Жывая сувязь
За апошнія два гады Гомельская вобласць, сапраўды, стала адной з перадавых пляцовак краіны па ўвасабленні ідэй жыхароў у рэальныя справы. Тэматыка ініцыятыў самая шырокая: ад добраўпарадкавання да праектаў па экалогіі, турызме, захаванні гістарычнай памяці.
Адзін з праектаў, які не толькі аб’яднаў людзей у карысным пачынанні, але паказаў прыклад таго, як супольная справа ўзмацняе адчуванне каранёў, — грамадзянская ініцыятыва «Код памяці». Аднайменная музейная экспазіцыя з’явілася ў сярэдняй школе № 75 г. Гомеля менавіта з самай шчырай павагі да мінулага.
Стварылі праект разам настаўнікі, вучні і жыхары мікрараёна Хутар Навабеліцкага раёна. Педагогі з вучнямі збіралі экспанаты па вёсках, прасілі родных і знаёмых прыносіць рэчы, якія захаваліся ад бабуль, прабабуль, з элементамі беларускага нацыянальнага касцюма.
З гэтых рэчаў, сабраных фактычна сіламі ўсяго мікрараёна, і нарадзілася музейная экспазіцыя. Але праект адразу выйшаў за межы школы — сёння гэта жывы цэнтр выхавання не толькі для вучняў, іх бацькоў, педагогаў Навабеліцкага раёна, але і Гомеля і вобласці ў цэлым.
«Мы хацелі стварыць прастору, дзе дзеці могуць дакрануцца да сваіх каранёў, — дзеляцца педагогі Гомельскай школы № 75. — Каб зразумелі: гісторыя — гэта яны самі».
Экспазіцыя «Кода памяці» пабудавана такім чынам, каб расказаць пра жыццё беларускай сям’і. Яна адлюстроўвае шлях чалавека — ад нараджэння да сталасці, святы і будні. Асобна ў музейным пакоі выдзелена вясельная тэма: можна паглядзець на аўтэнтычныя куфры, у якіх нявеста захоўвала свой пасаг. Унікальны экспанат калекцыі — рэканструяваны па старажытнай фатаграфіі касцюм нявесты. Адноўлены вясельны ўбор цалкам ручной работы.
На рэалізацыю гэтай грамадзянскай ініцыятывы спатрэбілася 59 620 рублёў, з іх дзясятую частку — 6000 рублёў — сабралі жыхары мікрараёна.
Вынік вымяраецца справамі
— Вельмі важна, што кожная падобная грамадзянская ініцыятыва нашых жыхароў пачынаецца з жадання зрабіць нешта карыснае для свайго горада, сваёй вёскі, сваёй школы. Гэта адказ на жывое пачуццё адказнасці за месца, дзе ты жывеш, — падкрэслівае член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
Як звярнула ўвагу сенатар, не менш важна, што пасля ўключэння ў 2023 годзе прававога інстытута грамадзянскай ініцыятывы ў Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», актыўныя жыхары населеных пунктаў атрымалі магутны дадатковы імпульс развівацца ў полі грамадзянскіх ініцыятыў.
Па словах Кацярыны Зенкевіч, на Гомельшчыне конкурсны механізм адбору найлепшых з найлепшых праектаў грамадзянскіх ініцыятыў стаў не проста адміністрацыйнай інавацыяй, а новай культурай узаемадзеяння людзей і ўлады. Каардынацыю рэалізацыі праектаў у рэгіёне вядзе абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, якая выступае распарадчыкам бюджэтных сродкаў і арганізатарам навучання актывістаў.
Вынік уражвае: толькі за 2024 год на конкурсны адбор паступіла 111 праектных заявак, з якіх 25 прызнаны пераможцамі.
— Кожны праект паказвае, што жыхары нашых населеных пунктаў гатовы падтрымліваць развіццё сваіх тэрыторый, браць на сябе адказнасць і дзейнічаць, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч. — Фактычна сёння ў нас фарміруецца новае пакаленне ініцыятыўных лідараў, якія ўмеюць не проста марыць, а планаваць, узгадняць, рэалізоўваць. Асаблівую ролю ў працэсе развіцця грамадзянскіх ініцыятыў на Гомельшчыне адыгрывае адукацыйны праект «Школа рэгіянальнага развіцця». Вядома, што кожная справа пачынаецца з чалавека, які не баіцца зрабіць першы крок. І на Гомельшчыне сёння створана магчымасць для нашых грамадзян вучыць не толькі пісаць праекты, але і верыць у свае сілы, бачыць магчымасці там, дзе іншыя бачаць праблемы. І многія выпускнікі праграмы ўжо рэалізавалі свае ідэі.
Агульны аб’ём фінансавання склаў каля 333 тысяч рублёў, з іх — звыш 34 тысяч сродкаў сабралі самі грамадзяне. У бягучым годзе ў конкурсе ўдзельнічала ўжо 55 праектаў, 19 з іх атрымалі падтрымку ў цэлым на суму больш за 443 тысячы рублёў, з іх больш як 44 тысячы рублёў — суфінансаванне жыхароў вобласці.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара і Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў