Жывы зварот і жывая рэакцыя
Для Віталя Уткіна час работы ў выбарчай акрузе — гэта жывыя сустрэчы, асабістыя прыёмы, выезды на тэрыторыю, тэлефонныя лініі.
На асабісты прыём да Віталя Уткіна прыходзяць людзі з самымі рознымі праблемамі. Шукаюць дапамогі ў вырашэнні паўсядзённых, але важных для іх пытанняў. Напрыклад, зварот пажылога гамяльчаніна, які не можа набыць газавы балон для дачы, бо на лецішча няма тэхнічнага пашпарта. Аказалася, такіх выпадкаў нямала. Яшчэ адзін зварот да дэпутата паступіў ад жанчыны, якая дапамагае бяздомным жывёлам. Кошт стэрылізацыі, як падзялілася жанчына, занадта высокі для валанцёраў.
— Кожны з прыведзеных зваротаў — зразумелая жыццёвая сітуацыя і за ёй стаіць канкрэтны чалавек. Мая задача не напраўляць людзей у іншыя інстанцыі, а дапамагчы, разгледзець усе законныя варыянты рашэння агучаных сітуацый і разам з адпаведнымі службовымі асобамі знайсці магчымасці аказання грамадзянам усебаковай дапамогі ў вырашэнні іх пытанняў, — тлумачыць Віталь Уткін.
Якасць жыцця людзей
Фармат «выездаў на месцы» таксама стаў для Віталя Юр’евіча звыклым: не за сталом, а ў двары, каля школы, на пляцоўцы... Побач з людзьмі і нараджаюцца рэальныя рашэнні праблем, перакананы дэпутат.
Напрыклад, жыхары мікрараёна № 18 Гомеля папрасілі добраўпарадкаваць старажытную крыніцу. Па ўспамінах старажылаў, у гады Вялікай Айчыннай вайны гэта крынічка паіла як жыхароў акупаванага горада, так і пасля вызвалення байцоў Чырвонай арміі, якія служылі на ваенным аэрадроме. Не адно дзесяцігоддзе не толькі мясцовыя, але і жыхары найбліжэйшых раёнаў прыходзяць сюды па ваду. Каля крыніцы з усталяваным вобразам Казанскай іконы Божай Маці гамяльчане арганізавалі купель.
Віталь Уткін прапанаваў заахвоціць студэнтаў БелДУТа распрацаваць канцэпцыю развіцця тэрыторыі. Ідэю падтрымалі і актывісты, і выкладчыкі.
Паралельна ідзе работа па камунальных пытаннях, якія ўзнімаюць выбаршчыкі. Сярод нядаўніх прыкладаў — дзякуючы ўзаемадзеянню з гарвыканкамам на вуліцы Малайчука зроблены новы асфальт і адрамантаваны пешаходныя дарожкі.
— Усе надзённыя праблемы выбаршчыкаў — ад камуналкі да адукацыі — так ці інакш упіраюцца ў нормы законаў. Таму так важна, каб дэпутаты ведалі жыццё людзей, былі тым незамянімым звяном паміж чалавекам і дзяржавай, — перакананы Віталь Уткін.
Адказнасць як прынцып
Асобны кірунак дзейнасці дэпутата — дабрачыннасць і падтрымка сацыяльных праектаў у сваёй акрузе. У верасні, з нагоды пачатку навучальнага года, Віталь Уткін разам з кіраўніцтвам прадпрыемстваў Чыгуначнага раёна арганізаваў перадачу матэрыяльнай дапамогі навучальным установам. Так, фінансавыя сертыфікаты атрымалі санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і сярэдняя школа № 44 імя М. А. Лебедзева.
Грамадская дзейнасць, перакананы Віталь Уткін, немагчыма без падтрымкі спорту. Сам дэпутат — уладальнік чорнага пояса і першага дана па каратэ, і гэта не проста асабістае захапленне, а частка светапогляду. Ён перакананы, што менавіта праз спорт фарміруюцца вытрымка, воля, павага да саперніка і пачуццё адказнасці. Віталь Уткін падтрымлівае работу Гомельскай абласной федэрацыі кантактнага каратэ кекусінкай, садзейнічае арганізацыі трэніровак, спаборніцтваў, паказальных выступленняў для моладзі.
— Кожная сустрэча, кожны зварот, кожная ініцыятыва — гэта частка штодзённай работы, абавязак перад людзьмі, якія даверылі прадстаўляць іх інтарэсы. Для дэпутата яго выбарчая агруга — гэта яго каманда. Калі ёсць узаемапавага, калі кожны робіць сваю справу сумленна — вынік заўсёды будзе, — рэзюмуе Віталь Уткін.
Наталля КАПРЫЛЕНКА