Top.Mail.Ru

Будзе налета... Але не на гэта

29.10.2025 | 10:09

Сёлета хіба хворы ці апошні лайдак не схадзіў у лес па лісічкі! Людзі збіралі — хто на продаж, хто на харч. Выгадна: адварыў, насмажыў ды ў маразілку. Зімой як знойдзеш: трохі бульбачкі, трохі груцы, пару лыжак лісіц — і суп на стале. Калі шмат, можна да бліноў падаваць, начыняць пірагі... Рыжымі (ды яшчэ і маладзенькімі) аніводнай стравы не сапсуеш!


Ды пакуль назбіраеш...

Тут, мусіць, толькі Уладу шанцуе, знаёмцу майму. Хата яго ў нізінцы стаіць, і туды, па спадзістым схіле, маладыя дубочкі з лесу «бягуць» — разам з грыбніцай. Гаспадар нават палівае яе, каб лепей радзіла: то-бок, сам, на сваім жа падворку, вырошчвае лісічкі.

Праўда, неяк раз недагледзеў: галоўнае — дома быў і не ўбачыў, як хтосьці апярэдзіў, усе чыста сабраў!

Пасля гэтага — удосталь насварыўшыся — Улад схадзіў да ракі, насек лазовых калкоў, убіў у зямлю, абвязаў вяроўчынай. Загарадзіў, карацей. І нават шыльду павесіў: «Прыватная ўласнасць! Уваход забаронены».

...Кажуць, нашым людзям забараняць — што неба фарбаваць. Але ж да лета дажывём — паглядзім.

Ірына Салата,

г. Гродна.

P. S. Нядаўнім чытачам, падпісчыкам «Звязды», мусіць, варта паведаміць, што клопатам якраз іх, чытачоў-падпісчыкаў, рубрыка «Алё, народ...» (не так даўно — з дадаткам «на провадзе!») выходзіць... трэцяе дзесяцігоддзе (!), што ўсе «вясёлыя і цікавыя гісторыі» ў рэдакцыю прыносіць пошта, і друкуюцца яны ў межах конкурсу на найлепшую...

Журы працуе. Пераможцы вызначаюцца на фінішы года. А пакуль — далучайцеся! З усіх жывёл — пісаў Хемінгуэй — толькі чалавек умее смяяцца, хоць якраз у яго для гэтага найменей падстаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю