Памяць аб юных патрыётах захоўваецца ў музеі Обальскага камсамольскага падполля. Сёння гэта філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. А 29 кастрычніка 1965 года ён засноўваўся як Рэспубліканскі музей камсамольскай славы — філіял Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сведчыць аб тым, што менавіта супраціўленне обальскіх барацьбітоў вылучалася як найбольш яскравы і выніковы прыклад супрацьстаяння юных патрыётаў-беларусаў ненавісным акупантам.
Музею 60 гадоў. 38 гадоў яго ўзначальвала Нэлі Азоліна — родная малодшая сястра той самай Ніны Азолінай, якая 3 жніўня 1943 года ўзарвала такую неабходную для руху нямецкіх паравозаў вадакачку на стратэгічна важным чыгуначным вузле Обаль. Дзяўчына, працуючы перапісчыцай у камендатуры, пранесла ў дамскай сумачцы міну, замаскіраваную пад кавалак вугалю, і падкінула «сюрпрыз» у агульную кучу паліва.
Нэлі Азоліна ўсё жыццё прысвяціла таму, каб па макаўцы сабраць як мага больш звестак пра сястру і яе баявых таварышаў, ваенных слядах на роднай зямлі. Пра дзейнасць обальскага падполля стала вядома толькі ў 1955 годзе пасля расказаў аб ім былога камісара партызанскай брыгады імя Варашылава Барыса Маркіянава. У многім дзякуючы намаганням Нэлі Азолінай сёння музей налічвае больш як 2,5 тыс. экспанатаў.
Яна, якой на момант арышту Ніны, а заадно і іх бацькоў, было каля пяці гадоў, памятае, як іх, малых з сястрою, кінулі адных у хаце, устанавіўшы назіранне, каб выявіць, хто прыйдзе на дапамогу дзецям партызан. Суседка, рызыкуючы сабой, уначы пракрадалася праз агарод, каб карміць грудзямі немаўля Эмілечку. Ці не такія прыклады чалавечнасці, гатоўнасці да самаахвяравання дапамаглі беларусам вытрываць навалу?
Пасля вайны Нэлі жыла сярод людзей, якія, як і яна сама, насілі тыя ж прозвішчы, што і падпольшчыкі, — Барбашовы, Давыдавы, Дзяменцьевы, Езавітавы, Зяньковы, Лузгіны, Слышанковы, Шашковы. Такіх і цяпер багата ў Обалі, пераважна гэта не проста цёзкі па прозвішчы, а нашчадкі юных герояў. Яны напамяць ведаюць іх гісторыі.

...Падполле магло быць выкрыта раней фактычнага часу правалу больш чым на год. Калі б не стойкасць родных сясцёр Антаніны і Марыі Лузгіных. Летам 1942 года яны пераканалі дваіх уласаўцаў перайсці на бок партызан і пераправілі ў атрад. Але пасля знікнення былых прыспешнікаў іх сталі шукаць, пад падазрэнні трапілі дзяўчаты, і ў іх знайшлі ўласаўскую форму. Сясцёр жорстка катавалі, білі, прывязаўшы да коней за косы цягалі па Обалі. Яны не назвалі ніводнае імя. Машу і Тоню расстралялі на вачах усяго пасёлка, уключаючы маці. Забягаючы наперад, скажу, што іх магіла на грамадзянскіх могілках — адзінае дакладна вядомае месца пахавання падпольшчыкаў.
Такі акт застрашэння не спыніў «Юных мсціўцаў». З яўнай рызыкай для жыцця яны працягвалі слухаць і распаўсюджваць зводкі Савецкага інфармбюро, несучы землякам праўду пра змаганне на франтах. Яны перапраўлялі партызанам зброю, сабраную на палях баёў 1941-га. Здабывалі разведданыя, ладзілі дыверсіі: узрывалі шашу, дарогі, масты. Так, Уладзімір Езавітаў ліквідаваў буйнога чыноўніка нямецкай ваеннай адміністрацыі зондэрфюрэра Бормана. Яўген Езавітаў узарваў тры матавозы і трактар на торфазаводзе, Ілья Езавітаў — машыннае аддзяленне цагельнага завода, Зінаіда Лузгіна — ільнозавод і электрастанцыю. Мікалай Аляксееў здабыў даныя аб руху ў бок фронту эшалонаў з танкамі, на наступны дзень савецкія бамбардзіроўшчыкі знішчылі чатыры такія эшалоны. Мікалай асабіста ўзарваў на станцыі два саставы з варожай тэхнікай і запчасткамі, якія прызначаліся для захопу Сталінграда. Усяго падпольшчыкі здзейснілі больш за 20 дыверсій.
Па даносе правакатара юныя мсціўцы былі арыштаваны 26 жніўня 1943 года. Пасля жорсткіх допытаў і катаванняў дзесяць патрыётаў расстралялі, дзевяць накіравалі ў канцлагеры і катаржныя работы, адкуль яны не вярнуліся.

Апошнім заданнем Зінаіды Партновай было высвятленне лёсу схопленых таварышаў. Пасля няўдалай спробы атруціць нямецкіх афіцэраў у сталовай, дзе яна працавала, яшчэ ўлетку падпольшчыца сышла ў партызанскі атрад. Напрыканцы снежня 1943-га Зіна з дакументамі на імя работніцы льнозавода Марыі Казловай пайшла ў разведку. Але ў вёсцы Масцішча на яе звярнулі ўвагу паліцаі, схапілі і кінулі ў страшныя засценкі. Дзяўчыну збівалі, білі распаленым жалезам, заганялі пад пазногці іголкі, але нават пасля гэтых пакут яна здолела паспрабаваць уцячы, папярэдне застрэліўшы з яго ж зброі афіцэра і ахоўніка. Скатаванай падпольшчыцы не хапіла сіл. Яе зноў схапілі, здзекаваліся няшчадна: перабілі ногі і рукі, выкалалі вочы. Нечалавечыя пакуты не прымусілі Зіну стаць здрадніцай.
За подзвігі ў час Вялікай Айчыннай вайны вышэйшага звання СССР Герой Савецкага Саюза ўдастоены 92 жанчыны, у тым ліку 27 партызанак, падпольшчыц і дыверсантак. Дзве з іх — змагары обальскага падполля: 17-гадовая Зіна Партнова (пасмяротна). Яна самая юная з прадстаўніц жаночага полу, якая стала Героем Савецкага Саюза. Таксама ацэнены подзвіг кіраўніка падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» Ефрасінні Зяньковай. На момант стварэння ячэйкі супраціўлення Фрузе ледзьве споўнілася 19. Наогул усім обальскім падпольшчыкам было ад 16 да 23 гадоў.

З 38 членаў падполля на канец вайны ў жывых засталося ўсяго чацвёра. Ордэнам Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны пяць герояў: Ніна Азоліна, Марыя Дзяменцьева, Уладзімір і Яўген Езавітавы, Марыя Лузгіна — усе пасмяротна. Ордэна Айчыннай вайны І ступені ўдастоены дзесяць юных мсціўцаў: Мікалай Аляксееў, Ніна Давыдава, Надзея Дзяменцьева, Антаніна і Зінаіда Лузгіны, Фёдар Слышанкоў, Валянціна Шашкова — усе пасмяротна, а таксама Аркадзь Барбашоў, Ілья Езавітаў і Барыс Маркіянаў.
Музей у Обалі, які штогод наведваюць больш за 2 тыс. гасцей, — скарбніца «Юных мсціўцаў». Пачынае экспазіцыю рэканструкцыя даваеннага школьнага класа, бо большасць юнакоў і дзяўчат трапілі пад жорнавы вайны прама са школьных парт. Вось макет дома, на гарышчы якога Валодзя Езавітаў лавіў зводкі інфармбюро, а вось бервяно з выдзеўбанай сярэдзінай, у якім ён хаваў зброю. Тут — рэканструкцыя пакойчыка Фрузы Зяньковай, дзе нібы на танцы пад патэфон ці гармонік збіраліся падпольшчыкі. Ажурная сурвэтка, з любоўю звязаная Зінай Партновай. Макет міны, замаскіраванай пад кавалак вугалю, побач з сумачкай Ніны Азолінай, у якой яна і пранесла яе да вадакачкі. Сукенка Зіны Лузгіной сведчыць: яны былі не волатамі, а далікатнымі дзяўчаткамі з тонкімі таліямі і вузкімі плячыма. І партрэты юных герояў. Фатаграфіі ўстарэлі, падпольшчыкі — не паспелі.
Экскурсія па невялікім музеі такая ж кароткая і такая ж змястоўная, як іх жыццё, аддадзенае за наш светлы дзень.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
фота аўтара