Фонд дзеючых у краіне дзяржстандартаў — каля 32 тысяч дакументаў
«Стандарты — гэта інструмент даверу, — адзначае старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА. — Гэта патрабаванні, з якіх пачынаецца распрацоўка нечага новага або ажыццяўляецца ўдасканаленне таго, што ёсць. Калі ўзяць 2025 год, то ў Беларусі ўжо прынята 444 стандарты».
Яны датычацца транспарту, будаўніцтва, у тым ліку дарожнага, машынабудавання, электратэхнікі, робататэхнікі, мэблі, лёгкай, харчовай прамысловасці, сувязі, паслуг, сістэм беражлівай вытворчасці і іншых. Узровень іх гарманізацыі з міжнароднымі і рэгіянальнымі склаў 64 %.
«У Беларусі ідзе акцэнт на стварэнне ў большай ступені менавіта міждзяржаўных стандартаў, гарманізаваных па ўсіх перадавых нормах для таго, каб наша прадукцыя безбар’ерна ішла на рынкі іншых краін без абмежаванняў і выключэнняў. Чым больш актыўна нашы прадпрыемствы будуць удзельнічаць у распрацоўцы стандартаў і закладваць тыя патрабаванні, якія ім выгадныя, якія дазволяць выпускаць канкурэнтаздольную, бяспечную, якасную прадукцыю, тым больш у нас будзе магчымасць асвойваць новыя рынкі. Сёння наша прадукцыя ідзе ў 161 краіну», — расказала старшыня Дзяржстандарту.
Акрамя таго, актыўна развіваецца і нацыянальная стандартызацыя. У прыватнасці, распрацавана праграма стратэгічнага развіцця тэхнічнага рэгулявання Беларусі да 2030 года, у якой дакладна прапісаны асноўныя пастулаты. Па-першае, узрост стандартаў не павінен перавышаць пяць гадоў. Па-другое, пры распрацоўцы стандартаў абавязковы ўдзел усіх зацікаўленых: вытворцаў, бізнесу, органаў дзяржкіравання. Усё гэта робіцца для дасягнення кансэнсусу ў стварэнні і распрацоўцы патрабаванняў, якія закладваюцца ў стандарты.
Варта адзначыць, што яны з’яўляюцца добраахвотнай сферай. Улічваючы, што наша краіна з’яўляецца часткай розных інтэграцыйных утварэнняў — гэта Саюзная дзяржава, ЕАЭС, СНД — стандартам адведзена роля даверу. Калі вытворца ўказвае ў маркіроўцы адпаведнасць стандарту, ён абавязвае сябе выканаць яго патрабаванні.
Аб планах на пяцігодку якасці
Важным застаецца абарона ўнутранага рынку інструментамі стандартызацыі, метралогіі, акрэдытацыі ад небяспечнай фальсіфікаванай прадукцыі.
Як адзначыла Алена Маргунова, за першае паўгоддзе праведзена прыкладна 40 тысяч кантрольна-наглядных мерапрыемстваў і каля 700 тавараў прызнаныя небяспечнай прадукцыяй. У прыватнасці, гэта прадукты імпартнай вытворчасці — каля 85 %. Вядома ж, сочаць і за нашымі айчыннымі таварамі, але ў нас працэнт выяўлення небяспечнай прадукцыі складае прыкладна 0,5-0,6 %.
«Акрамя таго, будзем займацца бесперашкодным прасоўваннем нашай прадукцыі на рынкі іншых краін з дапамогай апераджальнай стандартызацыі, укараняць новыя стандарты, патрэбныя спажыўцу. Яшчэ адзін элемент — лічбавізацыя механізмаў тэхнічнага рэгулявання для таго, каб адсочваць не толькі бяспеку, але і якасць тавару, пачынаючы з „поля“ і заканчваючы гатовай прадукцыяй. Варта таксама ўкараняць перадавыя практыкі, якія зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку ў рамках сістэм менеджменту — якасці, харчовай бяспекі, аховы працы, беражлівай вытворчасці. Усе гэтыя сістэмы дапамогуць інструментам якасці ствараць бяспечную канкурэнтаздольную прадукцыю з найменшымі выдаткамі», — акрэсліла планы на найбліжэйшы час старшыня Дзяржстандарту.
Кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатоль МАРКЕВІЧ адзначыў, што наша краіна на працягу стагоддзя не разгубіла, а захавала і прымножыла дасягненні ў галіне стандартызацыі: «У Беларусі стандартызацыя — нацыянальны стрыжань і аснова якасці. Менавіта дзякуючы высокім стандартам нашу прадукцыю любіць як блізкае, так і далёкае замежжа. Наша дзяржава працягвае супрацоўніцтва ў галіне стандартаў якасці на міжнародных пляцоўках. Не выпадкова, што ў рамках Саюзнай дзяржавы гэта пытанне выходзіць на новы ўзровень. Збліжэнне эканомік нашых краін, работа па гарманізацыі заканадаўства ў галіне падаткаабкладання, працоўных адносін, сацыяльных гарантый, распрацоўка і ўзгадненне адзінай прамысловай палітыкі, глыбокая кааперацыя дазваляюць гаварыць аб прадукцыі сумеснай вытворчасці».
Паводле яго слоў, пытанні якасці прадукцыі Беларусі і Расіі ва ўмовах недружалюбных паводзін трэціх краін, увядзення санкцый у дачыненні да дзвюх нашых дзяржаў набываюць стратэгічнае значэнне і з’яўляюцца асновай для забеспячэння тэхналагічнага, харчовага суверэнітэту, развіцця экспарту.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА