Top.Mail.Ru

Як людзей з інваліднасцю вучаць жыць самастойна

Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў № 3 Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска ўнікальнае тым, што тут ва ўмовах трэніровачных кватэр, размешчаных у шматкватэрным доме аднаго з мікрараёнаў, навучаюць самастойнаму жыццю людзей з інваліднасцю. Яго загадчык і суаўтар ініцыятывы «Цёплы дом» Вольга ЕРМАЛАЕВА сёлета ўдастоена звання «Мінчанін года» у сферы сацыяльнай абароны.


Клопат і цярпенне

Аддзяленне працуе з 2020 года і адкрыта пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Тут садзейнічаюць у развіцці навыкаў самастойнага пражывання хлопцам і дзяўчатам з інваліднасцю 1 і 2 груп, у якіх інтэлектуальныя парушэнні. Цягам трох месяцаў яны вучацца жыць цалкам незалежна ад бацькоў, а ў выхадныя і святочныя дні вяртаюцца дадому.

Спецыялісты па сацыяльнай рабоце і сацыяльныя работнікі, якія суправаджаюць маладых людзей кругласутачна, вучаць іх гатаваць, прыбіраць, мыць адзенне, планаваць свой бюджэт і вольны час, хадзіць у магазін і камунікаваць з акружэннем. Падапечныя цалкам акунаюцца ў хатнюю абстаноўку і спрабуюць сябе ў ролі самастойных дарослых людзей.

Безумоўна, ад сацыяльных работнікаў патрабуецца шмат клопату і цярпення, каб навучыць хлопцаў і дзяўчат часам элементарным рэчам.

— Бацькі прывыклі ўсё выконваць за сваіх дзяцей, мы ж робім акцэнт на самастойнай рабоце. Бацькі памыюць падлогу за 10 хвілін, а маладому чалавеку можа спатрэбіцца на гэта гадзіна. І тут пры навучанні патрабуецца цярпенне, з кімсьці — строгасць, з кімсьці — дабрыня, але без гэтага выніку не дасягнуць, — дзеліцца сацыяльны работнік Арына КУПРЫЕНКА.

Раніца ў трэніровачных кватэрах пачынаецца з гігіенічных працэдур і сняданку, які гатуюць маладыя людзі, пасля — абавязковае сумеснае планаванне.

— Кожны дзень у нас мае свой колер і пах. Згадваем, якое чысло, якое надвор’е, што будзем апранаць на вуліцу, як увогуле трэба ў такое надвор’е апранацца. У нас ёсць агульны расклад кватэры, спіс агульных спраў, бо мы павінны гатаваць абед, прыбіраць і іншае. Ёсць працоўныя майстэрні, індывідуальны расклад — для кожнага, зыходзячы з яго запытаў. Маладыя людзі прыходзяць з рознымі жаданнямі: хтосьці хоча пажыць самастойна, хтосьці зусім юны і нічога не ведае пра самастойнае жыццё, — расказвае Вольга Ермалаева.

Абудзіць ініцыятыву

Большасць маладых людзей прыходзяць у аддзяленне з сем’яў, — з бацькамі можна паленавацца і пахітрыць. Пры самастойным пражыванні такой магчымасці няма. Усе ўключаны ў індывідуальную і камандную работу, хтосьці з’язджае на пэўны час у працоўныя майстэрні ці на сваё месца работы, а пасля вяртаецца да навучання бытавой дзейнасці.

— Наша галоўная задача — каб падапечныя не баяліся спрабаваць сябе ў чымсьці, у тым ліку ў самастойным жыцці. Да нас яны прыходзяць з пасіўнай пазіцыяй. А мы абуджаем у іх ініцыятыву: каб у жыцці штосьці з’явілася, трэба пастарацца, — дзеліцца спецыяліст па сацыяльнай рабоце Дар’я ДОСІНА.

Акрамя навучання практычным навыкам тут арганізаваны заняткі з выкарыстаннем матэрыялаў на яснай і простай мове, накіраваныя на інфармаванне аб хатнім гвалце: якім яно бывае і куды звяртацца па дапамогу. 

А таксама на фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін у грамадстве, у тым ліку выкладаюцца азы фінансавай граматнасці, юрыдычныя аспекты. А пасля вячэры сацыяльныя работнікі разам з маладымі людзьмі падводзяць вынікі: што зроблена за дзень, што атрымалася і не атрымалася, што было складаным, а што лёгкім.

На выхадныя яны вяртаюцца да бацькоў з дамашнімі заданнямі, якія звязаны з бытавой дзейнасцю — іх важна замацаваць у сям’і.

— Мы актыўна працуем і з бацькамі. У нас дзейнічае клуб «Цёплая сустрэча». Гэта таварыства сем’яў, якія зацікаўлены ў самастойным пражыванні сваіх дарослых дзяцей. Мы дзелімся з імі навацыямі ў сацыяльнай сферы, а бацькі ў сваю чаргу — сваім бясцэнным вопытам. Нашы сустрэчы праходзяць штомесяц і нясуць важную місію падтрымання станоўчага статусу чалавека з інваліднасцю, — кажа Вольга Ермалаева.

Пасля такога навучання некаторыя маладыя людзі, якія маюць уласную ці сацыяльную кватэру, а таксама працоўныя рэкамендацыі, пачынаюць жыць самастойна. Дарэчы, калі такія рэкамендацыі ёсць, спецыялісты сумесна з грамадскімі арганізацыямі і службай занятасці садзейнічаюць працаўладкаванню сваіх выхаванцаў. Сярод тых, каму яшчэ трэба знайсці работу, — 22-гадовы наведвальнік аддзялення Косця. Акрамя таго, што ён навучыўся гатаваць і дапамагаць у прыборцы кватэры, малады чалавек мае яшчэ адну важную місію — эксперта-ацэншчыка па яснай мове. Ён дапамагае ствараць і адаптаваць матэрыялы на зразумелай мове для людзей з інваліднасцю. «Хачу знайсці сабе работу, каб хоць крыху зарабляць», — дзеліцца Косця.

Па поклічы сэрца

Вольга Ермалаева ўзначальвае аддзяленне з моманту яго адкрыцця. Яна з дзяцінства марыла працаваць з людзьмі, а ў выпускным класе выйграла ў гарадскім конкурсе, прадставіўшы праект па псіхалогіі. Пасля школы паступіла ў Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, свядома абраўшы спецыяльнасць, звязаную з сацыяльнай работай і псіхалогіяй.

— Калі маніторыла вакансіі, хацела працаваць і дапамагаць менавіта маладым людзям з інваліднасцю. Так у пачатку 2019 года прыйшла ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна. Прыемна, што нашу справу заўважаюць і сёлета адзначылі на такім высокім узроўні, бо сваю ўзнагароду я раздзяляю з усім нашым калектывам. Сацыяльная абарона — работа каманды, а не аднаго чалавека. І гэта найперш адказнасць, а значыць, далей — толькі наперад і толькі лепш.

Алена КРАВЕЦ

Фота з архіва ТЦСАН Маскоўскага раёна г. Мінска

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю