Ад медыцыны да сацыялогіі
«Словы „штучны інтэлект“ яшчэ нядаўна былі тэмай фантастаў, усе лічылі, што гэта перспектыва аддаленай будучыні, а сёння ўжо аб’ектыўная рэальнасць», — заўважыў на адкрыцці форуму старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік. Ён звярнуў увагу, што развіццю такога перспектыўнага кірунку асаблівую увагу ўдзяляе Прэзідэнт краіны і падтрымка навукі і інавацый з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. «Патрабаванні кіраўніка дзяржавы зазірнуць за гарызонт, забяспечыць тэхналагічную бяспеку нашай краіны немагчыма выканаць без кансалідацыі ўсіх намаганняў, кампетэнцый па выкарыстанні і развіцці штучнага інтэлекту», — адзначыў Уладзімір Каранік. Для гэтага неабходны людзі з высокім «натуральным» інтэлектам, здольныя выкарыстаць новы інструмент для выканання канкрэтных задач.
Форум як раз дазваляе аб’яднаць такіх людзей. Сёлета тут сабраліся вядучыя распрацоўшчыкі не толькі Беларусі, але і замежныя эксперты. У форуме ўзялі ўдзел больш за 250 прадстаўнікоў навукі, адукацыі, бізнесу і міжнародных арганізацый, якія вядуць даследаванні і вырашаюць практычныя задачы, звязаныя са штучным інтэлектам. Вобласці прымянення новага інструменту сёння даволі шырокія — медыцына, космас, прамысловасць, інфармацыйныя тэхналогіі, сацыялогія...
На службе ў здароўя і бяспекі
Форум стаў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў таго, што зроблена за год. У рамках яго былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу «Лідары штучнага інтэлекту Беларусі — 2025», дзе былі адзначаны найлепшыя прадукты, праекты і кампаніі, якія паспяхова ўкараняюць інтэлектуальныя прадукты ў эканоміку і сацыяльную сферу.
Была прадстаўлена маштабная выстаўка перадавых айчынных распрацовак у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі. Са сваімі распрацоўкамі (а гэта больш за 150 інавацыйных праектаў) знаёмілі інстытуты НАН, навучальныя ўстановы, прадпрыемствы, вядучыя ІТ-кампаніі. Тут можна было ўбачыць, як пашыраецца прымяненне штучнага інтэлекту.
Так рэзідэнт Мінскага гарадскога тэхнапарка, кампанія «Альгімед Тэхна» прэзентавала аўтыматызаваную сістэму для вадкаснай цыталогіі, якая ўжо сёння спрашчае работу ўрачоў лабараторнай дыягностыкі і дазваляе заўважаць змены на больш высокім, малекулярным узроўні. Рабатызаваная сістэма будзе карыснай не толькі для выяўлення праблем з жаночым здароўем, па сутнасці гэта адзін з крокаў да развіцця больш персаналізаванай медыцыны. Падчас назірання за пацыенткамі можна адсочваць найбольш эфектыўныя метады лячэння і падбіраць тыя, якія будуць падыходзіць іншым жанчынам з падобнымі праблемамі.
Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН, які з’яўляецца арганізатарам форуму, прадставіў шэраг распрацовак, сярод якіх інтэлектуальныя сістэмы кіравання мабільнымі робатамі і сельгастэхнікай, тэхналогіі для адсочвання захворванняў раслін і распрацоўкі новых лекаў, выкарыстанне штучнага інтэлекту для дыягностыкі захворванняў лёгкіх.
Кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі рабатазываных сістэм Ваеннай акадэміі Аляксандр Пузанаў расказаў пра комплексную сістэму супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам «Цішыня», якая дазваляе па шуме рухавікоў беспілотных лятальных апаратаў на малой вышыні выяўляць аб’екты і назіраць за імі. Гэта распрацоўка вучоных прайшла палявыя выпрабаванні і рыхтуецца да дзяржаўных іспытаў для далейшай прыёмкі на ўзбраенне. Але ўжо і сёння яна аказалася карыснай — былі дадзены рэкамендацыі прадпрыемствам ваенна-прамысловага комплексу па выбару вінта для беспілотных лятальных апаратаў, каб яны мелі меншы ўзровень акустычнага шуму і іх складаней было адсачыць. Між іншым, як заўважыў Аляксандр Пузанаў, распрацоўкі Ваеннай акадэміі могуць быць карыснымі і ў мірных мэтах.
Сёння, калі дроны ўсё актыўней выкарыстоўваюцца ў розных галінах: у картаграфіі і геадэзіі, прамысловасці і сельскай гаспадарцы, для папярэджвання лясных пажараў і пошуку людзей, маніторынгу тэрыторый, фота- і відэаздымак, — неабходна клапаціцца аб падрыхтоўцы аператараў, якія змогуць кіраваць лятальнымі апаратамі. Навыкі пілатавання, у тым ліку пралёт на хуткасці ці ў складаных умовах, дазваляюць адпрацаваць сімулятары палётаў. Першы ў Беларусі сістэмны інтэгратар беспілотных рашэнняў кампанія «Copter. by» прадставіла на выстаўцы серыю сімулятараў палётаў, а таксама распрацоўкі, якія могуць выкарыстоўвацца ў дзіцячых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
Сваімі напрацоўкамі падчас форуму падзяліліся і маладыя людзі. Так, навучэнка Мінскага радыётэхнічнага каледжа падрыхтавала праект сістэмы для бяспечнага пераходу дарогі, а студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ прадставілі аэрадынамічную платформу для тэсціравання сістэм арыентацыі і пазіцыянавання нанаспадарожнікаў і мультыаб’ектныя сістэмы для разгортвання атмасферных зондаў.
Алена ДЗЯДЮЛЯ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА