Новыя маршруты сталі магчымымі дзякуючы папаўненню флоту сучаснымі самалётамі Aіrbus, якія пераадольваюць больш за восем тысяч кіламетраў.
Сяргей ЛУКАШЭВІЧ, першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі заявіў у размове з журналістамі: «Стратэгічны ўзровень адносін паміж Беларуссю і В’етнамам неаднаразова падкрэсліваўся кіраўнікамі нашых краін. Імпульсы, якія надае дзяржаўная вертыкаль, садзейнічаюць развіццю супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях — ад гандлёва-эканамічных да чалавечых і палітычных кантактаў. Сённяшні прамы рэйс — яшчэ адзін крок на гэтым шляху».
Ван Чунг Нгуен, Надзвычайны Паўнамоцны Пасол В’етнама ў Беларусі адзначыў: «Адкрыццё рэйса — гістарычны момант. Я ўпэўнены, што рэйс „Мінск—Фукуок“ дазволіць жыхарам Беларусі і В’етнама больш падарожнічаць. Гэта вялікая магчымасць для нашых турыстаў».
«Сапраўды, гэта вялікая падзея для кампаніі і для ўсёй краіны. Паветранае судна можа перавозіць 281 пасажыра ў бізнес- і эканом-класах. Будзе прадастаўляцца двухразовае гарачае харчаванне. Першыя рэйсы запоўнены цалкам, і, паводле інфармацыі турыстычнага аператара, загрузка практычна поўная да вясны», — адзначыў Глеб ПАРХАМОВІЧ, першы намеснік генеральнага дырэктара па арганізацыі вытворчасці авіякампаніі «Белавія».
Адправіцца на Фукуок цяпер можна праз беларускіх турыстычных аператараў. Турпакет на дваіх каштуе 2300 долараў за дзесяць начэй. Нормы для ручной паклажы — 5 кілаграмаў, для багажу — 23 кілаграмы ў эканомкласе і 32 — у бізнес-класе. Паміж Беларуссю і В’етнамам працуе бязвізавы рэжым (без візы ў В’етнаме можна знаходзіцца 30 дзён), і гэта значна спрашчае магчымасці для адпачынку.
Так пачынаецца новая старонка ў геаграфіі беларускіх авіяпалётаў — прамы шлях праз паўсвета, што злучае халодную восень Мінска з сонцам і морам далёкага Фукуока. Каля выхаду на пасадку — усмешкі, фота. Хтосьці ўжо марыць пра пляжы Фукуока, іншыя разглядаюць праз вокны аэрапорта самалёт, што будзе пераносіць іх праз аблокі. «Белавія» плануе выконваць рэйсы ў В’етнам адзін раз у адзінаццаць дзён — дастаткова, каб кожны ахвотны паспеў адчуць сябе часткай новай авіяцыйнай гісторыі.
Дарэчы, рэйсы на Фукуок і Хайнань — гэта яшчэ не ўсе прапановы «Белавія» аматарам экзатычнага адпачынку. З 28 кастрычніка кампанія пачне выконваць палётную праграму на востраў Шры-Ланка, у міжнародны аэрапорт Матала, які размешчаны ў паўднёвай частцы вострава, дзе трапічная прыгажосць пачынаецца літаральна адразу пасля пасадкі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ