На карысць міру і чалавецтва
Знакавай падзеяй, якая вывела краіну ў лік касмічных дзяржаў, стаў запуск у 2012 годзе Беларускага касмічнага апарата. Беларускі спадарожнік паспяхова працуе ў складзе аб’яднанай беларуска-расійскай арбітальнай групоўкі. Атрыманыя з яго дапамогай даныя служаць самым розным мэтам — ад забеспячэння нацыянальнай бяспекі і кантролю за надзвычайнымі сітуацыямі да вырашэння прыкладных задач, такіх як праектаванне дарог, улік зямельных рэсурсаў і маніторынг экалагічнай абстаноўкі. Беларуская касмічная сістэма запатрабавана ў рабоце 11 міністэрстваў і ведамстваў краіны.
Паводле ААН, больш за 40 % кірункаў, што забяспечваюць устойлівае развіццё краін свету, звязаны з выкарыстаннем касмічных тэхналогій. У сувязі з гэтым, як адзначыў Пётр ВІЦЯЗЬ, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сучасны этап асваення космасу характарызуецца не столькі фундаментальнымі даследаваннямі, колькі яго практычным прымяненнем. «Перш за ўсё мы вывучаем і выкарыстоўваем космас на карысць чалавека і тых тэхналогій, якія развіваюцца на нашай планеце, — падкрэсліў Пётр Аляксандравіч. — Космас з’яўляецца лакаматывам развіцця эканомікі. Таму тое, што робіцца для яго вывучэння, потым паспяхова выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах».
Новыя праекты і магчымасці
Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы — ужо было выканана 8 саюзных праграм. У тым ліку ў космасе пабывала першая беларуская жанчына-касманаўт Марына Васілеўская. Яна выканала навуковую праграму, якая ўключала пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя эксперыменты. Плануюцца і новыя амбіцыйныя праекты: у супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй распрацоўваецца новы спадарожнік звышвысокага распазнавання — 0,35 м. Расія забяспечыць сам запуск (пакуль што ён запланаваны на 2028 год), а Беларусь — стварэнне тэлескопаў і наземнай інфраструктуры. Новы спадарожнік будзе валодаць шэрагам унікальных функцый. У адрозненне ад стандартнай стэрэаздымкі, якая робіць два здымкі пад вуглом 30 градусаў, беларускі апарат будзе рабіць тры здымкі адначасова, што дазволіць будаваць дакладныя 3D-мадэлі гарадоў. З’явіцца і магчымасць здымаць відэафільмы. Як адзначае Сяргей ЗАЛАТЫ, дырэктар унітарнага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кірунак абсалютна новы і даволі перспектыўны, бо дынамічная здымка розных аб’ектаў дазволіць вызначаць шэраг іх змен.
У краіне пачасціліся выпадкі назірання паўночнага ззяння, што пазначыла неабходнасць даследаванняў іонасферы. Яны, у сваю чаргу, адкрываюць новыя магчымасці для прагназавання магнітных бураў, якія ўплываюць на самаадчуванне метэазалежных людзей: «Для зандзіравання іонасферы мы плануем запусціць спадарожнік, створаны ў Акадэміі навук, — падкрэсліў Сяргей Анатольевіч. — Запуск плануецца ў снежні гэтага года. На дадзены момант наземная інфраструктура ўжо створана, а апарат знаходзіцца ў пускавым кантэйнеры». Акрамя таго, беларускія навуковыя распрацоўкі паспяхова прайшлі апрабацыю на Міжнароднай касмічнай станцыі: у рамках эксперыменту «Стандарт Месяц» быў пратэставаны бескантактны кардыястымулятар, створаны ў Інстытуце фізіялогіі НАН, неўзабаве прыбор будзе ўкаранёны ў далейшую работу.
Космас — у масы
Папулярызацыя касманаўтыкі і выхаванне маладых вучоных сталі адным з ключавых кірункаў работы НАН. Аб гэтым расказала галоўны спецыяліст упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына КАЗАЧОК, адзначыўшы, што пасля палёту Марыны Васілеўскай адбыўся шэраг сустрэч моладзі з касманаўткай. У цэлым работа з падрастаючым пакаленнем вядзецца сістэмна і плённа: напрыклад, секцыя па космасе даўно стала традыцыйнай на «Фестывалі навукі». А адной з ключавых пляцовак для інтэграцыі маладых розумаў у сусветную навуковую супольнасць з’яўляецца штогадовая міжнародная канферэнцыя «Моладзь у навуцы». Вялікай папулярнасцю карыстаецца і конкурс лічбавага мастацтва «Сімфонія космасу».
Ганаровым госцем на рэспубліканскай канферэнцыі «Першы крок у навуку», дзе школьнікі прадстаўляюць свае распрацоўкі, у 2025 годзе стала Наталля Гагарына, пляменніца самага вядомага савецкага касманаўта. З размахам сёлета адзначылі і Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі: прымеркаванае да свята маштабнае мерапрыемства прайшло ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Вянцом асветніцкай дзейнасці стане Беларускі касмічны кангрэс, запланаваны на 21-23 кастрычніка 2025 года. Мерапрыемства, якое праходзіць раз на 3 гады, збярэ вучоных з Беларусі, Расіі і іншых краін для абмену навуковымі дасягненнямі і ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц