Top.Mail.Ru

Да 2030 года плануецца не менш як 70 працэнтаў адходаў выкарыстоўваць паўторна

Праблема адходаў з’яўляецца адной з найбольш вострых у свеце. Няправільнае абыходжанне з імі прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршэння якасці вады, паветра, глебы і, як следства, негатыўна адбіваецца на здароўе чалавека. Аб прымаемых дзяржавай мерах і дасягненнях у сферы абыходжання з камунальнымі адходамі расказалі спецыялісты


Аб’ём утварэння цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) у 2024 годзе склаў 4,3 млн тон. З іх вывезена і прынята ад насельніцтва і арганізацый 3,5 млн тон. Нарыхтавана асобна сабраных другасных матэрыяльных рэсурсаў 800 тысяч тон.

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім ТАРАСАЎ, да 2030 года плануецца выкарыстоўваць ЦКА не менш за 70 %. Дасягнуць дадзеных паказчыкаў мяркуецца за кошт прыняцця розных мер: вызначэння адзінага дзяржоргана, які ажыццяўляе рэгуляванне і кантроль у сферы абыходжання з адходамі, выпрацоўкі адзіных падыходаў да абыходжання з адходамі, устанаўлення пераліку відаў прадукцыі, пры вытворчасці якой неабходна выкарыстоўваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы (ДМР). Працягнецца ўдасканаленне сістэмы сартавання і захавання ЦКА, мадэрнізацыя кантэйнераў і смеццявозаў і інш.

Шэраг мер ужо рэалізуецца. 

У прыватнасці падрыхтаваны праект закона, якім уносяцца карэкціроўкі ў сферу абыходжання з адходамі. Прадугледжаны і іншыя заканадаўчыя навацыі, накіраваныя на больш шырокае выкарыстанне ДМР у вытворчасці, кантроль эксплуатацыі палігонаў, прадухіленне несанкцыянаваных звалак. Узмоцнены кантроль у сферы абыходжання з адходамі.

— Па аператыўных даных, за 9 месяцаў 2025 года ў Беларусі сабрана і накіравана на перапрацоўку 691 тысяча тон ДМР. Гадавы план, даведзены да рэгіёнаў і Мінска, выкананы на 71 %, — распавёў начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей ФІЛАНОВІЧ. — У цэлым па краіне больш за ўсё ДМР за гэты перыяд сабрана ў Мінску (164 тысячы тон) і Гомельскай вобласці (103 тысячы тон).

Паводле слоў прадстаўніка Мінжылкамгаса, зараз у краіне функцыянуюць 85 аб’ектаў, прызначаных для сартавання ЦКА і ДМР. Яны дазваляюць сартаваць каля 1,5 млн тон адходаў — 40 % ад аб’ёму вывезеных і прынятых адходаў, якія падлягаюць сартаванню. У Мінску, абласных цэнтрах, Баранавічах, Оршы, Бабруйску і Наваполацку дзейнічае 10 буйных смеццесартавальных комплексаў, у раёнах — 75 ліній па сартаванні.

— На лініях прадугледжана ручное сартаванне з адборам некалькіх фракцый ДМР, асноўныя з якіх — адходы паперы, кардону, шкла, ПЭТ-бутэлькі, поліэтылен, метал, — расказаў Аляксей Філановіч.

Смеццесартавальныя комплексы ў такіх гарадах, як Брэст, Баранавічы, Віцебск аснашчаны сучаснымі аптычнымі сепаратарамі, якія распазнаюць матэрыял па велічыні, форме, структуры, колеры і дазваляюць у паў- і аўтаматычным рэжымах аддзяляць віды ВМР.

Дарэчы, у апошнія гады развіццё магутнасцей для сартавання ЦКА, расказаў спецыяліст, адбывалася па шляху аб’яднання некалькіх раёнаў у адзіную зону са стварэннем у найбольш буйным з іх агульнага смеццесартавальнага комплексу, куды накіроўваюцца ўсе адходы. Цяпер ужо функцыянуюць тры такія рэгіянальныя аб’екты: у Брэсце, Баранавічах і Оршы. Сёлета да іх далучыліся комплексы, створаныя для бабруйскай зоны абслугоўвання і Мінска. Будуюцца такія аб’екты ў Гомелі і Ваўкавыскім раёне, на завяршальнай стадыі будаўніцтва — аб’ект у Наваполацку.

Александрына ПАРШЫНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю