Top.Mail.Ru

Махляр не павінен вывесці з раўнавагі

Такім чынам акрэсліў асноўную мэту сваёй работы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр РЫНГЕВІЧ. Ён, у прыватнасці, паведаміў, што сёлета за 9 месяцаў у нашай краіне зафіксавана каля 13,5 тысячы кіберзлачынстваў. Гэта практычна на 11 % менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым 96 % усіх злачынстваў складаюць крадзяжы, махлярствы і вымагальніцтва. «Усяго толькі 4 % злачынстваў звязаныя з іншым несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі, ілжывымі паведамленнямі аб небяспецы і іншымі», — заўважыў Аляксандр Рынгевіч.


Паводле яго слоў, ужо больш за паўтара года ў Беларусі дзейнічае Указ № 269, які накіраваны на процідзеянне махлярству, звязанаму з банкамі. Ён дазваляе эфектыўна ўзаемадзейнічаць людзям з органамі ўнутраных спраў, а работнікам органаў з дапамогай спецыяльна створаных дзяжурных службаў у фармаце 24/7 перадаваць указаную інфармацыю банкаўскаму сектару. Гэта дазваляе ў пэўнай меры захоўваць ужо выкрадзеныя грошы грамадзян.

Па шматузроўневых схемах

Як адзначыў Аляксандр Рынгевіч, Беларусь — адзіная дзяржава на прасторах СНД, дзе адзначаецца зніжэнне колькасці кіберзлачынстваў. Іх доля ў агульнай колькасці злачынстваў вырасла і складае 29 %. «Пры гэтым колькасць цяжкіх злачынстваў, калі грамадзянам прычыняюць шкоду ў значным памеры, вырасла, хоць і нязначна. Па выніках 9 месяцаў такіх у нас 2,1 тысячы», — падкрэсліў Аляксандр Рынгевіч.

На працягу года сітуацыя можа рэзка мяняцца, бо махлярства часта мае сезонную накіраванасць. Так, у верасні 45 % усіх кіберзлачынстваў былі звязаны са званкамі махляроў грамадзянам пад рознымі падставамі, калі яны імкнуцца зрабіць свае злачынствы шматузроўневымі. Напрыклад, ахвяра адказвае на званок і ўстанаўлівае адносіны з ашуканцам, але не дае яму важнай інфармацыі. Пазней паступае другі званок. Гэтым разам махляр прадстаўляецца супрацоўнікам праваахоўных органаў і паведамляе ахвяры, што тая нібыта здзейсніла злачынства, магчыма, нават удзельнічала ў фінансаванні нейкай экстрэмісцкай дзейнасці. Грамадзяне не чакаюць, што ашуканцы выкарыстоўваюць такую схему, і часта вераць другому чалавеку. Галоўнае, чаго дамагаюцца злачынцы, — вывесці чалавека з раўнавагі, каб ён запанікаваў і стаў лёгка кіраваным.

«Асноўная мэта нашай работы — не абараніць грамадзян ад канкрэтнай прапановы або спосабу махляра, а развіць крытычнае стаўленне да ўсяго. Трэба аналізаваць, хто вам тэлефануе, што кажа. Толькі такім чынам можна сябе абараніць», — заўважыў Аляксандр Рынгевіч.

Telegram, Іnstagram, Vіber...

«Найбольш распаўсюджаным правапарушэннем у нас з’яўляецца кіберзлачыннасць. Часцей за ўсё ў Telegram, што складае прыкладна трэць ад выкарыстоўваемых сродкаў камунікацыі з пацярпелымі. Далей ідуць Іnstagram (26 %), Vіber (22 %) і WhatsApp (6 %)», — заявіў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі расследавання кіберзлачынстваў і лічбавага развіцця Следчага камітэта Леанід МЕЛЬНІК. Паводле яго слоў, асноўнымі падставамі пры здзяйсненні махлярства з’яўляюцца абарона грашовых сродкаў ад дзеянняў зламыснікаў, страхаванне і дэклараванне грашовых сродкаў. Пры гэтым пры здзяйсненні вішынгу часта выкарыстоўваюцца абаненцкія нумары, зарэгістраваныя ў тым ліку на абанентаў Беларусі. Але з верасня ўступіла ў дзеянне пастанова ўрада, якая дазваляе блакіраваць такія сім-карты ў аператыўным рэжыме.

Следчым камітэтам распрацавана спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне ў выглядзе Telegram-бота AntіScam, з дапамогай якога любы грамадзянін можа ўдакладніць актуальныя звесткі аб тым, ці з’яўляецца гэты Іnstagram ашуканскім. Леанід Мельнік дадаў, што ў першым паўгоддзі ўдалося дасягнуць зніжэння кібервымагальніцтваў на 22 %. Пераважаюць выпадкі, звязаныя з блакіраваннем, мадыфікацыяй або знішчэннем камп’ютарнай інфармацыі. У асноўным гэта блакіраванне іCloud, што дасягаецца з дапамогай розных спосабаў. Людзі знаёмяцца ў сацыяльных сетках або спецыялізаваных Telegram-ботах. У ходзе размовы зламыснік на падставе аказання дапамогі ў загрузцы файла прапаноўвае ўвайсці ў нібыта свой іCloud, пасля чаго адбываецца блакіраванне ўліковага запісу.

Па словах Леаніда Мельніка, з мэтай блакіравання ашуканскіх акаўнтаў, якія выкарыстоўваюцца кібервымагальнікамі для адносін з ахвярамі, Следчым камітэтам наладжана работа па блакіраванні дадзеных уліковых запісаў і фішынгавых спасылак. Акрамя таго, ажыццяўляецца маніторынг розных прылад, у суд накіроўваюцца справы па скам-групах, праводзіцца работа па выяўленні дроп-сэрвісаў, якія аказваюць паслугі па вывядзенні выкрадзеных грашовых сродкаў.

Асобная адказнасць

У сярэдзіне лета значная колькасць кіберзлачынстваў здзяйснялася з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, у тым ліку прыналежных беларускім аператарам сувязі. «Калі пацярпелы бачыць, што з ім размаўляюць з беларускага абаненцкага нумара, давер да такой асобы ўзрастае. Ёсць прыклады ўстанаўлення асоб, якія выкарыстоўваюць сім-боксы і пры дапамозе анлайн-сэрвісаў вызначаюць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, змяшчаючы ў іх сім-карты, аформленыя на сябе альбо атрыманыя ў трэціх асоб. Такім чынам фактычна ствараецца інфраструктура для здзяйснення злачынства. Цяпер разглядаецца пытанне ўвядзення асобнай адказнасці за дзейнасць падобнага роду», — расказаў старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры Максім СЕНІЎ.

Паводле яго слоў, аналіз крымінальных спраў, узбуджаных з 1 да 10 кастрычніка гэтага года, сведчыць аб тым, што значная колькасць злачынстваў звязана са схіленнем пацярпелых да пераводу грашовых сродкаў на падкантрольныя зламыснікам банкаўскія рахункі, у тым ліку і замежныя. Часта ашуканцы здзяйсняюць супрацьпраўныя дзеянні з-за мяжы, рэгіструюць банкаўскія плацежныя карты і тэлефонныя нумары на падстаўных асоб і выводзяць выкрадзеныя грашовыя сродкі за межы Беларусі.

«На адным з пасяджэнняў міжведамаснай рабочай групы прапрацоўваліся ў тым ліку пытанні неабходнасці змянення і ўдасканалення парадку выдачы крэдытаў фізічным асобам, каб выключыць верагоднасць іх афармлення трэцімі асобамі або пад іх уздзеяннем. Абмяркоўвалася таксама прыняцце дадатковых мер для спынення банкамі патэнцыяльна ашуканскіх аперацый, у прыватнасці пры пераводзе грашовых сродкаў за мяжу», — дадаў Максім Сеніў.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю