Цырымонія ўзнагароджання шматдзетных жанчын Міншчыны адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Высокай дзяржузнагароды былі ўдастоены 26 жыхарак вобласці.
«У гэты святочны дзень мы аддаём даніну павагі і шчырай падзякі жанчынам, чые любоў, сіла і самаадданасць з’яўляюцца апорай сямейнага шчасця, — шматдзетным маці, — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА. — Кожная з вас — прыклад любові і клопату. Вы выхоўваеце не адно, а некалькі пакаленняў, укладваючы душу ў кожнае дзіця, фарміруючы адказных і годных грамадзян нашай краіны».
Прыбраныя, усмешлівыя і вельмі абаяльныя — каля 30 жанчын з усёй Магілёўскай вобласці прымалі віншаванні з Днём маці, тром з іх ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі ордэн Маці. Віншуючы жанчын са святам, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі адзначыў, што для кожнага чалавека Дзень маці — асаблівая падзея, бо гэта даніна павагі самай дарагой жанчыне на свеце — маме.
Асаблівыя словы ўдзячнасці Сяргей Савіцкі выказаў тым жанчынам, чые дамы сталі роднымі для ўсыноўленых і ўзятых на выхаванне дзяцей. Іх шчаслівы дзіцячы смех — гэта будучыня краіны, упэўнены ён. Дарэчы, у Магілёўскай вобласці пражываюць больш за 12,5 тысячы шматдзетных сем’яў. За 9 месяцаў 2025 года нарадзілася каля 4,5 тысячы дзяцей. 711 сем’ям рэгіёну прызначаны мацярынскі капітал. Сёлета 71 жыхарка Магілёўскай вобласці ўдастоена ордэна Маці.
На ўрачыстым прыёме ў абласным цэнтры 14 прадстаўніц Гомельшчыны ўзнагародзілі ордэнам Маці. Са святам жыхарак вобласці павіншаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко: «Дзіцячае шчасце пачынаецца з бацькоўскага поспеху. Сэрца маці, якая любіць, і надзейнае моцнае плячо бацькі служаць душэўнай прыстанню і апорай на працягу ўсяго нашага жыцця. Невыпадкова па прапанове нашага Прэзідэнта 21 кастрычніка адзначаецца Дзень бацькі, а паміж Днём бацькі і гэтай датай беларусы адзначаюць Тыдзень бацькоўскай любові. Гэта час, калі асабліва важна прамовіць простыя, але такія неабходныя словы: «Дзякуй, мама! Дзякуй, тата!»
Як нагадаў кіраўнік рэгіёна, на Гомельшчыне з кожным годам расце колькасць шматдзетных сем’яў — сёння ў нас іх 19 тысяч.
Урачысты прыём жанчынам, якія годна нясуць высокі статус маці, зладзілі і на Віцебшчыне. Уручаючы ўзнагароды, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін паведаміў, што каля 7 тысяч жанчын з паўночнага рэгіёна штогод нараджаюць дзяцей: «Мы сёння ўшаноўвалі шматдзетныя сем’і, якіх на тэрыторыі толькі нашай вобласці больш за 12 тысяч. За іх плячыма — велізарная праца! Напэўна, гэта і ёсць працоўны подзвіг, які складана апісаць і цяжка ўявіць тым, хто гэтым не займаўся. Таму ім вялікі дзякуй, цярпення і здароўя. Няхай усё атрымліваецца і дома, і на працы, — пажадаў губернатар Віцебшчыны. — У нас традыцыйна каля 7 тысяч мам штогод становяцца ў чарговы раз маці, з іх каля сотні нараджаюць двайнят. І гэта выдатна. Сёлета 37 ордэнаў Маці атрымалі жанчыны Віцебшчыны. А ў цэлым іх ужо 1145».
У Гродзенскай вобласці Тыдзень бацькоўскай любові стартаваў з урачыстага прыёму сем’яў з усіх раёнаў у палацава-паркавым комплексе «Вялікі Свяцк Валовічаў». Героямі свята сталі шматдзетныя бацькі, пераможцы творчых, спартыўных і іншых конкурсаў, тыя, чые дзеці дасягнулі значных поспехаў у розных сферах — працоўнай, навуковай, грамадскай. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак уручыў жанчынам ордэны Маці. А на Брэстчыне жыхары Пружан атрымалі ў падарунак будынак жаночай кансультацыі і педыятрычнае аддзяленне паліклінікі.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Святлана ЯКАЎЛЕВА