэння, жыллёва-крэдытных адносін і ў іншых сферах жыццядзейнасці сям’і.

Раскажам пра некаторыя з іх. Напрыклад, у 2025 годзе на сістэму дзяржаўных дапамог выдзелена 3,7 мільярда рублёў, з іх амаль 2 мільярды — на выплату дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Такімі выплатамі ахоплена больш за 340 тысяч дзяцей.

Пры нараджэнні дзіцяці, памер аднаразовай дапамогі сям’і складзе 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (з 1 жніўня 2025-га — 4,8 тысячы рублёў), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ (6,8 тысячы рублёў).

Затым сям’я штомесяц будзе атрымліваць дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Пра якую суму ідзе гаворка? На першае дзіця — 35 % сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне за квартал (931,9 рубля), на другое і наступных дзяцей — 40 % СЗП (1 065 рублёў), на дзіця-інваліда — 45 % СЗП (1 198,2 рубля).

Пры выхаванні ў сям’і дваіх і больш дзяцей, адно з якіх ва ўзросце да трох гадоў, выплачваюцца дзве дапамогі: на дзіця да трох гадоў (40 % СЗП) і дзіця (дзяцей) ад трох да 18 гадоў (50 % БПМ). Сумарны памер дзвюх дапамог у маі складаў 1 308,9 рубля.

Пры нараджэнні двайнят (трайнят і больш дзяцей) устаноўлена дадатковая аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці — па 2 БПМ на кожнае дзіця, якое нарадзілася (або па 975,4 рубля).

Падтрымка рублём шматдзетных

Важным момантам з’яўляецца падтрымка шматдзетных сем’яў. У прыватнасці, сямейны капітал, які прызначаецца пры нараджэнні, усынаўленні трэцяга або наступнага дзіцяці.

Так, з 1 студзеня 2025-га памер сямейнага капіталу складае 33 тысячы 275 рублёў. На яго ў бягучым годзе ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжана больш за 360 мільёнаў рублёў.

Дарэчы, у Беларусбанку за ўвесь перыяд рэалізацыі праграмы (з 2015 года) адкрыта 149,3 тысячы ўкладаў «Сямейны капітал», на якія залічана 826,7 мільёна долараў ЗША і амаль 1,8 мільярда рублёў.

У Мінпрацы растлумачылі, што шматдзетныя сем’і маюць права датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу на будаўніцтва (рэканструкцыю), набыццё жылля, пагашэнне крэдытаў; атрыманне адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі; атрыманне медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя; набыццё тавараў для сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі членаў сям’і з інваліднасцю ў сувязі з захворваннямі апорна-рухальнага апарата, органаў зроку.

У ведамстве дадалі, што па стане на 1 кастрычніка 2025-га прынята 96,3 тысячы рашэнняў (за ўвесь перыяд рэалізацыі з 2020 года) аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам, з іх 77 % — на рашэнне жыллёвых пытанняў сям’і, 14 % — на атрыманне адукацыі, 9 % — на медыцынскія паслугі.

На якую яшчэ фінансавую дапамогу могуць разлічваць сем’і?

Акрамя названых вышэй, адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання, можна весці гаворку і аб падтрымцы сем’яў з дзецьмі пры вырашэнні імі жыллёвага пытання. 

Так, ільготны крэдыт на жыллё выдаецца маладой сям’і з двума дзецьмі па 5 % гадавых на 20 гадоў, шматдзетнай сям’і — пад 1 % гадавых на 40 гадоў. Пры гэтым дзяржава прадастаўляе фінансавую дапамогу ў пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах.

Маладым сем’ям пры нараджэнні першага дзіцяці фінансавая дапамога аказваецца ў памеры 10 % ад сумы запазычанасці па льготным крэдыце, у памеры 20 % — пры нараджэнні другога дзіцяці.

Для сем’яў з трыма дзецьмі дзяржава пагашае 75 % ад сумы запазычанасці, для сем’яў з чатырма і больш дзецьмі сума запазычанасці цалкам пагашаецца дзяржавай.

Дарэчы, толькі летась 5,6 тысячы маладых сем’яў і 7,8 тысячы шматдзетных сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. 

Акрамя таго, ёсць і дадатковыя гарантыі.

Напрыклад, для сем’яў з двума дзецьмі, якія наведваюць дзіцячы сад, бацькоўская плата зніжана на 30 %, для шматдзетных сем’яў — на 50 %, сем’і, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, вызваленыя ад такой платы зусім.

— Бясплатная адукацыя ў школах для ўсіх дзяцей (а ў першых трох класах і бясплатнае харчаванне), ільготнае карыстанне падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі, бясплатнае транспартнае забеспячэнне дзяцей, прадастаўленне крэдыту на льготных умовах для аплаты першай вышэйшай адукацыі, стыпендыі і іншыя грашовыя выплаты, бясплатнае і льготнае прадастаўленне лекавых сродкаў дзецям да трох гадоў і дзецям-інвалідам да 18 гадоў, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне дзяцей, ільготы бацькам у сферы падаткаабкладання — усе гэтыя меры субсідзіруюцца дзяржавай і значна эканомяць бюджэт сям’і, — падагульнілі ў Мінпрацы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю