Паспець у «залатыя» гадзіны
Штогод у Беларусі з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту ў стацыянары паступае каля 41 тысячы чалавек. Каля 85 % інсультаў — ішэмічныя (пры іх тромб ці эмбал перакрывае прасвет цэрэбральнай артэрыі), і толькі каля 15 % — гемарагічныя (калі адбываецца разрыў сасуда і кроў трапляе ў рэчыва галаўнога мозгу ці пад яго абалонкі, адпаведна наступствы куды больш цяжкія).
— Такія суадносіны — пэўнае дасягненне нашай сістэмы аховы здароўя. Дзякуючы таму што праводзяцца дыспансерызацыі, людзі ведаюць пра свае хранічныя хваробы, імкнуцца змагацца з імі і кантралююць, гемарагічных інсультаў у нас усяго 15 %. Напрыклад, у краінах Цэнтральнай Азіі гемарагічных інсультаў больш за палову, — адзначае загадчык аддзела неўралогіі і нейрахірургіі МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, галоўны пазаштатны ангіянеўролаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей МАРЧАНКА.
Для пацыентаў з інсультам неўралагічныя аддзяленні функцыянуюць у стацыянарах розных гарадоў. У Мінску, напрыклад, такіх бальніц усяго тры. У цэлым жа з 35 бальніц у краіне 24 аснашчаны ангіёграфамі. У іх маецца больш за 2 тысячы ложкаў для інсультных пацыентаў, з іх звыш 160 — рэанімацыйныя. Гэтай колькасці цалкам дастаткова.
Дапамога пацыентам з інсультам аказваецца паэтапна. Пры з’яўленні першых сімптомаў (сярод самых распаўсюджаных — перакошаны твар, слабасць у руцэ і пагаршэнне маўлення) варта неадкладна выклікаць хуткую дапамогу. Аператар «103» высвятляе сімптомы і накіроўвае брыгаду медыкаў. На сёння ў краіне своечасова па медыцынскую дапамогу — у так званыя «залатыя» 4,5 гадзіны ад пачатку сімптомаў — звяртаецца ўсяго 25–30 % пацыентаў. З дапамогай праграмы сацыяльнай рэкламы, якую мяркуецца запусціць, медыкі спадзяюцца палепшыць сітуацыю з раннімі зваротамі, што дасць эфект і ў лячэнні.
«Зялёны» калідор
Пры своечасовым звароце, калі пацыент знаходзіцца ў тэрапеўтычным акне, для яго арганізуюць так званы «зялёны» калідор, які дазваляе не губляць ні хвіліны каштоўнага часу ні на адным з этапаў. Яшчэ падчас транспарціроўкі медыкі тэлефануюць у стацыянар, дзе загадзя рыхтуюцца аказваць дапамогу. У прыёмным аддзяленні не толькі робяць неабходныя аналізы, але і вырашаюць пытанне правядзення рэперфузійнай тэрапіі. Адзін з яе варыянтаў — механічная тромбэктамія, калі з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў праз невялікі доступ у цэрэбральную артэрыю тромб выдаляюць. Але гэта методыка магчымая толькі на вялікіх магістральных артэрыях. Яшчэ больш шырока прымяняецца трамбалізіс, ён магчымы на сасудах любога дыяметра.
Праўда, трамбалізіс вымагае зладжаных і хуткіх дзеянняў. У МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі больш чым палова пацыентаў атрымлівае яго на працягу першай гадзіны, 30 % — на працягу 45 хвілін.
— Чым хутчэй спрацуем, тым лепшыя вынікі, — кажа Сяргей Марчанка. — Пры своечасовым трамбалізісе 75–80 % пацыентаў на момант выпіскі са стацыянара сімптомаў інваліднасці не маюць ці выходзяць з мінімальнымі парушэннямі, якія не ўплываюць на іх паўсядзённае жыццё.
Роўныя магчымасці для рэгіёнаў
У апошнія гады рэперфузійная тэрапія перажывае бурны рост. У 2024 годзе ў краіне яе атрымалі амаль 4 тысячы пацыентаў, а сёлета за 9 месяцаў — ужо 3,7 тысячы. Сёлета істотна павялічылася колькасць тромбэктамій: за 9 месяцаў іх выканана больш, чым за ўвесь 2024 год. У МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі каля 30 % пацыентаў з ішэмічным інсультам атрымліваюць трамбалізіс або тромбэкстракцыю, па краіне гэта лічба складае 15 %. Аднак рэгіёны паступова падцягваюцца: напрыклад, Віцебская вобласць па гэтым паказчыку ў хуткім часе дагоніць Мінск. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы падрыхтоўцы спецыялістаў. Больш як 300 неўролагаў прайшлі адпаведнае навучанне методыкам рэперфузійнай тэрапіі на базе МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі за апошнія тры гады.
Яшчэ адна навацыя цэнтра — першы ў краіне інсультны блок, адкрыты два гады таму. Гэта аддзяленне кароткатэрміновага знаходжання, дзе пацыенты, якія не маюць патрэбы ў рэанімацыі, знаходзяцца ад 24 гадзін да 3-4 сутак пад назіраннем медперсаналу.
— Дзякуючы актыўнаму назіранню і своечасоваму рэагаванню на розныя праблемы нам сур’ёзна ўдалося знізіць лятальнасць і пашырыць прымяненне рэперфузійнай тэрапіі, — адзначае намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Вадзім МАЦЮШКО, дадаючы, што распаўсюдзіць вопыт такіх аддзяленняў плануецца на ўсю краіну.
Паводле аналізу медыкаў, інсульт не маладзее. За 11 апошніх гадоў колькасць гэтых захворванняў у людзей ад 18 да 44 гадоў нязменна складае ўсяго каля 3,7 %. А вось «унёсак» пацыентаў ва ўзросце 75+ — 37 %. Пры гэтым уплывае не толькі і не столькі ўзрост, колькі лад жыцця. Фактары рызыкі інсульту даўно вядомыя: артэрыяльны ціск (больш за 95 % пацыентаў з інсультам пакутуюць ад высокага ціску), халестэрын, лішняя вага, арытмія, цукровы дыябет, курэнне, злоўжыванне алкаголем, начныя апноэ і маларухомы лад жыцця.
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА