Як заўважыла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, сельскія тэрыторыі не могуць развівацца без прытоку маладых кадраў. Калі яны знаходзяць сабе годную працу і шляхі самарэалізацыі, то вёска будзе жыць.
У сувязі з гэтым на Гродзеншчыне вядзецца планамерная і сістэмная работа, якая садзейнічае замацаванню маладых спецыялістаў у вёсках.
На Гродзеншчыне створана нямала профільных класаў. Можна абраць медыцынскі, аграрны, педагагічны, інжынерны і іншыя кірункі. Як адзначыла Алена Пасюта, калі выпускнік ясна ўяўляе, якія перспектывы яго чакаюць у той ці іншай прафесіі, умее ставіць мэты, а побач з ім ёсць тыя, хто гатовы дапамагчы і падтрымаць у пераадоленні цяжкасцяў, то яго імкненне застацца ў прафесіі і працаваць у сельскай мясцовасці будзе перспектыўным і стабільным рашэннем.
Размова аб маладых спецыялістах не магла адбыцца без абмеркавання ўступнай кампаніі. Агучваліся розныя лічбы, але самае галоўнае — прыток кадраў ёсць. Ды гэта толькі паўсправы, складанасць заключаецца ў тым, каб утрымаць іх.
У вобласці робіцца ўсё магчымае, каб замацаванасць павысілася, ёсць нямала прыкладаў, дзе планамерная работа паказвае высокія вынікі. Напрыклад, СВК імя Сянько ў Гродзенскім раёне змог зрабіць так, што моладзь з вялікім задавальненнем застаецца працаваць тут. Як расказаў кіраўнік гаспадаркі Валерый Шумель, у нас замацаванасць 75 %.
— Калі ўзяць апошнія 10 гадоў, то мы прынялі на працу 21 маладога спецыяліста. А 75 % — гэта добры паказчык. Можна сказаць, што трое з чацвярых застаюцца і паспяхова будуюць кар’еру. Чаму маладыя людзі выбіраюць жыццё і працу ў вёсцы? Адказ — у стварэнні для іх камфортных умоў. У першую чаргу вырашаецца пытанне з жыллём. Сем’і атрымліваюць добраўпарадкаваныя кватэры, а адзінокія спецыялісты — інтэрнат. Калі чалавек жыллё арандуе, то выдаткі кампенсуе гаспадарка. Для тых, хто прыязджае з горада, праезд аплачваецца.
Безумоўна, павысіць замацавальнасць немагчыма без годнай заработнай платы. У СВК імя Сянько яна складае 3000–5000 рублёў. Тут клапоцяцца аб здароўі супрацоўнікаў і даюць медыцынскую страхоўку да 6000 беларускіх рублёў. Пасля праходжання трох гадоў супрацоўнік становіцца членам СВК і атрымлівае так званую 13-ю зарплату. Аказваецца дапамога і на старце кар’ернага шляху, маладым спецыя-лістам прадугледжаны «пад’ёмныя» ў памеры 20 базавых велічынь. Ніхто не адмяняў карпаратыўную культуру: калегі віншуюць адзін аднаго са святамі, прадугледжаны падарункі і прэміі.
Асаблівая ўвага — інтэграцыі новых супрацоўнікаў у калектыў: маладому спецыялісту прызначаюць настаўніка, які дапамагае яму асвоіцца і адчуць сябе часткай каманды. Практыка паказвае, што пры наяўнасці падтрымкі, годнай узнагароды і ўвагі да супрацоўнікаў моладзь можна ўтрымаць у сельскай мясцовасці.
На пасяджэнні зрабілі аптымістычную выснову: праблемы вырашальныя пры аб’яднанні намаганняў улад, прадпрыемстваў і жыхароў.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота «Гродзенская праўда»