Top.Mail.Ru

Выпуск новай запатрабаванай прадукцыі і развіццё экспартных паставак: Каранкевіч аб развіцці прамысловасці

29.10.2025 | 13:01

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч праінфармаваў парламентарыяў аб забеспячэнні ўстойлівай работы прамысловага комплексу ў 2025 годзе. 


Як было адзначана на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, глабальнае палітычнае супрацьстаянне выразна дэманструе, што наяўнасць уласнай развітой індустрыяльнай базы — адзін са значных фактараў сацыяльнай эканамічнай стабільнасці, забеспячэння бяспекі і незалежнасці дзяржавы. Невыпадкова прамысловасць з’яўляецца ключавой галіной эканомікі Беларусі: яна фарміруе амаль трэцюю частку валавога ўнутранага прадукту, складае тры чвэрці экспарту.

Выпуск новай запатрабаванай прадукцыі і развіццё экспартных паставак

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар КАРАНКЕВІЧ праінфармаваў парламентарыяў аб забеспячэнні ўстойлівай работы прамысловага комплексу ў 2025 годзе.

Ён паведаміў, што па даных за 8 месяцаў прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг у прамысловасці вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года на 6,4 %, чысты прыбытак — на 11,1 % і дасягнуў амаль 7,1 мільярда рублёў, рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці склала 9 %.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што асноўная задача ў сённяшніх умовах — павышэнне эфектыўнасці работы прамысловасці і забеспячэнне яе збалансаванага росту. Для гэтага вызначаны некалькі кірункаў дзейнасці, па якіх арганізавана сістэмная работа.

Сярод іх ён вылучыў наступныя.

Першы — забеспячэнне росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці і выпуск новай запатрабаванай прадукцыі.

Цяпер Беларусь прымае ўдзел у рэалізацыі 80 праектаў па замяшчэнні імпарту прадукцыі айчыннымі таварамі, інтэграцыйныя праекты з Расійскай Федэрацыяй на агульную суму больш за 150 мільярдаў расійскіх рублёў. З удзелам кітайскіх партнёраў рэалізуецца каля 60 праектаў на агульную суму заяўленых інвестыцый каля 1,6 мільярда долараў.

Другі — стварэнне ўмоў па павелічэнні паставак прамысловай прадукцыі на ўнутраны рынак.

— У рамках існуючых механізмаў падтрымкі арганізавана работа па абнаўленні парка тэхнікі айчынных прадпрыемстваў, перш за ўсё нашым аграрыям. Дадаткова ўрадам прынята рашэнне аб падтрымцы рэалізацыі буйнагабарытнай сучаснай тэхнікі, вырабленай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — паведаміў Віктар Каранкевіч.

Трэці — развіццё экспартных паставак.

— Арганізавана работа па максімальным выкарыстанні патэнцыялу краін СНД. Плануецца да канца года нарасціць станоўчую дынаміку экспартных паставак тавараў у краіны СНД за кошт выканання новых кантрактаў па пастаўках у Казахстан, Узбекістан, Азербайджан сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі вытворчасці МТЗ, Гомсельмаш, МАЗ, — адзначыў профільны віцэ-прэм’ер.

Ён дадаў, што нядрэнныя вынікі прыносіць узаемадзеянне з краінамі далёкай дугі: так, пастаўкі ў Афрыку растуць другі год запар. Экспарт прадукцыі машынабудавання на гэты кантынент вырас на 6,6 %, у прыватнасці, у 11,3 раза выраслі адгрузкі трактароў, у 4,7 раза — грузавых аўтамабіляў. 

У краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі прыраслі ў 1,5 раза, Паўднёва-Усходняй Азіі — у 1,6 раза.

Для выбудоўвання доўгатэрміновага супрацоўніцтва ствараюцца сумесныя зборачныя вытворчасці. Сёлета адкрыты зборачныя вытворчасці трактароў ва Узбекістане і ліфтавага абсталявання ў Азербайджане. У Расіі ў гэтым годзе адкрыты мультыбрэндавыя цэнтры ў Разанскай і Арлоўскай абласцях, у Рэспубліцы Башкартастан і Прыморскім краі. Усяго на канец года ў Расіі будзе функцыянаваць 11 мультыбрэндавых цэнтраў.

— У сукупнасці пералічаныя сістэмныя меры ў большай ступені дазволілі знівеліраваць знешнія негатыўныя фактары і забяспечыць работу прамысловых арганізацый у штатным рэжыме, — адзначыў Віктар Каранкевіч.

Віцэ-прэм’ер праінфармаваў таксама аб найважнейшых задачах, якія стаяць перад лёгкай прамысловасцю, дрэваапрацоўкай, нафтахіміяй, энергетыкай і мерах, якія прымаюцца па іх вырашэнні.

Што хвалюе парламентарыяў, а значыць, насельніцтва?

У размове з журналістамі старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея ЛАЗАРЭВІЧ звярнула ўвагу на тое, што парламентарыі цікавілася развіццём прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, у цэлым перспектывамі галіны.

— Стаіць задача — выйсці на прыбытковую работу, павялічыць аб’ёмы вытворчасці і наменклатуру прадукцыі, — канкрэтызавала яна. — Будзем займацца імпартазамяшчэннем, мадэрнізацыяй нашых прамысловых прадпрыемстваў, знаходзіць новыя віды прадукцыі, якія прынясуць эканамічны эфект прадпрыемствам. На парадку дня — павышэнне тэхналагічнага патэнцыялу, каб больш хутка рэа-гаваць на просьбы, пажаданні нашых спажыўцоў, бо размова ідзе аб прадукцыі штодзённага карыстання. Самае галоўнае (на гэта сарыентаваў і кіраўнік дзяржавы) — трэба ўдзяліць увагу пытанню абароны ўнутранага рынку, непасрэдна нашых вытворцаў.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Дзяніс КАРАСЬ адзначыў:

— Нягледзячы на знешнія выклікі, нашы прадпрыемствы працуюць. 

А гэта захаванне працоўных месцаў, выплата заработнай платы, падатковыя паступленні, развіццё кааперацыі паміж навукай і прамысловасцю, новая інавацыйная прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю.

Па словах парламентарыя, гэтыя пытанні заўсёды гучаць на месцах.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэй КРЫВАНОСАЎ нагадаў, што кіраўнік дзяржавы ў свой час вызначыў шэсць умоў захавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.

Самая галоўная з гэтых умоў — эканоміка, — падкрэсліў ён. — Прамысловасць, сувязь, транспарт — тэматыка, якая заўсёды хвалюе людзей. Узяць тую ж Гомельскую вобласць. Колькі мы чакалі Усходні абход (аб’язная дарога вакол Гомеля. — «Зв.») — ён цяпер працуе. Што датычыцца прамысловых тавараў, усё ў нас сваё, лішняе прадаём у іншыя краіны. Гэта і ёсць мірнае суіснаванне.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю