Top.Mail.Ru

Праграма развіцця краіны да 2030 года і функцыянаванне навукі. Пра што Прэзідэнту дакладвалі кіраўнікі Нацбанка і Акадэміі навук

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рамана Галоўчанкі і старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Караніка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. 


Цэнтральнай тэмай даклада кіраўніка Нацбанка стала дапрацоўка Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года. Раман Галоўчанка — кіраўнік створанай па распараджэнні Прэзідэнта рабочай групы, якая гэтым займаецца. Да 1 лістапада дапрацаваны дакумент павінен быць прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. 29 кастрычніка Прэзідэнт заслухаў даклад аб асноўным змесце праграмы, ключавых галінах і сферах, на якіх зроблены акцэнт. У канчатковым выглядзе дакумент плануецца вынесці на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу, пасяджэнне якога пройдзе 18 і 19 снежня гэтага года. 

Яшчэ адной тэмай даклада Рамана Галоўчанкі стала работа па практычнай рэалізацыі даручэнняў, дадзеных на нарадзе Прэзідэнта з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў, якая прайшла ў сярэдзіне верасня. У прыватнасці, рэалізацыя задачы па большай уцягнутасці банкаўскай сістэмы ў эканамічнае развіццё краіны. Гэта і рэсурсная база, і пытанні інфляцыі.

Кіраўнік Нацбанка далажыў аб выпрацаваных рашэннях па праблемных пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Нацбанка. У прыватнасці, па тэмах, якія маюць грамадскі рэзананс і па зваротах беларусаў. 

«Кожны беларус павінен разумець, якой будзе краіна праз пяць гадоў»

У гутарцы з журналістамі Раман Галоўчанка адзначыў, што работа над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця выканана вялікая. «Трэба адзначыць, што ў дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця актыўна ўдзельнічаюць не толькі члены рабочай групы, але мы інтэгруем туды ўсе рацыянальныя прапановы, якія паступаюць ад іншых крыніц — гэта і прапановы дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, і прапановы, якія паступілі ў рамках праекта „Народная пяцігодка“. Усё, што можна адтуль узяць карыснае і надзённае, мы інтэгруем. Я далажыў Прэзідэнту аб структуры праграмы, аб тых прыярытэтах, якія мы прапануем закласці ў яе аснову, і пра тое, як будзе ацэньвацца выкананне, хто будзе адказваць за кожны канкрэтны кірунак, якія механізмы будуць выкарыстоўвацца для дасягнення праграмы», — расказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, праграма атрымалася дастаткова комплекснай і вертыкалізаванай, у дакуменце ўсё ўзаемаўвязана. «Дакумент павінен адпавядаць праграмным дакументам больш вышэйшага парадку, гэта і нацыянальныя мэты ўстойлівага развіцця нашай краіны, і перадвыбарная праграма Прэзідэнта — усё павінна быць узаемаўвязана. І самае галоўнае — даступна і зразумела», — удакладніў кіраўнік Нацбанка. 

000021_1761732637_745736_big.jpg

Раман Галоўчанка зрабіў акцэнт на тым, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця як праграма развіцця грамадства і дзяржавы павінна быць зразумелай не толькі для чыноўнікаў, адказных за яе выкананне, але і для ўсіх грамадзян. Кожны беларус павінен разумець, якой мы бачым краіну праз пяць гадоў. 

Кіраўнік рабочай групы заўважыў, што прагназаванне сацыяльна-эканамічнага развіцця ўласціва ўсім дзяржавам, але ёсць спецыфіка. Дзесьці да гэтага падыходзяць больш агульна, у апісальнай форме расказваюць, якой кіраўніцтва бачыць краіну — прадстаўляюць «бачанне». Ёсць падыходы больш дакладныя з лічбамі, канкрэтнымі індыкатарамі, задачамі. Напрыклад, Кітайская Народная Рэспубліка вельмі старанна і выверана падыходзіць да стварэння такіх дакументаў. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, беларускія спецыялісты выкарыстоўвалі і некаторыя напрацоўкі з кітайскага вопыту сістэмы сацыяльна-эканамічнага прагназавання развіцця краіны. «Мне здаецца, у нас атрымалася гэта зрабіць. Мы выразна абмалявалі механізмы, інструменты, задачы і індыкатары, па якіх будзем ацэньваць паспяховасць выканання той ці іншай задачы», — удакладніў ён. 

Прэзідэнт, адпраўляючы праект праграмы на дапрацоўку, звяртаў увагу на тое, што яна павінна быць, па-першае, рэалістычнай, па-другое, канкрэтнай і, па-трэцяе, зразумелай. З патрабаванняў кіраўніка дзяржавы і зыходзілі. Раман Галоўчанка адзначыў, што пасля ўнясення дакумента на разгляд Прэзідэнта ў вызначаны тэрмін, работа над ім не скончыцца, яна будзе працягвацца, аж да вынясення на УНС. «Яшчэ пройдзе абмеркаванне з дэлегацыямі ад рэгіёнаў, магчыма, яшчэ нейкі фармат будзе. Мы нацэленыя на тое, каб гэтая праграма была даступнай, зразумелай, канкрэтнай, і хочам, каб кожны чалавек у нашай краіне разумеў, якой краіна будзе праз 5 гадоў у 2030-м», — адзначыў кіраўнік рабочай групы. 

Інвестыцыйнае крэдытаванне расце, а інфляцыя запавольваецца 

На нядаўняй нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў Прэзідэнт арыентаваў банкі на фінансавую падтрымку эканомікі. Тады Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы і па іншых кірунках. Ключавыя блокі — цэнавая стабільнасць, фінансавая стабільнасць, падтрымка эканомікі банкаўскай сістэмай, укараненне новых тэхналогій, лічбавізацыі банкаўскай сферы ў інтарэсах кліентаў. Сёння кіраўнік дзяржавы цікавіўся, якія яго даручэнні ўжо выкананы, над якімі работа яшчэ вядзецца. 

«Што датычыцца рэсурснай падтрымкі эканомікі, то я праінфармаваў Прэзідэнта, што ў гэтым годзе задача рэалізуецца даволі паспяхова — банкі за 9 месяцаў павялічылі аб’ём крэдытавання эканомікі на 14 працэнтаў. Асабліва адзначу, што хуткімі тэмпамі расце інвестыцыйнае крэдытаванне. І гэта таксама не само сабой узялося, гэта мэтанакіраваная палітыка Нацыянальнага банка менавіта па стымуляванні інвестыцыйнага крэдытавання. І на сёння за 9 месяцаў мы выдалі на 4,5 мільярда рублёў інвестыцыйных крэдытаў — гэта практычна на 60 % больш, чым у мінулым годзе. У прынцыпе цяпер ліквіднасць у банкаўскай сістэме знаходзіцца на даволі добрым узроўні. Рэсурсная база складае больш за 150 мільярдаў рублёў, і банкаўская сістэма гатовая крэдытаваць па прымальных стаўках любыя праекты (натуральна, акупныя), прапанаваныя рэальным сектарам эканомікі», — расказаў Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, Нацыянальны банк увёў спецыяльны нарматыў менавіта па стаўках на інвестыцыйныя крэдыты для таго, каб зрабіць іх больш даступнымі і прывабнымі. 

000021_1761733532_745738_big.jpg

«Мы не забываем пра крэдытаванне фізічных асоб, хоць мы прымалі некаторыя меры, каб „засушыць“ неабумоўленае спажывецкае крэдытаванне, а акцэнт зрабілі на крэдытаванні набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. І на сёння такіх крэдытаў выдадзена ўжо на суму больш за мільярд рублёў, што на 23 % больш, чым за 9 месяцаў мінулага года», — дадаў кіраўнік Нацбанка. 

Што датычыцца інфляцыі, то Раман Галоўчанка адзначыў тэндэнцыю на запаволенне. У чэрвені гэтая лічба раўнялася 7,4 %, у верасні гадавы прырост спажывецкіх цэн запаволіўся да 7,1 %. «Вядома, гэта крыху вышэй за нашу мэту — 5 %. Але тут сваю ролю адыгралі разавыя фактары. Гэта і рост цэн у вытворцаў, і пэўны перанос інфляцыі з нашага асноўнага эканамічнага партнёра, Расійскай Федэрацыі. Цяпер асноўным драйверам росту цэн з’яўляецца харчовая група тавараў, асабліва сезонныя гародніна і садавіна. Цэны на нехарчовыя тавары растуць тэмпамі, якія істотна ніжэйшыя за пяціпрацэнтны парог. Вялікай рызыкі ўзмацнення інфляцыйных працэсаў не бачым. Больш за тое, так званая трэндавая, або „впередсмотрящая“ інфляцыя, якая разлічваецца намі з дапамогай спецыяльных методык, расчышчаных ад нейкіх кан’юнктурных фактараў, цяпер знаходзіцца на ўзроўні 6 %. Я мяркую, што прыкладна на гэтым узроўні мы павінны выйсці да канца года», — расказаў Раман Галоўчанка.

Кіраўнік Нацбанка далажыў Прэзідэнту аб выпрацаваных рашэннях па праблемных пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Нацбанка. Грамадскі рэзананс выклікалі такія пытанні, як навязванне банкамі страхавых паслуг, неабгрунтаванае збіранне тых ці іншых камісійных узнагарод. Асабліва народ абураўся складанасцям са здачай так званых старых долараў ЗША, што ўскладняла правядзенне валютна-абменных аперацый. Раман Галоўчанка адзначыў, што тыя пытанні, якія патрабавалі хуткага рэагавання, выкананыя. Некаторыя носяць больш доўгатэрміновы характар. 

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што пытанне аб навязванні страхавых паслуг не з’яўляецца для банкаўскай сферы сістэмным. «Гэта, магчыма, адзінкавыя факты альбо трактоўка з боку грамадзян тых паслуг, якія банкамі прапануюцца, — сказаў ён. — Мы не фіксуем масавых скаргаў або зваротаў ад грамадзян менавіта з гэтай прычыны, а работа банкаў і аналіз зваротаў грамадзян знаходзяцца ў нас на пастаянным кантролі. Мы бачым не толькі скаргі і звароты, якія паступаюць у Нацбанк, але і тыя звароты, якія накіроўваюцца непасрэдна ў камерцыйныя банкі. Мы іх таксама кантралюем, глядзім». Што датычыцца навязвання страхавых паслуг, Раман Галоўчанка заўважыў, што тут трэба дакладна дыферэнцыраваць менавіта навязванне ад банкаўскага маркетынгу. Напрыклад, калі чалавек прыходзіць аформіць крэдыт, яму могуць прапанаваць страхоўку як спадарожную паслугу, ад якой можна адмовіцца. Навязваннем можна лічыць, калі чалавека запэўніваюць, што застрахавацца можна толькі ў банку. Раман Галоўчанка падкрэсліў, што прапанова страхавых паслуг больш зроблена для зручнасці кліентаў банкаў. І гэту прапанову можна прыняць, а можна ад яе адмовіцца. 

Па словах кіраўніка Нацбанка, цяпер людзі больш пытанняў задаюць аб кошце і апраўданасці тых ці іншых камісійных узнагароджанняў, якія спаганяюцца банкамі. Гэта пытанне падымалася і на нарадзе з кіраўніком дзяржавы. Па словах Рамана Галоўчанкі, работа над яго вырашэннем разгорнута вельмі сур’ёзная. Што датычыцца валютна-абменных аперацый, гэта пытанне раней ужо атрымала рашэнне — з 1 кастрычніка змякчылі патрабаванні да плацежаздольнасці банкнот. Іх прымаюць, нават калі валюта свеціцца ва ўльтрафіялеце.

photo_2025-10-29_14-13-33.jpg

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік далажыў кіраўніку дзяржавы аб ходзе падрыхтоўкі сустрэчы Прэзідэнта з навуковай грамадскасцю. Было падкрэслена, што навуковая сфера ў тым ліку павінна ўнесці свой значны ўклад у рэалізацыю задач па развіцці краіны ў будучай пяцігодцы. Акцэнт — на практыкаарыентаваныя распрацоўкі, узмацненне сувязі навукі і вытворчасці, імпартазамяшчэнне і нарошчванне экспартнага патэнцыялу, засваенне запатрабаваных у рэальным сектары інавацыйных кірункаў. Кіраўнік НАН таксама праінфармаваў Прэзідэнта аб канкрэтных праектах і напрацоўках, па тэматыцы якіх раней даваліся даручэнні кіраўніка дзяржавы.

Расце дзяржаўная падтрымка навукі — узрастае адказнасць навукоўцаў

Вялікая нарада Прэзідэнта Беларусі з навуковай грамадскасцю краіны будзе праведзена да канца 2025 года. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўжо вядзецца падрыхтоўка да гэтага маштабнага значнага мерапрыемства. Гэта будзе сустрэча не толькі з акадэмічнай навуковай грамадскасцю. Патрабаванне Прэзідэнта — каб гэта было з удзелам прадстаўнікоў універсітэцкай, галіновай навукі, усіх прадстаўнікоў навуковай сферы. 

000022_1761733275_745740_big.jpg

«Мы павінны забяспечыць больш цесную інтэграцыю навукі і вытворчасці, навукі і адукацыі для таго, каб тэхналагічныя ланцужкі „ідэя — фундаментальнае даследаванне — прыкладныя даследаванні — укараненне“, а таксама „адукацыя — навука — вытворчасць“ працавалі найбольш эфектыўна. Паколькі патрабаванне цяперашняга часу — хуткае ўкараненне навуковых распрацовак у практыку, што дазваляе забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт», — раскрыў некаторыя падрабязнасці Уладзімір Каранік у размове з журналістамі. 

Маючую адбыцца нараду кіраўнік НАН назваў знакавай падзеяй у развіцці навукі нашай краіны, паколькі за ўсе гады незалежнасці Беларусі навука знаходзілася пад пільнай увагай дзяржавы і гэта тэндэнцыя захаваецца і надалей. «Калі паглядзець прагнозныя дакументы па бюджэце на наступны год, фінансаванне навуковай сферы плануецца павялічыць на 22 %. Калі паглядзець больш аддаленую перспектыву — на праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, — то ў бліжэйшыя пяць гадоў плануецца павялічыць навукаёмістасць ВУП у два разы», — сказаў Уладзімір Каранік. Ён зрабіў акцэнт на тым, што такія сур’ёзныя меры падтрымкі патрабуюць ад навукоўцаў павышэння адказнасці, росту эфектыўнасці функцыянавання як сферы ў цэлым, сістэмы кіравання фінансаваннем, так і эфектыўнасці навуковых распрацовак. «Мы павінны імкнуцца атрымліваць новыя веды ў рамках фундаментальных даследаванняў. Але практыкаарыентаванасць, імпартазамяшчэнне, забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту краіны — гэта тое, на што нам неабходна зрабіць акцэнт. Гэта патрабаванне сённяшняга і, я ўпэўнены, заўтрашняга дня», — падкрэсліў кіраўнік НАН.

000022_1761733521_745744_big.jpg

Паралельна з падрыхтоўкай да нарады вядзецца работа па ліквідацыі недахопаў у рабоце НАН, на якія раней звяртаў увагу Прэзідэнт. На некаторыя з іх указвала і рабочая група па аналізе дзейнасці НАН, створаная па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў 2024 годзе. «У цесным кантакце з прадстаўнікамі рабочай групы, з Саветам Міністраў падрыхтаваны прапановы, якія датычацца ўдасканалення механізмаў фінансавання і павелічэння мер падтрымкі вучоных, па аптымізацыі структуры НАН», — расказаў старшыня Прэзідыума НАН. Гэтыя прапановы, паводле яго слоў, узгоднены з усімі зацікаўленымі і вынесены на ўзровень кіраўніка дзяржавы. Зараз сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта праводзіцца іх дапрацоўка. «Мы вельмі спадзяёмся, што да вялікай нарады мы выйдзем ужо з гатовымі рашэннямі, каб і кіраўнік дзяржавы, і навуковая грамадскасць разумелі, куды будзе развівацца навука, якімі будуць кіраўніцкае ядро НАН і прыярытэтныя кірункі, на што будзе зроблены акцэнт і з дапамогай якіх механізмаў эфектыўнасць работы НАН будзе павышана», — дадаў Уладзімір Каранік.

У цяперашні час Беларусь па навукаёмістасці ВУП (а яна ацэньваецца ў адносных лічбах, бо складаецца з розных крыніц фінансавання) займае другое месца ў СНД, на першым — Расія. Кіраўніком дзяржавы ставіцца задача гэты паказчык павялічваць, імкнуцца да найлепшых сусветных практык. Аднак, удакладніў Уладзімір Каранік, гэта не значыць, што ўсё вырашаецца толькі грашыма. Без стройнай сістэмы, якая будзе забяспечваць эфектыўнасць, выніковасць работы, толькі павелічэнне фінансавання не прывядзе да значных станоўчых зрухаў. 

Прэзідэнт не раз выразна выказваў сваё патрабаванне — навукоўцы павінны разумець, што адказнасць за эфектыўнасць іх работы будзе ўзрастаць гэтак сама, як будзе ўзрастаць іх падтрымка з боку дзяржавы. 

lab.assistant.picture.jpg

Падчас даклада Прэзідэнту размова ішла таксама аб канкрэтных кірунках дзейнасці НАН, якія шмат у чым супадаюць з прыярытэтнымі кірункамі навуковай дзейнасці, зацверджанымі ўказам кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, у развіццё нядаўняй нарады аб стане спраў і перспектывах Віцебскай вобласці ў размове з Прэзідэнтам абмяркоўваліся канкрэтныя праекты ў аграпрамысловым комплексе (АПК) гэтага рэгіёна. Акцэнт быў зроблены на тым, што навука не павінна заставацца ў баку ад развіцця АПК не толькі Віцебскай вобласці, але і краіны ў цэлым.

«Улічваючы, што на Віцебшчыне ёсць гаспадаркі, якія кіруюцца НАН, было ўказана на тое, што неабходна, каб яны сталі прыкладамі, флагманамі Віцебскай вобласці і каб мы адпрацоўвалі там новыя перадавыя распрацоўкі, — акрэсліў кіраўнік НАН ключавыя патрабаванні Прэзідэнта. — Было пазначана, што не варта абмяжоўвацца толькі гэтымі гаспадаркамі. Мы максімальна аператыўна павінны ўкараняць распрацоўкі ва ўсіх прадстаўнікоў АПК краіны». 

Размова вялася і па канкрэтных праектах, па якіх Прэзідэнт даваў даручэнні. Гэта, у прыватнасці, праекты ў сферы ЗВЧ-электронікі і лазернай тэхнікі. «Мы падрабязна абмяркоўвалі, што неабходна яшчэ зрабіць для таго, каб гэтыя канкрэтныя навуковыя распрацоўкі і прататыпы як мага хутчэй набылі выгляд серыйных узораў і маглі маштабіравацца, выкарыстоўвацца ў розных сферах дзейнасці нашай дзяржавы», — расказаў Уладзімір Каранік.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю